Прэзідэнт Дональд Трамп днямі прадставіў абноўлены парадак правядзення малітваў у дзяржаўных школах, паведамляе “Голас Амерыкі”.
Прадстаўнікі адміністрацыі называюць гэты крок чарговым прыкладам прыхільнасці Д.Трампа да забеспячэння свабоды веравызнання, што амерыканскі прэзідэнт зрабіў адным з ключавых у сваёй унутранай і знешняй палітыцы. Д.Трамп увёў Дзень рэлігійнай свабоды і загадаў Дзярждэпартаменту кожны год праводзіць міжнародную сустрэчу на ўзроўні міністраў замежных спраў для абароны свабоды веравызнання.
Абноўленыя правілы аб правядзенні малітваў у дзяржаўных пачатковых і сярэдніх школах віталі прыхільнікі Дональда Трампа сярод евангельскіх хрысціян.
На сёння ў амерыканскіх школах забаронена фінансаванне са школьнага бюджэту правядзення малітоўных сходаў, аднак індывідуальныя і групавыя малітвы навучэнцаў не знаходзяцца пад забаронай. Амерыканскія школьнікі калісьці пачыналі вучэбны дзень з малітвы або чытання Бібліі. Гэтая традыцыя была спынена ў 1962 годзе, калі Вярхоўны суд вырашыў, што фінансаванне малітваў са школьнага бюджэту парушае канстытуцыйную забарону на ўстанаўленне афіцыйнай рэлігіі ў ЗША. У наступных рашэннях суда адзначаецца, што малітвы ў школах абараняюцца Канстытуцыяй.
Інструкцыі Міністэрства адукацыі ў дачыненні да школьных малітваў апошні раз абнаўляліся ў 2003 годзе. Мінадукацыі патрабуе ад мясцовых школьных акруг штогод пацвярджаць, што яны не праводзяць палітыку дыскрымінацыі, адмаўляючы навучэнцам у іх канстытуцыйным праве на малітву. У выпадку, калі нейкія школы не будуць выконваць гэтыя патрабаванні, Міністэрства адукацыі можа адмовіць ім у фінансаванні.
Джо Гроган, дырэктар Савета па ўнутранай палітыцы Белага дома, паведаміў журналістам, што абноўленыя правілы “нагадаюць школьным акругам аб рэлігійных правах навучэнцаў, бацькоў і настаўнікаў і дазволяць навучэнцам з упэўненасцю карыстацца гэтымі правамі”.
Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.





