Жывая класіка і творчы ўзлёт

- 14:00Культура

На Віцебшчыне да Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці студэнцкай моладзі далучыліся некалькі тысяч юнакоў і дзяўчат.

Кожнаму з іх “АРТ-вакацыі” далі магчымасць выпрабаваць свае сілы як у аглядзе-конкурсе мастацкіх калектываў, індывідуальных выканаўцаў і творчых аб’яднанняў, так і ў конкурсах “АРТ-партал” і “Аўтограф”, праекце “Рэцытацыя”. Сёлета вялікі марафон талентаў, натхнення і крэатыву праходзіць пад дэвізам “Час новых традыцый — у творчасці моладзі”. Арганізатарамі рэгіянальнага этапу фестывалю выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама, абласны палац дзяцей і моладзі, установы вышэйшай адукацыі рэгіёна.

— “АРТ-вакацыі” — доўгачаканае свята, але разам з тым маштабны адкрыты майстар-клас для ўсіх удзельнікаў. Фестываль каштоўны выразнай накіраванасцю на ўдасканаленне сістэмы выхаваўчай дзейнасці ва ўніверсітэтах, заснаванай на фарміраванні каштоўнасных адносін да гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа, сацыяльнай адказнасці і сацыяльнага пазітыву студэнцтва, — падкрэсліла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Марына Бабашынская.

— У першую чаргу фестывальныя мерапрыемствы нацэлены на актывізацыю работы па духоўна-маральным, грамадзянска-патрыятычным і мастацка-эстэтычным выхаванні, стварэнне аптымальных умоў для развіцця і самарэалізацыі, стымуляванне творчай актыўнасці моладзі, падтрымку яе ініцыятыў, укараненне сацыякультурных навацый, пашырэнне відава-жанравага дыяпазону аматарскай творчасці, у тым ліку з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій.

Самыя цікавыя творчыя здабыткі на разгляд абласнога журы “АРТ-вакацый” прапанавалі больш за 40 самадзейных мастацкіх калектываў і аб’яднанняў. Удзел у папярэднім адборачным этапе прынялі каля 500 студэнтаў дзённай формы навучання. Лепшыя з лепшых сустрэліся ў фінале на пляцоўках Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта і Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Фантастычная мастацкая феерыя складалася з некалькіх дзясяткаў захапляльных нумароў, стваральнікі 33 з іх узнагароджаны дыпломамі ў 17 намінацыях.

Алена Лаўрыновіч, загадчык аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, куратар фестывалю.

—Студэнтаў, якія вучацца на розных факультэтах па розных спецыяльнасцях, яднаюць маладосць, імкненне ў будучыню да ведаў, развіцця ў выбраным прафесійным напрамку, асобаснага росту. І, безумоўна, да новых знаёмстваў, зносін, сяброўства, уключаючы супрацоўніцтва ў творчым асяроддзі. Сёння “АРТ-вакацыі” вітае Віцебск. Было вельмі хвалююча перад пачаткам праграм, бо напярэдадні ўстановы вышэйшай адукацыі вобласці вытрымалі двайную нагрузку. У ходзе адкрыцця маладзёжнай сталіцы Беларусі — 2022 ім трэба было паказаць свае магчымасці і таленты, я маю на ўвазе творчы кампанент і арганізацыйны. А следам паўстала не менш адказная задача: не паўтараючыся, ужо ў фармаце “АРТ-вакацый” яшчэ раз прадэманстраваць усе творчыя напрамкі. Віцебшчына паспяхова справілася, змагла не толькі парадаваць, але і прыемна здзівіць. Мы ўбачылі выступленні без перабольшання найвышэйшага ўзроўню. На перспектыву самае складанае, напэўна, будзе яго ўтрымаць, каб прымножыць дасягнутае.

Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Коршунава:

—Што вылучае Віцебскую вобласць: тут кожны студэнцкі клуб мае ўласны характар і погляд на маладзёжную творчасць. А самае важнае — гэта погляд саміх студэнтаў, бо ў сваю чаргу кожны новы ўдзельнік уносіць нешта сваё, каштоўнае і адметнае ў агульнае развіццё. Добра, што ўсе клубы гарманічна, я сказала б, нават сінергетычна адзін аднаго дапаўняюць. На сёлетніх“АРТ-вакацыях” у Віцебску не было паўтаральнасці ні ў жанрах, ні ў напрамках — затое магутна прагучаў голас адзінай студэнцкай супольнасці. Моцная энергетыка, па-акадэмічнаму бездакорныя выступленні, стыльная элегантная класіка — і нечакана пераканаўчая яе маладзёжная трактоўка, дынаміка, экспрэсія. Сур’ёзныя праблемы сучаснасці праз прызму бачання маладога пакалення — і ў пэўныя моманты гумарыстычныя, дзесьці блізкія да народнай традыцыі сюжэты. Запомніліся фаер-шоу, выдатная рэцытацыя на беларускай мове, меладэкламацыя. Літаратурныя сцэнарыі дэталёва прадуманы і арыгінальна пададзены. Шыкоўная творчая палітра, мноства цікавых ідэй, якімі відавочна захоплены ўсе, хто іх увасобіў, — самі студэнты.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.