У Чашніцкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі функцыянуе аб’яднанне па інтарэсах “Майстравая” на чале з загадчыкам аддзела тэхнічнай творчасці навучэнцаў педагогам дадатковай адукацыі Валерыем Мікалаевічам Густавым.
Кожны год яго выхаванцы прыносяць цэнтру розныя ўзнагароды з конкурсаў, што чарговы раз даказвае майстэрства і прафесіяналізм Валерыя Мікалаевіча Густава як педагога. Гэты год не стаў выключэннем. Вучань “Майстравой” Ілья Жук заваяваў дыплом II ступені на XXIII навукова-практычнай канферэнцыі “КВАНТ”. Хлопец распрацаваў шліфавальны станок з трохгранным рабочым органам. Цікава, што канферэнцыя з’яўляецца абласным этапам міжнароднага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”. Ілья таксама ўзяў дыплом II ступені на абласным этапе рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі 2022 года. Зараз распрацоўка вучня дэманструецца на выставе ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. А падвядзенне вынікаў конкурсу адбудзецца ў снежні гэтага года на заключным этапе рэспубліканскага агляду.
Чашніцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі адкрыўся ў 1996 годзе. У шматпрофільнай установе дадатковай адукацыі больш за сто аб’яднанняў па інтарэсах і звыш тысячы навучэнцаў. У цэнтры працуюць аддзел тэхнічнай творчасці; аддзел турызму, краязнаўства і экалогіі; мастацка-эстэтычны аддзел і цэнтр прафілактыкі “Альтэрнатыва”.
— Яшчэ ў школе на працоўным навучанні спадабалася працаваць з дрэвам, нешта майстраваць. І аднойчы, на свята 9 Мая, я сустрэў Валерыя Мікалаевіча. Ён тады арганізаваў невялікую выставу работ сваіх вучняў на гарадской плошчы. Мяне зацікавілі такія вырабы, і я спытаў у сяброў, дзе можна ўдасканаліць навыкі працы па дрэве. Мне падказалі, што ў Чашніцкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі ёсць кабінет працоўнага навучання з добрым абсталяваннем, дзе і выкладае Валерый Мікалаевіч. Я вырашыў пахадзіць на дадатковыя заняткі. Так прайшоў цэлы навучальны год. За гэты час выканаў шмат работ, атрымаў новыя веды, напрыклад, асвоіў работу на такарных станках. Для мяне самым складаным аказалася падрыхтоўка станка на навукова-практычную канферэнцыю “КВАНТ”. Цяжка далася даследчая дзейнасць. Мне давялося заняцца пошукам крыніц у бібліятэцы, у інтэрнэце, у газетах. Такі вопыт у мяне быў упершыню. У будучыні хачу працаваць не толькі з дрэвам, але і з жалезам. Валерый Мікалаевіч нас дысцыплінуе, не дае нам расслабляцца, матывуе на дасягненні. Я веру ў тое, што праца зрабіла з малпы чалавека, — дзеліцца вучань Ілья Жук.
Акрамя абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, Валерый Густаў праводзіць свае спаборніцтвы, напрыклад, раённы агляд-конкурс “ТэхнаСвет”. Ён уключае ў сябе тры напрамкі: авіямадэляванне, суднамадэляванне і аўтамадэляванне.
Метады майстра
— Самае важнае ў выкладанні — захапіць і заняць дзяцей. Да нас ходзяць вучні з розных устаноў адукацыі. Тут мы спрабуем даць тое, чаго ім не хапае ў школьным працоўным навучанні. Працэс адбываецца наступным чынам: хлопцы шукаюць ідэі, мы ўзгадняем іх, затым я знаходжу матэрыялы і забяспечваю ўсім неабходным для работы. Вядома, стараюся падтрымліваць усё ў добрым стане, каб да прыходу вучняў усё функцыянавала. Дарэчы, у нас ёсць новае абсталяванне, якое дазваляе выконваць больш работ, чым на станках старога ўзору. Што тычыцца запчастак, нам дапамагаюць гараджане, аддаюць непатрэбныя дэталі, якія мы выкарыстоўваем у далейшым, — расказвае выкладчык. — Дарэчы, першы год вучні працуюць толькі з ручнымі прыладамі, а на другі — ужо са станочным абсталяваннем.
