Жыць і памятаць

- 15:03Выхаваўчая прастора

Менавіта так называецца навукова-даследчы праект, над якім працуюць навучэнцы гімназіі № 45 Гомеля імя Блеза Паскаля. Дзевяць гадоў назад у рамках міжнароднага праекта CORE ў гімназіі быў арганізаваны гурток па радыеэкалогіі пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі Наталлі Мікалаеўны Часнаковай і настаўніцы французскай мовы Вольгі Віктараўны Жытнікавай.

З кампетэнтнай падтрымкай

Заняткі наведваюць ад 10 да 15 навучэнцаў. Яны знаёмяцца з дазіметрычнымі прыборамі, іх прызначэннем, вучацца разбірацца ў асноўных адзінках вымярэння радыяцыі. Усе гэтыя веды служаць асновай для выканання практычных работ, у тым ліку для Інстытута радыялогіі МНС Рэспублікі Беларусь, з якім навучэнцы актыўна супрацоўнічаюць, для французскай асацыяцыі па радыелагічным кантролі (CEPN), якая аказвае актыўную падтрымку гуртку на міжнародным узроўні і мае багаты вопыт грамадскай дзейнасці ў галіне радыелагічнага кантролю і інфармавання насельніцтва.

Дзеці самастойна праводзяць вымярэнні знешняга фону ў будынку гімназіі, у школьным двары. Як паказвае практыка, узровень радыяцыі ў навакольным асяроддзі не перавышае дапушчальнага ўзроўню і не залежыць ад пары года.

Практычныя заняткі ўключаюць у сябе і вызначэнне ступені канцэнтрацыі радыенуклідаў у прадуктах харчавання, паколькі ва ўмовах пражывання на забруджанай тэрыторыі гэтая праблема застаецца актуальнай. Магазінная прадукцыя праходзіць абавязковы радыяцыйны кантроль — гэта значыць рызыка ўжыць прадукты з павышаннай колькасцю цэзію-137 зводзіцца да нуля. Аднак з-за традыцый многія людзі працягваюць займацца паляваннем, рыбнай лоўляй і зборам грыбоў і ягад, не вымяраючы, як правіла, узровень радыяцыі. Менавіта гэтая праблема лягла ў аснову цыкла навукова-даследчых работ навучэнцаў, якія наведваюць гурток.

Мэта адна, задачы розныя

Асноўнай мэтай нашай даследчай работы з’яўляецца вызначэнне колькасці Cs-137 у прадуктах харчавання. За гады нашай дзейнасці навучэнцы даследавалі грыбы, ягады, рыбу і дзічыну.

Калі мэта нашай работы з’яўляецца агульнай і не мяняецца з году ў год, то задачы, якія мы ставім перад кожным даследаваннем, могуць вар’іравацца. Так, даследуючы грыбы, адной з пастаўленых намі мэт было параўнаць розныя грыбы: сабраныя на забруджанай тэрыторыі, дзе збор грыбоў і ягад афіцыйна забаронены; купленыя на рынку; кансерваваныя, сушаныя і г.д. Даследуючы дзічыну, мы паставілі адной з мэт параўнаць вынікі нашага даследавання з вынікамі мінулых гадоў. Як паказалі даныя, колькасць Cs-137 у мясе дзікіх жывёл перавышае дапушчальны ўзровень у большасці проб нават праз 30 гадоў з моманту катастрофы. Неабходна адзначыць важнасць і значнасць гэтага этапу, таму што ён вызначае ўсю далейшую накіраванасць работы. Таму наступная мэта даследавання — вывучэнне спосабаў зніжэння ўзроўню радыенуклідаў у прадуктах харчавання, а таксама інфармаванне насельніцтва. Як вынік — удзельнікі гуртка распрацавалі памяткі па правільным харчаванні ва ўмовах пражывання на забруджанай тэрыторыі.

Два тыдні з індывідуальным дазіметрам

На базе Інстытута радыялогіі кожны год навучэнцы праводзяць вымярэнні ўзроўню радыяцыі ў прадуктах харчавання з наступнай распрацоўкай рэкамендацый па ўжыванні прадуктаў на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі. Свае даследаванні навучэнцы штогод прадстаўляюць на міжнароднай канферэнцыі ў Францыі.

