Чым кіруюцца юнакі і дзяўчаты, калі аддаюць перавагу спецыяльнасцям будаўнічага профілю, а месцам будучай вучобы выбіраюць Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж?
Усё больш абітурыентаў падыходзяць да выбару прафесіі прагматычна і ўсвядомлена. Універсітэцкі дыплом перастаў быць самамэтай, мэйнстрым і галоўны рухавік матывацыі — атрыманне канкрэтных кампетэнцый, неабходных або пажаданых для ажыццяўлення пэўных магчымасцей, з чым поўнасцю згодны і работадаўцы. Адпаведна расце запыт на якасную адукацыю на ўзроўні ССА і ПТА. Для Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа 2020 год адзначаны перамогамі адразу ў двух самых прэстыжных галіновых конкурсах. У студзені ўстанова была прызнана лепшай у Беларусі па забеспячэнні якасці падрыхтоўкі кадраў з прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Летам па выніках конкурсу “На лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь” узнагароджана дыпломам пераможцы і памятным знакам у намінацыі “Арганізацыя года”.
— Прызнанне лепшымі мы ўспрымаем найперш як паказчык узроўню, ад якога не павінны адыходзіць, — выказаў агульную нацэленасць калектыву дырэктар каледжа Аляксандр Ласякін. — Гэта рэальна толькі ў пастаянным развіцці. Па ўсіх напрамках — у першую чаргу ў падрыхтоўцы кадраў, фарміраванні асобы будучага рабочага і спецыяліста — штораз ставім высокую планку і пераадольваем яе з упэўненасцю: маем усе патрэбныя рэсурсы і вялікае жаданне — значыць, у нашых сілах праз некаторы час пераўзысці атрыманы вынік. Прынцыпова важна, што гэтую ўпэўненасць з намі падзяляюць навучэнцы. Сёлета вельмі парадавалі выпускнікі. Напрыклад, на архітэктурна-будаўнічым аддзяленні толькі па спецыяльнасці “Архітэктура” ў нас дзве ўладальніцы дыпломаў з адзнакай, больш за палову групы абаранілі дыпломныя праекты на “выдатна”.
У кастрычніку ў Мінску назвалі пераможцаў XIV Рэспубліканскага конкурсу дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных архітэктурных школ Рэспублікі Беларусь. Традыцыйна прадстаўнікі ВДТК прымаюць удзел у дзвюх конкурсных намінацыях — “Горадабудаўніцтва” і “Архітэктура”. Зноў жа традыцыйна кожны год вяртаюцца ў Віцебск з узнагародамі. Гэтым разам скарбонку каледжа папоўнілі два дыпломы І ступені: Ганны Абухоўскай (праект “Рэгенерацыя Свята-Траецкага Маркава манастыра ў Віцебску”, кіраўнік Наталля Харытонава) і Алёны Шатровай (праект “Прадпрыемства па спальванні цвёрдых бытавых адходаў”, кіраўнік Вікторыя Неўдах). Дыпломам II ступені ўзнагароджаны Павел Куляшкоў (праект “Брэсцкі каталіцкі манастыр”, кіраўнік Наталля Харытонава).
