Данесці да школьнікаў важнае пра гісторыю Радзімы: у сярэдняй школе № 75 Гомеля стварылі музейную экспазіцыю, прысвечаную Герою Савецкага Саюза.
Праз 80 гадоў пасля Перамогі вяртаецца ў публічную прастору Гомеля памяць пра выдатнага разведчыка, удзельніка вызвалення Беларусі, Героя Савецкага Саюза, генерал-маёра Сямёна Крэмера.
Пад прыкрыццём — у Вялікабрытанію…
Біяграфія Сямёна Давідавіча цесна звязана з Гомелем. Тут ён нарадзіўся, пачаў працаваць з 11 гадоў. Тут пачалася яго вайсковая кар’ера. Як чырвонагвардзеец ён змагаўся з ворагамі маладой савецкай улады. Баец Гомельскай губернскай надзвычайнай камісіі, камендант атрада па барацьбе з бандытызмам франтавой паласы ў час польска-савецкай вайны. У 1920—1921 гадах Сямён Крэмер быў памочнікам загадчыка міліцыі і ваенным камендантам Навабеліцы.
Шмат гадоў лонданскі перыяд біяграфіі С.Д.Крэмера быў засакрэчаны. У 1937 годзе наш зямляк быў накіраваны разведчыкам пад прыкрыццём пасады сакратара савецкага ваеннага аташэ ў Вялікабрытанію. Без падтрымкі адсутнага непасрэднага кіраўніка змог завербаваць надзвычай каштоўных агентаў. Сярод іншай важнай інфармацыі, якую С.Д.Крэмер накіраваў у Маскву да 1942 года, былі першыя разлікі па распрацоўцы атамнай зброі…
Пасля вяртання з замежнай камандзіроўкі С.Д.Крэмер мог бы застацца на выкладчыцкай рабоце, але дабіўся адпраўкі на фронт. Ён пачаў новы адказны этап жыцця без адпаведнага вопыту і зноў дасягнуў выдатных вынікаў. У Беларусь лёс вярнуў былога кавалерыста камандзірам 8-й гвардзейскай механізаванай брыгады 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса. Падчас аперацыі “Баграціён” брыгада Крэмера ажыццяўляла танкавыя прарывы на дзясяткі кіламетраў, паспрыяла вызваленню соцень населеных пунктаў і атрымала пачэснае званне “Маладзечанская”. Званне Героя Савецкага Саюза і пагоны генерал-маёра С.Д.Крэмер атрымаў за выхад да Рыжскага заліва — пралом нямецкіх парадкаў паміж групамі армій “Цэнтр” і “Поўнач”.
Здавалася б, асабістыя рэчы і архіў такога чалавека павінны былі б даўно разабраць па школах, музеях і іншых установах. Частку папер па атамным праекце пазычыў у сям’і адзін вядомы журналіст, некаторыя рэчы знаходзяцца ў краязнаўчым музеі ў Петразаводску, але большая частка калекцыі да адносна нядаўняга часу захоўвалася ў Адэсе, дзе пасля адстаўкі ў 1956 годзе жыў ветэран. Тое, што не было запатрабавана ў Адэсе, аказалася вельмі дарэчы на радзіме героя, у Гомелі.
Сапраўдная даследчая ўдача
Першапачаткова вучні ўстановы пачалі займацца біяграфіяй С.Д.Крэмера на занятках архіўнага гуртка на базе Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці ў мінулым годзе. Працаваць з першакрыніцамі — складаная справа. Аднак далучэнне вучняў да работы з архіўнымі дакументамі дае магчымасць паглядзець, як ствараецца гісторыя па-за школай.
Наша ўстанова — новая школа з вялікім настаўніцкім калектывам і творчым кіраўніцтвам. Тут увесь час нейкія ініцыятывы нараджаюцца, падтрымліваюцца ці ўвасабляюцца ў жыццё.
Цяжка трымацца ўбаку, калі адбываецца такі рух, калі пануе атмасфера пошуку і натхнення.
У Дзяржаўным архіве Гомельскай вобласці выявілася аўтабіяграфія С.Д.Крэмера, успаміны яго і аб ім, фотаздымкі. Праз інтэрнэт атрымалі доступ да лічбавых копій дакументаў з Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі — да справаздач аб баявых дзеяннях 8-й механізаванай брыгады, прадстаўленняў да ўзнагарод героя і іншыя. Таксама мы звярнуліся да апублікаваных дакументаў па распрацоўцы атамнай зброі, да ўспамінаў камандзіраў і таварышаў па службе С.Д.Крэмера, да гістарыяграфіі праблемы. Дагэтуль асоба Сямёна Давідавіча цікавіла гісторыкаў звычайна з нейкага аднаго боку — як разведчыка, ці героя-танкіста, ці яўрэя-генерала.