У 2015 годзе разам з навучэнцамі з Японіі, Францыі і Польшчы наша група прыняла ўдзел у міжнародным праекце “Вымярэнне індывідуальнай дозы з дапамогай D-Shuttle”, ініцыіраваным вучонымі з Такійскага ўніверсітэта. Мэтай гэтага праекта было вызначэнне ўзроўню гама-выпраменьвання ў месцах знаходжання школьнікаў. На працягу двух тыдняў навучэнцы насілі індывідуальныя дазіметры, тым самым фіксуючы атрыманую пагадзінную дозу выпраменьвання. Паралельна з гэтым вялі індывідуальныя дзённікі, дзе адзначалі ўсе месцы свайго знаходжання. Расшыфроўку даных праводзілі японскія спецыялісты, вынікі былі пададзены ў цэнтр практычнай і радыелагічнай культуры.

Яшчэ адзін асноватворны прынцып арганізацыі нашай даследчай дзейнасці — гэта інтэграваны падыход. Дзеці вывучаюць усю паняційную базу на дзвюх мовах, што дазваляе ім свабодна прадстаўляць абарону даследавання на французскай мове, адказваць на пытанні спецыялістаў і навучэнцаў з іншых краін.

Развейваючы міфы

Не менш важна для нас захаваць памяць пра чарнобыльскую катастрофу. З моманту катастрофы выраслі новыя пакаленні беларусаў. Сфарміраваліся тры катэгорыі насельніцтва з розным успрыманнем Чарнобыля, адносінамі да яго наступстваў і дзейнасцю па іх пераадоленні: тыя, хто памятае пра катастрофу і непасрэдна прайшоў праз яе; тыя, хто “вырас на Чарнобылі” і пераадоленні яго наступстваў; новае пакаленне, для якога Чарнобыль толькі частка гісторыі.

У цяперашні час меркаванне моладзі пра раёны, якія пацярпелі, фарміруецца спантанна, адэкватнага ўяўлення пра чалавечы, прыродны, культурны патэнцыял тэрыторый, якія пацярпелі, магчымасці прафесійнага росту яны не атрымліваюць. У той жа час сучасныя захапленні маладых людзей спрыяюць укараненню міфаў пра Чарнобыль, якія не маюць нічога агульнага з сапраўднасцю. Прыклад — папулярная камп’ютарная гульня “Сталкер”, сутнасць якой — барацьба з монстрамі ў чарнобыльскай зоне. У сувязі з гэтым сёлета дзейнасць гуртка накіравана на фарміраванне адэкватнага ўяўлення пра тэрыторыі, якія пацярпелі, змяненне адносін да іх з боку насельніцтва незабруджаных раёнаў Беларусі і міжнароднай грамадскасці. Накіраванасць інфармацыйна-асветніцкай работы па чарнобыльскай тэматыцы на маладзёжную катэгорыю садзейнічае выхаванню радыелагічна дасведчанага пакалення, фарміраванню яго актыўнай і творчай грамадзянскай пазіцыі ў справе рэабілітацыі і адраджэння раёнаў Беларусі, якія пацярпелі. Пацвярджэннем сказанага сталі конкурсы, якія праводзяцца ў нашай гімназіі. Гэта конкурсы малюнкаў, вершаў, нарысаў і інш.

Памяць. Менавіта яна з’яўляецца захавальнікам найвышэйшых маральных каштоўнасцей. Праходзяць гады, сціраюцца сляды чарнобыльскай катастрофы. Але гісторыкі і даследчыкі, звычайныя людзі яшчэ не раз будуць вяртацца да падзей вясны 1986 года. І мы, тыя, хто жыве цяпер, і тыя, хто прыйдзе нам на змену, менавіта памяццю будзем вяртацца ў тую агнявую ноч… Мінула ўжо 30 гадоў з моманту катастрофы. Зараз час падвядзення вынікаў, абагульнення вопыту і пачатак новага этапу — этапу захавання памяці пра Чарнобыль для будучых пакаленняў, каб такая страшная трагедыя больш не паўтарылася. Члены гуртка пастаянна дзеляцца сваімі ведамі з бацькамі і сябрамі, праводзяць мерапрыемствы з малодшымі школьнікамі, сустракаюцца з ліквідатарамі і відавочцамі той трагедыі.

“Я лічу, што такія праекты неабходны, — гаворыць Валерыя Бандарчук, навучэнка 11 “А” класа, удзельніца канферэнцыі 2016 года. Яны дапамагаюць жыхарам розных краін аб’яднаць свае намаганні ў рабоце над экалагічнымі праблемамі чалавецтва. Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС у многім змяніла наша жыццё, таму важна актыўна ўдзельнічаць у такіх канферэнцыях, каб не дапусціць падобных трагедый у далейшым”.

Наталля ЧАСНАКОВА,
настаўніца хіміі гімназіі № 46
Гомеля імя Блеза Паскаля.
Фота з архіва гімназіі.