— Будучыня належыць тым, хто здольны хутка адаптавацца да інавацыйных змяненняў, эфектыўна працаваць ва ўмовах пятага і шостага тэхналагічнага ўкладаў, — адзначыў дырэктар каледжа. — Таму мы не толькі даём грунтоўную тэарэтычную базу, неабходныя практычныя навыкі, але і заахвочваем ініцыятыву, творчасць, аўтарскае бачанне, нестандартныя рашэнні прафесійных задач. Навучэнцы архітэктурна-будаўнічага аддзялення ўжо сёння бачаць наша жыццё такім, якім яно стане, напэўна, праз 50—70 гадоў. Моладзі жыць у будучыні і фарміраваць яе аблічча, ствараць тое незвычайнае, патрэбнае і перспектыўнае, што мы зможам пабачыць і адкрыць. Наша моладзь вучыцца ў паспяховых педагогаў, вучыцца на іх прыкладзе. У каледжы працуе моцная каманда адданых сваёй справе прафесіяналаў, многія з вопытам работы на вытворчасці, адметнымі аўтарскімі методыкамі, ім ёсць што перадаць сваім вучням. Да таго ж навучэнцы многа займаюцца самастойна са спецыяльнай літаратурай, праз інтэрнэт цяпер даступны ўсе традыцыйныя і найноўшыя архітэктурна-будаўнічыя падыходы. І, безумоўна, мы вучымся на вопыце моладзі. У працэсе навучання ўзнімаем глыбокія пласты гістарычнага развіцця нашага грамадства і ў строгай адпаведнасці з дзеючай нарматыўнай базай ствараем прыгожую сучасную архітэктуру. Такім чынам назапашваецца ўнікальны матэрыял, у тым ліку распрацоўкі і праекты забудовы — ад прысядзібных участкаў да гістарычных цэнтраў гарадоў. На гэтым лепшым потым выбудоўваецца найлепшае: з кожнай новай групай, якая да нас прыходзіць, мы бачым перспектыўнае развіццё, з кожным годам на аснове наяўнага вопыту дасягаем новых вышынь і з кожным выпускам атрымліваем больш кампетэнтных, канкурэнтаздольных маладых спецыялістаў, якія ўпэўнена крочаць у заўтрашні дзень.
Нядаўна ў каледжы праводзілі анкетаванне сярод навучэнцаў. На пытанне “Чаму вы выбралі менавіта такую прафесію?” найбольшая колькасць адказаў была: “Лічу яе прэстыжнай”, “У мяне ёсць здольнасці да гэтай прафесіі”, “Думаю, што гэта маё прызванне” і “Гэта мая мара з дзяцінства”. Характэрна, што спадзяванні пачынаюць спраўджвацца падчас вучобы. Да самых адораных, працавітых і мэтанакіраваных першы вялікі поспех прыходзіць дзякуючы конкурсам прафесійнага майстэрства — сур’ёзны бонус для будучай кар’еры. Асобнай размовы варты ўдзел моладзі ў руху WorldSkills. Каманда каледжа гучна заявіла пра сябе ў 2016 годзе, калі ў фінале нацыянальнага чэмпіянату бронзавыя медалі ў кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва і тынкавальныя работы” заваявалі Аляксей Селях і Аляксандр Шчэрбік. У 2017 годзе сярэбранымі медалямі было адзначана выступленне Ільі Шаркеля і Антона Кавалёва на рэспубліканскім конкурсе WorldSkills у Гомелі (кампетэнцыя “Геадэзія”), а таксама Андрэя Пяткоўскага на V Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Russia ў Краснадары (кампетэнцыя “Цаглянае мураванне”). У складзе беларускай зборнай Андрэй прадстаўляў краіну на 44-м Сусветным чэмпіянаце WorldSkills Abu Dhabi — 2017. У фінале WorldSkills Belarus — 2018 вынік каледжа павысіўся да двух сярэбраных (Канстанцін Беразенка ў кампетэнцыі “Абліцоўванне пліткай”, Яўген Варахобка ў кампетэнцыі “Цаглянае мураванне”) і двух бронзавых медалёў (Сяргей Гапановіч і Арцём Касьянчык, кампетэнцыя “Геадэзія”). На 45-м Сусветным чэмпіянаце Worldskills Kazan — 2019 Канстанцін Беразенка ўвайшоў у лік 20 лепшых прафесіяналаў модуля “Будаўніцтва і будаўнічыя тэхналогіі”. Мінулай восенню ў фінале нацыянальнага чэмпіянату атрымана першае “золата”: пераможцам у кампетэнцыі “Абліцоўванне пліткай” стаў Раман Каравікоў. Мінулагодні вынік пацвердзіў Яўген Варахобка (“серабро” ў кампетэнцыі “Цаглянае мураванне”). Бронзавы медаль кампетэнцыі “Такарныя работы на станку з праграмным кіраваннем” прывёз у Віцебск Уладзіслаў Пляшкоў.