На занятках гуртка па інтарэсах абмяркоўвалі з вучнямі розныя аспекты. Чаму разам з сябрамі кінуўся з галавой у вір рэвалюцыі? Чаму рваўся на перадавую? Чаму быў вымушаны хаваць паходжанне? Так вырашылі распрацаваць комплексную біяграфію С.Д.Крэмера. Сапраўдная даследчая ўдача на гэтым шляху чакала пазней. Убачыў у адной з тэлеперадач у якасці экперта па асноўных вехах біяграфіі С.Д.Крэмера Канстанціна Мішчанку, намесніка дырэктара Гомельскага абласнога музея ваеннай славы. Ад яго даведаўся, што экспанатаў, звязаных з нашым героем, у фондах музея няма, але займеў электронны адрас унучкі С.Д.Крэмера.
Нашчадкі Сямёна Давідавіча, якія жывуць у Петразаводску, унучка Людміла Васільева і праўнук Яфім Васільеў, аказаліся прыязнымі людзьмі, зацікаўленымі ў мемарыялізацыі на малой радзіме знакамітага продка. Амаль паўгода працягвалася наша завочнае знаёмства праз перапіску і відэасувязь — абмен інфармацыяй, запіс падрабязнасцей жыцця С.Д.Крэмера, якія ніколі не траплялі ў друк, планы па вяртанні імя славутага земляка ў публічную прастору Гомеля. З нашага боку было важным паказаць сур’ёзнасць намераў. Мы паведамлялі пра вялікую інтэрактыўную экспазіцыю, прысвечаную падзеям Вялікай Айчыннай вайны, створаную ў нашай школе, пра тое, як здымаем тэматычнае відэа пра ваенныя падзеі, удзельнічаем у выхаваўчых мерапрыемствах. Таксама адзначылі той факт, што даследчая работа вучня нашай установы Уладзіслава Старавойтава, прысвечаная невядомым старонкам жыцця С.Д.Крэмера, атрымала перамогу ў абласным конкурсе “Юны архівіст”.
Пераадолеўшы амаль 1400 км, Яфім (праўнук С.Д.Крэмера) і Людміла Васільева (унучка С.Д.Крэмера) з мужам Сяргеем Васільевым апынуліся ў Гомелі, каб перадаць частку асабістых рэчаў і дакументаў Сямёна Давідавіча.
Лёс і памяць
Такім чынам, да 125-годдзя з дня нараджэння выдатнага разведчыка і палкаводца ва ўстанове ўдалося адкрыць экспазіцыю, дзе прадстаўлены ўсе перыяды жыцця С.Д.Крэмера — гомельскі, “кавалерыйскі”, лонданскі, франтавы і пасляваенны. А таксама фотаздымкі, даведкі, пасведчанні і шматлікія іншыя арыгінальныя дакументы з асабістага архіва С.Д.Крэмера, копіі дакументаў з архіваў Беларусі і Расіі.
Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел сям’я Васільевых, начальнік аддзела адукацыі адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля Ірына Дзегцярова, дырэктар Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці Юрый Шастапалаў і старшы навуковы супрацоўнік той жа ўстановы Мая Вашчанка, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі “Ветэраны ваеннай разведкі” Міхаіл Цішын, дырэктар школы Марына Чарненка, педагогі, вучні-міратворцы, піянеры, члены маладзёжнага атрада аховы правапарадку.
Знаходжанне гасцей з Карэліі ў Гомелі было насычаным: паўдзельнічалі ў абмене меркаваннямі з вучнёўскай моладдзю ў межах дыялогавай пляцоўкі, арганізаванай у нашай школе, прынялі ўдзел у наведванні выдатных мясцін горада.
Плануецца, што музейная экспазіцыя імя С.Д.Крэмера ў нашай школе ў будучыні перарасце ў паўнавартасны музей.
“Глядзіце, — скажу ўласным дзецям і вучням, — вось жывая памяць пра земляка, які насамрэч паўплываў на ход гісторыі”.
Лёс С.Д.Крэмера і памяць пра яго — яшчэ адна нагода з дапамогай метадаў музейнай педагогікі данесці да школьнікаў важнае пра гісторыю Радзімы і асаблівасці захавання памяці сёння.
Антон ЯРМОЛЕНКА,
настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 75 Гомеля