Зварот да народнай педагогікі

- 14:39Выхаванне, Выхаваўчая работа

Чалавек, які нарадзіўся і вырас у вёсцы, асабліва добра разумее культуру свайго народа. Таму ўжо шмат гадоў мы ствараем, захоўваем і перадаём традыцыі, якія выхоўваюць любоў да роднага краю, роднага пасёлка, роднай мовы і культуры.

Нашы продкі пачыналі выхаванне гарманічнай асобы з самага ранняга дзяцінства — з калыханак, гульняў, лічылак, песень, прымавак. Правя­дзенне традыцыйных абрадаў і звычаяў паўтаралася на працягу стагоддзяў, з году ў год, перадавалася з пакалення ў пакаленне, што спрыяла выхаванню. Усе традыцыі нашага народа з’яўляюцца сродкамі выхавання ў дзяцей патрыятызму, любові да Радзімы.

У нашым дзіцячым садзе назапашаны пэўны вопыт патрыятычнага вы­хавання дзяцей на вядомых традыцыях роднага краю. Цяжка пералічыць усе звычаі, якія захоўваюцца ў сем’ях нашых выхаванцаў.

Выхавальнікі дашкольнай установы адукацыі зай­маюцца вывучэннем соцыуму з мэтай выяўлення сямейных традыцый, захапленняў народнымі промысламі, рамёствамі, вывучаюць традыцыі выхавання ў сем’ях. Наш калектыў выконвае вельмі патрэбную працу — стварае традыцыі і перадае іх пакаленню дзяцей, якія наведваюць дзіцячы сад, і іх бацькам.

Важнай традыцыяй з’яў­ляецца захаванне добрых адносін з сем’ямі нашых выхаванцаў, якія праз шмат гадоў з цяплом успамінаюць свой любімы дом — дзіцячы сад і сваіх самых лепшых педагогаў.

Дзейнасць па раскрыцці творчага патэнцыялу дзяцей дае магчымасць прымаць удзел у конкурсах. І традыцыяй стала высокая ацэнка талентаў нашых выхаванцаў.

Шэраг традыцый звязаны са святамі. Самае жаданае для ўсіх свята — Новы год. Мы традыцыйна праводзім яго ў форме казачных, вясёлых забаў. Традыцыяй стала выпускаць насценгазеты да ўсіх значных мерапрыемстваў і дат, а таксама для інфармавання бацькоў аб жыцці  ўстановы. Дарыць на свята падарункі, зробленыя сваімі рукамі, — таксама традыцыя, як і дзіцяча-бацькоўскія мерапрыемствы, якія праводзяцца ў кожнай групе.

Добрай традыцыяй стала штогадовае азеляненне тэрыторыі, у якой бя­руць удзел і дарослыя, і дзеці. Міні-музей — таксама традыцыя, а прынесеная ў яго рэч — маленькі кавалачак гісторыі сям’і.

У мінулым навучальным годзе ва ўстанове рэалізоўваўся педагагічны праект “Народная лялька — сродак далучэння дашкольнікаў да нацыянальнай культуры”. Тэма праекта выбрана невыпадкова. Менавіта лялькі для дзяцей дашкольнага ўзросту могуць стаць сувязным звяном з мінулым пакаленнем, праз гульню з лялькай выхаванцы спазна­юць свет. Унікальнасць такой цацкі яшчэ і ў тым, што яна змяшчае веды папярэдніх пакаленняў і больш за ўсё адпавядае патрэбам пазнавальнай дзейнасці дзіцяці дашкольнага ўзросту.

У час рэалізацыі педагагічнага праекта нашы выхаванцы знаёміліся з традыцыямі, дзе была задзейнічана лялька. Дзеці не толькі даведаліся пра гісторыю ўзнікнення лялек і іх выкарыстанне. З вялікай цікавасцю яны займаліся рукадзеллем, праяўлялі творчасць у вырабе лялек-абярэгаў, ладзілі выставы сваіх работ.

Выхоўваючы цікавасць да культуры сваіх продкаў праз цацку, мы адначасова выхоўвалі ў дзяцей ціка­васць да народных гульняў, беларускай народнай музыкі, народных промыслаў, традыцый свайго народа.

Мы далучылі і бацькоў да творчай і прадукцыйнай дзейнасці, у выніку якой яны сталі ініцыятарамі ў папаўненні развіццёвага прадметна-прасторавага асяроддзя ў групе і міні-музеі дзіцячага сада. Работа ў праекце дапамагла ім даведацца, што лялькі прызначаны не толькі для забавы, але і могуць дапамагчы ў выхаванні дзяцей.

Зварот да народнай педагогікі, выкарыстанне народнай лялькі аказаліся карыснымі для ўсіх удзельнікаў педагагічнага праекта: дзяцей, бацькоў і педагогаў.

Алена ЛЯШКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Зарэчанскага дзіцячага сада Смалявіцкага раёна.