Знайсці “Зорку” не цяжка. Сярод зеляніны вуліцы Адзінцова цэнтр тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі здалёк вылучаецца рознакаляровымі клумбамі з мноствам кветак.
Побач растуць экзатычныя дрэвы, кусты. Дызайн ландшафту прыцягвае позірк сваёй арыгінальнасцю і прыгажосцю. Усюды ачуваецца руплівая рука гаспадара. У двары цэнтра і ў гэты дзень ішла работа па прыбіранні, азеляненні тэрыторыі, дзе завіхаліся падлеткі і педагогі. Яны вырывалі пустазелле, рыхлілі і палівалі зямлю. Падлеткі з’яўляюцца членамі брыгады другаснай занятасці і прыходзяць у цэнтр на працу ў якасці рабочых па азеляненні. І не толькі. У цэнтры створаны ўмовы для тых, хто хоча вырабляць сувенірную прадукцыю. Для гэтага на поўную моц выкарыстоўваецца швейная майстэрня дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дзе дзяўчаты рыхтуюць розныя мастацкія вырабы для выстаў — неверагодныя лялькі, сурвэткі і абрусы. Акрамя таго, падлеткі набываюць навыкі аператара электронна-вылічальных машын.
— Другасная занятасць стала для “Зоркі” прыярытэтным кірункам, — расказвае дырэктар цэнтра Ірына Мікалаеўна Бятлей. — Яна ахоплівае падлеткаў з 14 да 16 гадоў. Мы займаемся працаўладкаваннем падлеткаў свайго раёна і нават усяго горада. А ў апошнія гады выходзім у гэтай дзейнасці за рамкі летніх месяцаў. Нашы выхаванцы могуць прыйсці папрацаваць не толькі летам, але і ў іншы канікулярны час, а таксама пасля заняткаў у школе. Па сутнасці, работа такіх брыгад арганізавана з мая па кастрычнік. Цэнтры занятасці Мінска накіроўваюць жадаючых, аплачваюць ім працу, а мы прадастаўляем ім рабочае месца. У першую чаргу мы імкнёмся працаўладкаваць падлеткаў з няпоўных, мнагадзетных, нядобранадзейных сем’яў, тых, хто стаіць на ўліку ў камісіях па справах непаўналетніх, знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Акрамя таго, цэнтр супрацоўнічае з дзіцячым домам № 5 Мінска, які знаходзіцца па суседстве. Мы прадастаўляем яго выхаванцам магчымасць выбраць сабе справу па душы, добра папрацаваць і зарабіць грошы. За лета мы працаўладкоўваем каля 65 чалавек, а ў далейшым плануем выдзеліць дадатковыя месцы для працаўладкавання.
На базе “Зоркі” ў летні час для ўмацавання здароўя дзяцей з асаблівасцямі развіцця і іх сацыялізацыі адкрыта інтэрактыўная творчая пляцоўка “Фантазія”, якая прапануе творчыя, забаўляльныя кірункі. У рабоце пляцоўкі прымаюць удзел дзеці, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах аддзялення сацыяльна-педагагічнай работы цэнтра. “Фантазія” развівае адукацыйнае і творчае асяроддзе, якое прадастаўляе кожнаму дзіцяці магчымасць рэалізаваць свае здольнасці, выбраць на свой густ напрамак дзейнасці для далейшай актыўнай адаптацыі ў жыцці.
Увогуле, летні лагер у “Зорцы” набывае папулярнасць, колькасць яго выхаванцаў расце. Сёлета лагер з дзённым знаходжаннем наведваюць 220 чалавек. Кожны раз педагогі цэнтра ствараюць новыя, непаўторныя праекты, каб захапіць і актывізаваць сваіх выхаванцаў. У цэнтры працуюць педагогі не толькі з вялікім вопытам, але і з невычэрпнай творчай энергіяй і фантазіяй. У праграму летняга лагера ўваходзяць шматлікія мерапрыемствы, якія носяць і профільны характар. Гэта спорт, вакальны напрамак, харэаграфічная, тэатральная, мастацкая дзейнасць і інш. У кожным праекце адукацыйны працэс перамяжоўваецца з выхаваўчым. Да такіх мерапрыемстваў можна аднесці акцыі, прысвечаныя Году гістарычнай памяці, ушанаванне ганаровых дат і імёнаў герояў, вывучэнне нацыянальнай культуры.
— Дзеці ідуць у наш лагер па настрой, новыя сустрэчы і ўражанні, — дзеліцца Алена Яўгенаўна Шчасная, загадчыца аддзела тэатральнай творчасці. — Калі мерапрыемства носіць толькі забаўляльны характар, то дзеці ў іх — звычайныя ўдзельнікі, якія атрымліваюць асалоду ад таго, што мы ім падрыхтавалі. Але мы шмат праводзім і такіх мерапрыемстваў, дзе нашы дзеці з’яўляюцца нашымі памочнікамі і паплечнікамі і выступаюць разам з намі ў ролі арганізатараў. Гэта дазваляе стварыць асаблівы дух супрацоўніцтва.
Для школьнікаў цэнтр прадастаўляе першае працоўнае месца, і гэты запіс уносіцца кадравай службай у працоўную кніжку падлетка. Таксама яму выдаецца страхавое пасведчанне, афармляецца банкаўская карта.
Кінастудыя цэнтра прыцягвае да сябе ўвагу з боку аматараў кіно. Дзеці пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў ствараюць фільмы. Спачатку гэта было нямое кіно, а потом выхаванцы студыі пачалі ўдасканальваць свае прафесійныя навыкі, пашыраць сваю творчую фантазію і выйшлі ўрэшце на стварэнне нават мастацкіх стужак.
У планах кінастудыі — арганізаваць фестываль “Зоркапад” на прыкладзе мінскага “Лістапада” і запрашаць вядомых артыстаў і дзеячаў культуры.
Пра жыццё цэнтра ва ўсіх фарбах раскажа яго акаўнт у Instagram. Ён — жывы арганізм, дзе кожны дзень па некалькі разоў выкладваюцца інфармацыя, цікавыя факты і падзеі, фота і відэа. Ён прыцягвае ўвагу і дзяцей, і іх бацькоў, дае ўяўленне пра дзейнасць “Зоркі”. Сёння ў цэнтра амаль 2 тысячы падпісчыкаў. Заходзьце на яго старонку і будзеце ў курсе ўсіх спраў.
Ала Клюйко.
Фота з архіва ўстаноў адукацыі.