Пудаўнянскі дзіцячы сад Дрыбінскага раёна з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па рэалізацыі адукацыйнага праекта “Зялёныя школы” ва ўстановах дашкольнай адукацыі Магілёўшчыны. Якраз цяпер тут адкрываецца новы “зялёны” сезон. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Свет пад мікраскопам
Кажуць, што веды, атрыманыя ў дзяцінстве, самыя трывалыя. Усё, што мы засвоілі ці чаму навучыліся ў маленстве, з намі застаецца на ўсё жыццё. Як і пытанні, якія тады ж засталіся без адказу. У Пудаўні многія дзіцячыя “чаму”, “як” і “навошта” знаходзяць адказы ў “зялёнай школе”.
Тут добра ведаюць: нішто так не стымулюе дапытлівасць малечы, як уласныя адкрыцці. А калі яны зроблены сярод роднай прыроды — удвая. Менавіта на гэта накіраваны комплексны адукацыйны праект “Зялёныя школы”. Пудаўнянскі дзіцячы сад Дрыбінскага раёна з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па рэалізацыі гэтага праекта ва ўстановах дашкольнай адукацыі Магілёўшчыны.
Толькі ступіўшы на тэрыторыю гэтага сада, становіцца відавочна, што тут да прыроды асаблівае, трапяткое стаўленне. Усюды зеляніна, кветкі, малышы групкамі падчас прагулкі абмяркоўваюць з выхавальніцамі то пчаліную дапамогу дрэвам, то мурашыную — нам, то падсяваюць кроп і пятрушку на градкі… Свае даследаванні яны працягваюць у памяшканні — адразу за зімовым садам тут размясціўся рэсурсны цэнтр з дыдактычнымі дапаможнікамі, нагляднымі матэрыяламі, міні-лабараторыяй з мікраскопамі і іншым абсталяваннем.
У рамках праекта “Зялёныя школы” работа пачынаецца з навучэнцамі 5—7 гадоў — гэта той узрост, калі дзеці актыўна і асэнсавана пачынаюць прымяняць атрыманыя веды на практыцы, вучацца рабіць высновы. Вельмі плённа ў гэтым кірунку працуе выхавальніца Лілія Фёдараўна Палаўцова. Сам праект рэалізуецца па 5 асноўных кірунках — біяразнастайнасць, энергазберажэнне, водазберажэнне, абыходжанне з адходамі і інфармацыйныя экалагічныя ініцыятывы.
“У першую чаргу мы вывучаем відавую разнастайнасць на нашай тэрыторыі. Для зручнасці самі распрацавалі інтэрактыўную карту нашага ўчастка, — расказвае, пачынаючы экскурсію па дзіцячым садзе, яго загадчыца Вольга Гацэнка. — Дзеці выходзяць на прагулку, назіраюць за птушкамі, зімой іх кормяць, глядзяць, хто прылятае сюды сталавацца, вяртаюцца да інтэрактыўнай дошкі і магніцікамі адзначаюць тых птушак, якіх сёння заўважылі і якіх пакармілі. Вясной мы спецыяльна саджаем на клумбе пэўныя кветкі, якія любяць матылькі. Паглядзіце, колькі іх на маргарытках! А там — птушыны гарадок. Падчас прагулкі дзеці спыняюцца, слухаюць птушыныя галасы. Разам з выхавальнікамі, скарыстаўшыся дыдактычнымі дапаможнікамі, планшэтамі, яны ўключаюць апазнаванне птушынага голасу і вызначаюць, якая птушка зараз спявае. Інтэрактыўныя сродкі ёсць і каля нашага штучнага вадаёма з садовымі фігуркамі ў выглядзе водных жыхароў. Тут можна даведацца, хто з іх перад вамі. А можна паглядзець прэзентацыю, адправіцца ў віртуальнае падарожжа на тое ж балота”.
Далей ідзём на метэастанцыю — з сонечным гадзіннікам, лаўцом аблокаў, стужкамі, па якіх малышы вызначаюць сілу і кірунак ветру, з вядзерцам — вымяральнікам ападкаў.
Дашкольнікі і іх бацькі актыўна ўдзельнічаюць у азеляненні. З іх дапамогай пустка вакол дзіцячага сада ператварылася ў цяністы парк.
“На метэастанцыі мы назіраем за надвор’ем і праводзім свае эксперыменты, — тлумачыць Вольга Іосіфаўна. — Пудаўня — самы высокі пункт у Магілёўскай вобласці, таму ў нас пабудаваны ветраныя ўстаноўкі. Іх добра відаць і чуваць з дзіцячага сада, і ў дзяцей узнікала шмат пытанняў наконт іх. Адказы яны шукалі з дапамогай уласных даследчых праектаў: вывучалі, як энергія ветру выкарыстоўваецца ў прамысловасці нашага рэгіёна”.
