Рэспубліканскі конкурс юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі фарміруе ў вучняў цікавасць да гісторыі малой радзімы і гордасць за Беларусь.
Сярод шматлікіх мерапрыемстваў, якія праводзіць Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, конкурсам музейнай тэматыкі адводзіцца асаблівая роля. Менавіта музеі з’яўляюцца школьнымі цэнтрамі выхаваўчай работы, своеасаблівымі скарбніцамі, дзе захоўваюцца прадметы мінулых эпох. І не важна, які профіль музея, якую колькасць прадметаў налічвае экспазіцыя. Музей або музейны куток, пакой павінны быць у кожнай школе. Такую задачу перад установамі адукацыі паставіла ў гэтым навучальным годзе Міністэрства адукацыі.
Стварыць музейную экспазіцыю — толькі палова справы. Важна яшчэ зацікавіць наведвальнікаў, а тут без вучняў, якія валодаюць добрай дыкцыяй і артыстызмам, не абысціся. Таму падрыхтоўка экскурсаводаў з’яўляецца важнай часткай работы кіраўніка музея. Як падрыхтаваць экскурсаводаў? Гэтае пытанне паўстае перад педагогамі-музейшчыкамі, калі старшакласнікі, якія некалькі гадоў займаліся музейнай справай, пакідаюць родную школу. Звычайна выбар новых экскурсаводаў адбываецца па прынцыпе пераемнасці, калі на працягу года рыхтуецца змена з ліку малодшых вучняў. Падобным чынам дзейнічае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Варапаеўскай сярэдняй школы Пастаўскага раёна Аксана Вікенцьеўна Танана.
Сённяшнія экскурсаводы комплексна-краязнаўчага кутка “Нашай памяці вякі” (шчыра кажучы, язык не паварочваецца назваць гэтую багатую, разнастайную экспазіцыю кутком) — ужо чацвёртае пакаленне юных экскурсаводаў, якіх падрыхтавала настаўніца.
Чытайце матэрыял Ігара Грэчкі ў нумары ад 13 студзеня 2023 года.