Патрыятычнае выхаванне — вельмі актуальны напрамак у рабоце з падрастаючым пакаленнем, адзначыў на прэс-канферэнцыі намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
А. Кадлубай дадаў, што ў краіне вядзецца комплексная работа па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Акрамя кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, ёй займаюцца класныя кіраўнікі, педагогі-арганізатары, намеснікі дырэктара па выхаваўчай рабоце, сацыяльныя педагогі.
Па меркаванні намесніка міністра адукацыі ключавая пазіцыя, на якой будуецца выхаваўчы працэс, — фарміраванне гістарычнай памяці. Галоўнымі вехамі ў гэтай рабоце з’яўляюцца гістарычная памяць аб Вялікай Айчыннай вайне і станаўленне беларускай дзяржаўнасці.
— Увядзенне ва ўстановах адукацыі ставак кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні ў сістэме школьнай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі было правільным рашэннем. Такія спецыялісты з вопытам службы і пэўнымі педагагічнымі навыкамі гарманічна ўпісаліся ў сістэму выхаваўчай работы. На сёння імі ўкамплектаваны звыш 90 % устаноў адукацыі, — сказаў А. Кадлубай. — Гэта стала магчымым шмат у чым дзякуючы падтрымцы раённых і абласных ваенных камісарыятаў Міністэрства абароны.
Найбольш прадукцыйныя формы работы па выхаванні юных патрыётаў — гэта ваенна-патрыятычныя клубы. У сістэме органаў МУС створана 18 профільных клубаў, яшчэ 15 функцыянуюць на базе розных вайсковых падраздзяленняў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
У ваенна-патрыятычных клубах і аб’яднаннях па інтарэсах, пошукавых аб’яднаннях вядзецца глыбокая выхаваўчая работа. Сёння ва ўстановах адукацыі функцыянуюць 755 аб’яднанняў па інтарэсах і клубаў ваенна-патрыятычнага профілю, якія наведваюць больш за 10 тыс. навучэнцаў. Яшчэ каля 4,5 тыс. навучэнцаў даследуюць гісторыю малой радзімы ваеннага перыяду на аснове мясцовага краязнаўчага матэрыялу ў 372 пошукавых аб’яднаннях устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Такія формы работы, як музейная педагогіка, краязнаўства, рэгулярныя ўрокі памяці і мужнасці, шматлікія патрыятычныя акцыі і праекты, валанцёрская дзейнасць, дапамагаюць зацікавіць найбольшую колькасць школьнікаў ваенна-патрыятычнай тэматыкай, актуальнай сучаснай праблематыкай.
Сёння ў краіне налічваецца 1420 школьных музеяў, з якіх 209 — ваенна-гістарычнага профілю.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара і із архіва рэдакцыі
Навіна па тэме:
Ігар Малінін: «Ваенна-патрыятычнае выхаванне будуецца на любові да Радзімы, бацькоў, сваёй сям’і»