Завіталі мы і на пляцоўку, дзе можна вывучаць відавую разнастайнасць дрэў і кустоў, а па спілах даведвацца пра іх будову. Непадалёк — участак, які наўмысна не абкошваецца, каб дзеці маглі назіраць жыццё насякомых у натуральных умовах, разам з выхавальніцай праводзіць даследаванні. На ім абсталяваны атэль для насякомых, дзе выхаванцы ўжо актыўна назіраюць, як прачынаюцца ад зімовага сну яго маленькія насельнікі. Гэта адкрытая драўляная скрыня з асобнымі секцыямі, запоўненая саломінкамі, палачкамі, шышкамі, іншым прыродным матэрыялам, які і стаў “пакоямі” для “пастаяльцаў”.
Залятаюць жыхары атэля і на лекавую клумбу. Тут дашкольнікі збіраюць лекавыя расліны і з іх робяць лялек-траўніц (водар ім надаюць зёлкі, ушытыя ўсярэдзіну). Пачаўся сезон і ў агародзе, у якім дзеці таксама праводзяць свае эксперыменты. Напрыклад, цяпер яны заняты кампостам. Увосень хлопчыкі і дзяўчынкі збіралі ў скрыню апалае лісце, зімой яно кампаставалася, цяпер падсыпалі туды грунту і пасадзяць кабачкі і гарбузы. За іх ростам дзеці асабліва любяць назіраць. Усё ўбачанае яны фіксуюць у дзённіках назіранняў, а зімой запісы абагульняць, правядуць новыя даследчыя работы.
Прасачыць шлях вады і выратаваць кошку
Кожны з юных даследчыкаў у гэтым садку добра ведае і тое, як да іх прыходзіць вада і электрычнасць, як можна іх зберагаць, у тым ліку і дома. Актыўна дапамагаюць у гэтым бацькі. Разам яны ставяць эксперыменты, аналізуюць колькасць спажывання электраэнергіі, шукаюць неабходную інфармацыю ў інтэрнэце. Каб лепш зразумець шлях вады да крана, малышы хадзілі з экскурсіямі ў падвал, на цеплавузел, у арганізацыі ЖКГ, на вадапомпавую станцыю, а таксама паглядзелі калодзежы, калонкі. Гэта было ім трэба і для вывучэння гісторыі спажывання вады чалавекам увогуле.
“Мы гаворым малышам пра тое, што рэсурсы абмежаваныя, што не прырода створана для чалавека, а чалавек для прыроды. Мы павінны яе берагчы, абараняць і галоўнае — любіць”, — дзеліцца Вольга Гацэнка.
Абмяркоўваюць педагогі з дзецьмі і іх бацькамі і існуючыя экалагічныя праблемы — пацяпленне клімату, знікненне многіх відаў птушак, разам саджаюць дрэвы, вучаць выхаванцаў не пакідаць пасля сябе смецце.
“Кожную вясну мы пачынаем розныя акцыі з далучэннем бацькоў і мясцовага насельніцтва — “Чысты двор”, “Чысты аграгарадок”. Вельмі любяць нашы дзеці акцыю “Ляцяць пералётныя птушкі” — разам з татамі і мамамі яны фатаграфуюць птушак, вывучаюць іх, даведваюцца, адкуль і куды яны ляцяць. Цікава праходзіць і мерапрыемства “Жывёлы нашых лясоў”. Шмат чые бацькі працуюць у лясгасе — яны бяруць з сабой дзяцей, калі прыкормліваюць жывёл. У наш заказнік нядаўна завезлі высакародных аленяў. Дзеці іх фатаграфуюць, робяць калажы. Праводзілі мы і акцыю “Пакармі бяздомную жывёлу”, і даследчую работу “Мой любімы сябар”. Гераіняй даследавання стала маленькая кошка, якая прыбілася да нас. Мы не маглі ёй не дапамагчы. Мы яе памылі, вылечылі. Такія рэчы выхоўваюць у дзіцяці пачуццё эмпатыі, міласэрнасці”, — разважае Вольга Іосіфаўна.
Прыемным бонусам да новых ведаў у юных даследчыкаў і кампетэнцый іх выхавальнікаў дадаюцца шматлікія перамогі на розных конкурсах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню: “Энергамарафон”, “Зялёныя слядочкі”, “Глобус”, “Планета ведаў”, “Я люблю жывёл”, “Яркія агні” і інш. Улічваючы, што гэта малакамплектны сад (тут усяго 41 выхаванец і толькі 7 педагогаў), вынікі выдатныя. І ўзяты тэмп тут ніхто не збіраецца збаўляць.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара і прадастаўлены дзіцячым садам