У сясцёр — адзіныя жыццёвыя арыенціры, інтарэсы і адна на дваіх прафесія. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Пра тое, каб стаць педагогамі, марылі з дзяцінства. Наша мама — настаўніца рускай мовы і літаратуры. Часта даводзілася бываць на яе ўроках, бачыць, як яна выкладае, з якім энтузіязмам адносіцца да сваёй справы. З педагагічнай працай мы былі знаёмыя добра, таму прафесійны выбар перад намі нават не стаяў, — падзялілася Святлана Іванова.
Разважалі сёстры толькі наконт педагагічнага профілю. І першапачаткова фізіку як прадмет для выкладання яны не разглядалі.
— З-за колькасці формул і навуковых тэрмінаў гэтая дысцыпліна здавалася складанай. Калі вызначалася з прафесійным напрамкам, спынілася на фізмаце, пайшла вучыцца ў МДУ імя А.А.Куляшова. Аднак з упэўненасцю гаварыла ўсім, што выкладаць буду толькі матэматыку, бо фізіка — гэта не маё. Але выйшла ўсё з дакладнасцю да наадварот. Дзякуючы ўніверсітэцкаму педагогу Таццяне Юр’еўне Герасімавай, фізіка стала для мяне простай і зразумелай, — паведаміла Наталля Брызгалава.
Прыязджаючы дадому, Наталля Сяргееўна натхнёна ўспамінала студэнцкія будні на фізмаце. Пастаянна гаварыла і пра фізіку як навуку.
— Прыклад сястры істотна паўплываў на маё самавызначэнне. Калі яна маладым педагогам вярнулася працаваць у наш Быхаў, я адправілася вучыцца на фізмат. Атрымаўшы настаўніцкі дыплом, таксама прыехала на малую радзіму. Прычым воляй выпадку трапіла ў 1-ю гарадскую школу, дзе выкладала Наталля. Так мы з ёй сталі калегамі. І вось ужо больш за два дзесяцігоддзі сумесна пераконваем вучняў, што фізіка — гэта займальна і цікава, — расказала Святлана Сяргееўна.
Сёння за плячыма ў Наталлі і Святланы — вялікі педагагічны стаж і вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя. У выкладанні фізікі сёстры робяць акцэнт на кампетэнтнасным падыходзе, практыкаарыентаванасці і візуалізацыі.
— У структуры ўрокаў выкарыстоўваем медыятэксты, кросенсы, гексы, якія дазваляюць візуалізаваць тэарэтычны матэрыял. Для сучасных навучэнцаў гэта вельмі важна, бо інфармацыю яны ў асноўным ўспрымаюць наглядна. Шырока прымяняем метад праектаў і дамашнія эксперыменты, якія адкрываюць дзецям прастору для творчасці. Сваімі рукамі вучні вырабляюць розныя вымяральныя прыборы, праводзяць элементарныя доследы. Гэта дапамагае ім зразумець сутнасць фізічных законаў, усвядоміць, што фізіка — паўсюль, — лічыць Наталля Брызгалава.
Вялікую ўвагу педагогі ўдзяляюць фарміраванню самастойнасці ў навучэнцаў. Яны перакананы: лепш за ўсё засвойваюцца тыя веды, якія дзеці здабываюць самі, праз уласныя адкрыцці. Эфектыўнасць сістэмы выкладання сясцёр адлюстроўваюць вучнёўскія дасягненні.
— У нашых класах дастаткова высокая вучэбная паспяховасць. Навучэнцы добра здаюць цэнтралізаваныя экзамен і тэсціраванне. Многія вучні ідуць на фізіка-матэматычны або інжынерны профіль навучання, а пасля звязваюць з фізікай прафесійную будучыню, — заўважыла Святлана Іванова.
Дарэчы, Святлана Сяргееўна яшчэ і класны кіраўнік. Цяпер пад яе куратарствам знаходзяцца хлопцы і дзяўчаты з 10 “Б” класа.
— Для сваіх падапечных стараюся быць сябрам, старэйшым таварышам. Усяляк падтрымліваю навучэнцаў, даю парады, выхоўваю ў іх сумленнасць, спагадлівасць, прыстойнасць, любоў да Радзімы. Мне неабыякавы лёс дзяцей. Хочацца, каб са школы яны выйшлі дастойнымі людзьмі з правільнымі маральнымі каштоўнасцямі, — адзначыла настаўніца.
Асноўная задача Наталлі Брызгалавай — арганізацыя вучэбна-метадычнай работы ў школе. На працягу амаль дзесяцігоддзя яна паспяхова сумяшчае выкладанне з выкананнем абавязкаў намесніка дырэктара.
— Адміністрацыйная дзейнасць забірае шмат часу. Але ад урокаў не адмаўляюся — не магу абысціся без зносін з дзецьмі. Да таго ж прытрымліваюся меркавання, што немагчыма разумець клопаты педагогаў ці нешта растлумачыць ім, калі не вядзеш заняткі. Бесперапынна знаходжуся ў прафесійным развіцці і матывую на гэта калектыў, — падкрэсліла Наталля Сяргееўна.
У прафесійнай дзейнасці сёстры адна для адной — галоўная апора ва ўсім. У іх заўсёды шмат тэм для размоў, якія нярэдка пераходзяць у сямейныя міні-педсаветы.
— Дзелімся знаходкамі, абмяркоўваем перадавыя методыкі і тэхналогіі. Сочым за актуальнымі навінамі ў цэлым, разбіраем ключавыя тэндэнцыі ў сферы адукацыі, — растлумачыла Святлана Іванова.
Адметна, што ў сясцёр нават захапленне агульнае. Разам яны займаюцца кветкаводствам: вырошчваюць разнастайныя хатнія расліны, упрыгожваюць кветкамі свае прысядзібныя ўчасткі. У зеляніне патанае і школьны кабінет фізікі.
— На сёння ў класе ўжо некалькі дзясяткаў раслін. Асабліва падабаецца разводзіць фікусы і кактусы. Да нашага захаплення далучаюцца вучні, прыносяць саджанцы і насенне, — расказала Наталля Брызгалава.
Нядзіўна, што пры адзінстве поглядаў і прынцыпаў мэты ў сясцёр поўнасцю супадаюць. У іх планах — далейшае ўдасканаленне педагагічнага майстэрства.
— Каб вучыць дзяцей якасна, трэба ісці ў нагу з часам. Да гэтага і імкнёмся, — запэўнілі настаўніцы.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