— Ёсць такі творчы прафесійны парыў у нашай моладзі: навучэнцы знайшлі сябе ў прафесіі, не проста праяўляюць здольнасці да яе — яны гэтым захоплены і жывуць, — падкрэсліў Аляксандр Міхайлавіч. — Зацікаўленасць WorldSkills расце, таму ўсё часцей сыходзяцца разам сапраўдныя зоркі ў сваёй справе: таленавітыя выкладчыкі, майстры вытворчага навучання і іх не менш таленавітыя, матываваныя ўдасканальвацца ў прафесіі і перамагаць вучні. Улічваючы выдатную матэрыяльна-тэхнічную базу каледжа, вучэбна-метадычнае забеспячэнне, наладжаную сістэму заахвочвання — адпаведны эфект заканамерны. Супрацоўніцтва з такімі навучэнцамі патрабуе пастаяннага прафесійнага росту ад педагогаў, бо моладзь не трэба прымушаць ці прасіць, нейкім чынам падштурхоўваць да вучобы: кожны сам імкнецца як мага больш даведацца аб прафесіі, засвоіць матэрыял, авалодаць новымі прыёмамі, сродкамі, спосабамі выканання работ у найлепшы тэрмін з максімальнай якасцю. Калі ты настолькі захоплены сваёй справай і, вобразна кажучы, адчуваеш сябе ў ёй суперменам, тады атрымліваюцца перамогі.
Па словах Аляксандра Ласякіна, з самага пачатку неабходна правільна вызначыць прыярытэты ў падрыхтоўцы. Жаданне набыць тую ці іншую прафесію, паступленне ў каледж — важны, але толькі першы крок. Хочаш будаваць і рабіць рамонты? Трэба прымервацца, шукаць: дзе выходзіць лепш, да чаго душа ляжыць, што бліжэй і зручней — сухое будаўніцтва, цаглянае мураванне або абліцоўванне пліткай? Твае думкі, фізічныя даныя (між іншым, нават рост мае значэнне) сыходзяцца на плітцы? Тады да ўсяго ўлічваем, што добры майстар-плітачнік павінен быць мастаком, бо без развітога мастацкага густу не выканаеш работу або выканаеш не зусім удала.
— Ключавыя складнікі поспеху — праца, прафесіяналізм, унутраная матывацыя, усведамленне таго, што ты робіш карысную для людзей справу, маральнае і матэрыяльнае задавальненне, удача ў пэўнай ступені; але яшчэ і талент, адоранасць, на этапе прафесійнага і асобаснага станаўлення — кампетэнтнае педагагічнае і арганізацыйнае суправаджэнне, усебаковая падтрымка навучэнца, — перакананы кіраўнік. — Возьмем нядаўні прыклад, нашых сёлетніх пераможцаў WorldSkills Belarus. Для падрыхтоўкі па абліцоўванні пліткай і цагляным мураванні каледж валодае найлепшай у вобласці і адной з лепшых у краіне базай рэсурснага цэнтра. Па металаапрацоўцы аналагічная база створана ў рэсурсным цэнтры Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа. І тут вельмі моцна спрацавалі нашы выкладчыкі, майстры вытворчага навучання. У працэсе падрыхтоўкі яны ўбачылі шчырую зацікаўленасць і значны патэнцыял Уладзіслава — пры тым што хлопец — будучы тэхнік-электронік, такарныя работы на станках з праграмным кіраваннем не асноўны яго напрамак. Але пайшлі насустрач, арганізавалі падрыхтоўку перспектыўнага ўдзельніка да чэмпіянату ў каледжы, кансультацыі вопытных практыкаў з вытворчасці, індывідуальныя стажыроўкі на віцебскіх машынабудаўнічых прадпрыемствах, у рэсурсным цэнтры ў Оршы. Праведзена велізарная работа, і пастаўленай мэты ўдалося дасягнуць: у гэтым плане атрыманая “бронза” не менш важкая за “золата” ці “серабро”. Мы задаволены выступленнямі нашых навучэнцаў і, канечне ж, правялі падрабязны аналіз і зрабілі вывады для далейшай работы. Рэзервы не вычарпаны: як мінімум траім нашым прадстаўнікам у фінале WorldSkills Belarus літаральна паўкроку не хапіла, каб трапіць у медальны залік, і новыя ўдзельнікі рыхтуюцца ўступіць у спаборніцтва. Збіраемся наступны раз паказаць яшчэ больш высокія вынікі.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара і прадастаўлены ўстановай адукацыі.