Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў снежні 2016 года ў адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднага валютнага фонду павялічыліся на $88,9 млн і, паводле папярэдніх даных, на 1 студзеня 2017 года склалі $4 млрд 927 млн у эквіваленце. Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.
У нацыянальным вызначэнні аб’ём золатавалютных рэзерваў зменшыўся на $128,5 млн і на 1 студзеня склаў $5 млрд 185 млн у эквіваленце.
Павелічэнню золатавалютных рэзерваў садзейнічалі паступленне сродкаў ад продажу Нацыянальным банкам і Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, а таксама паступленні ад спагнання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты. Стрымальны ўплыў на дынаміку рэзерваў аказала планавае пагашэнне Нацбанкам і ўрадам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце.
Па выніках 2016 года золатавалютныя рэзервы Беларусі павялічыліся на $751,4 млн, у нацыянальным вызначэнні — на $717,3 млн.
Асноўнымі фактарамі росту ўзроўню ЗВР сталі чыстая купля Нацыянальным банкам замежнай валюты на таргах ААТ “Беларуская валютна-фондавая біржа”, якая сфарміравалася ў выніку перавышэння прапанавання валюты над попытам на яе на ўнутраным валютным рынку; прыцягненне сродкаў ад продажу Нацбанкам і Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце; паступленне двух траншаў фінансавага крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця; паступленне сродкаў ад спагнання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, а таксама павелічэнне кошту золата на міжнародным рынку каштоўных металаў.
Пры гэтым урадам і Нацыянальным банкам у поўным аб’ёме выкананы знешнія і ўнутраныя абавязацельствы ў замежнай валюце.