Калі ты на наступны дзень пасля заняткаў прачнуўся, а ў цябе не баляць рукі, — значыць ты не займаўся ў мяне, — гаворыць педагог дадатковай адукацыі Валерый Мікалаевіч Густаў.
На занятках Валерыя Мікалаевіча патрэбна асаблівая акуратнасць — у кабінеце знаходзяцца рабочыя станкі, вялікая колькасць металічных вуглоў, колючыя і рэжучыя інструменты. Педагог старанна сочыць за бяспекай на сваіх уроках.
— Калі ў хлопцаў здараюцца першыя няўдачы, яны думаюць, што ўсё сапсавалі, і хвалююцца. У такія моманты прапаную падумаць, як выправіць сітуацыю, што для гэтага можна зрабіць. Бо дрэва — гэта пластылін. Яго таксама можна апрацаваць і надаць форму. Такім чынам, вучні прывыкаюць не здавацца і праяўляюць фантазію, — гаворыць В.М.Густаў.
Метады педагога ў навучанні простыя. Да кожнага дзіцяці ён знаходзіць індывідуальны падыход, таму што ў кожнага розныя жаданні і інтарэсы. На занятках работам не даецца ацэнка — ні выкладчыкам, ні вучнямі. Выхаванцы паказваюць сваё майстэрства дзякуючы ўдзелу ў розных спаборніцтвах.
Напрыклад, па выніках работы за 2018 год у конкурсе “ТэхнаІнтэлект” навучэнец гуртка Міхаіл Бутэр быў удастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
— У мяне бацька працаваў сталяром, я часта прыходзіў да яго на работу. Калі тата быў заняты, ён даваў мне інструменты, драўляныя абрэзкі, і я самастойна майстраваў. Так я засвоіў бацькоўскі ўрок: калі чагосьці захацелася — вазьмі і зрабі сам, — успамінае Валерый Мікалаевіч.
Погляд знізу
— Знаёмства з працоўнай дзейнасцю адбылося, калі я прыйшоў у летні лагер пры Чашніцкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі. Мы з сябрамі захапіліся вырабамі з дрэва. Нас вучыў Валерый Мікалаевіч. Мне так спадабалася гэтая справа, што я вырашыў пахадзіць пасля школьных урокаў на дадатковыя заняткі ў ЧРЦДМ. Памятаю, мой першы выраб — драўляны керамбіт. Гэта такі выгнуты нож. Усім хлопцам падабаюцца такія, таму што падобныя выкарыстоўваюць у кіношных баевіках. А яшчэ падабаецца выразаць па дрэве разцамі, — расказвае юны майстар Аляксандр Закрэўскі.
— Рэдка хто можа пахваліцца такімі работамі. А вось у Аляксандра яны атрымліваюцца аб’ёмнымі, дэталізаванымі і рознаўзроўневымі, — хваліць вучня педагог.
Навучэнцы, выходзячы са сцен цэнтра, паступаюць у розныя каледжы і УВА Беларусі на спецыяльнасці, звязаныя з працоўным навучаннем, напрыклад, на чырванадрэўшчыка. Што сведчыць пра моцную цікавасць да прафесіі, якую хлопцам перадаў выкладчык.
— Выпускнікі часта наведваюць кабінет “Майстравой” і знаходзяць у сваім жыцці месца для працоўных работ, нават калі не звязваюць прафесію з гэтай справай, — гаворыць педагог дадатковай адукацыі.
Настасся ЧАРКАНАВА.
Фота аўтара.