У дзяцінстве ўсе мы любілі слухаць неверагодныя гісторыі, асабліва так званыя страшылкі, дзе апавядалася пра прывідаў, якія блукаюць уначы па калідорах былых панскіх палацаў, пра дзівосныя гукі, што даносяцца з могілак зімовымі вечарамі, пра лесавікоў, якія быццам жывуць у сасновым бары ці бярозавым гаі. Мы выраслі і дакладна ведаем: акрамя людзей, у лесе можна сустрэць толькі звяроў і птушак, а таемныя гукі, якія чуюцца на могілках, — гэта рыпенне старых дрэў. Аднак і ў дарослым жыцці можна сутыкнуцца са з’явамі, якія цяжка растлумачыць. У гэтым мяне пераканала нядаўняе падарожжа ў старажытны Тураў.
Таямнічы горад
Некалькі гадзін, праведзеных у знакамітым горадзе, пакінулі столькі ўражанняў, што іх хапіла б на некалькі камандзіровак. Засталося і шмат пытанняў. Канечне, на некаторыя з іх можна знайсці адказы. Напрыклад, з’яўленне каменных крыжоў на Барыса-Глебскіх могілках растлумачыць вібрацыямі зямлі і грунтовых вод. Але чаму тады крыжы растуць ушыркі? Чаму ў царкве Усіх Святых міраточыла ікона Мікалая Цудатворцы? Чаму старыя пачарнелыя іконы пачалі абнаўляцца?
Гэта толькі частка пытанняў, якія засталіся пасля наведвання аднаго з самых таямнічых беларускіх гарадоў. Хаця адразу і не скажаш, што Тураў загадкавы. Звычайныя вуліцы з драўлянымі сядзібамі, якія змяняюцца нешматлікімі двух-, трох- і пяціпавярховымі дамамі. Як і ў кожным невялікім беларускім горадзе, тут ідзе размеранае жыццё. І толькі замкавая гара, драўляная царква, Барыса-Глебскія могілкі нагадваюць пра яго слаўнае мінулае. Але гэта толькі твар, знешні выгляд Турава. Каб даведацца пра яго душу, пакручасты лёс, трэба абавязкова наведаць гарадскія музеі або пагутарыць з мясцовымі настаўнікамі, якія не горш за прафесійных музейшчыкаў раскажуць пра таямніцы роднага горада.
У музеі імя…
Так склалася (іначай і не магло быць), што асноўны кірунак выхаваўчай работы і ў першай, і ў другой тураўскіх школах — даследаванне мінулага роднай зямлі, вывучэнне яе багатай загадкавай гісторыі, фальклорнай і этнаграфічнай спадчыны, маляўнічай прыроды. Для юных краязнаўцаў і эколагаў з Турава родная зямля — сапраўднае раздолле, бясконцая пляцоўка для даследчай дзейнасці. Можа, па гэтай прычыне ў кабінеце намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Турава Таццяны Іванаўны Сілковай мяне зусім не здзівілі тры вялікія шафы, цалкам застаўленыя вучнёўскімі работамі: здаецца, так і павінна быць. Акрамя таго, тут захоўваецца і альбом з дыпломамі, падзячнымі лістамі, якія вучні і настаўнікі гэтай установы адукацыі атрымалі за перамогі ў шматлікіх конкурсах як раённага, так і абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў. Плюс некалькі дыпломаў, што беражліва захоўваюцца ў рамках пад шклом. Сярод іх дыплом І ступені за перамогу ў конкурсе творчых работ “Натхнёны водарам Радзімы”, які праводзіўся ў рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Такія цудоўныя вынікі дасягнуты нездарма: ужо 17 гадоў сярэдняя школа № 2 Турава працуе па праграме “Спадчына”.
— Праграма накіравана на вывучэнне нашымі школьнікамі гісторыі, культуры, этнаграфіі, геаграфічнага і эканамічнага становішча, прыроды роднага краю. У гэтай рабоце задзейнічаны ўсе вучні з першага па адзінаццаты клас. Падчас рэалізацыі праграмы выкарыстоўваюцца актыўныя формы работы: паходы, экскурсіі, гульні, віктарыны, — гаворыць Таццяна Іванаўна.
Падчас рэалізацыі праграмы “Спадчына”, акрамя даследчай дзейнасці, вучні займаюцца і папаўненнем фондаў школьнага гісторыка-краязнаўчага музея імя… (думаю, вы правільна здагадаліся) Кірылы Тураўскага — самага знакамітага ўраджэнца горада.
— Наш музей быў адкрыты ў 1988 годзе пры актыўным удзеле былога дырэктара школы Галіны Іванаўны Шатоўскай, — расказвае Таццяна Іванаўна. — Першымі прадметамі для будучай экспазіцыі сталі прылады працы і прадметы побыту тураўлян. Потым мы заказалі ў прафесійных мастакоў карціны з выявай народнага строю нашай мясцовасці, археолагі падарылі нам рог тура, кіпцюр мядзведзя, каменны малаток. Сабраныя рэчы мы класіфікавалі, такім чынам стварылі 3 раздзелы: гістарычны, краязнаўчы і прыродазнаўчы. Асноўныя экспанаты — безумоўна, прадметы, звязаныя з жыццём Кірылы Тураўскага. Гэта тэксты павучанняў, малітваў. Дзякуючы былому дырэктару школы Марыі Якаўлеўне Радзівонавай, у нашым музеі прапісаўся і бюст Кірылы Тураўскага, з’явілася і вялікая карціна з выявай святога.
Для кожнай паралелі праграмай “Спадчына” прадугледжана пэўная работа. Так, вучні 6 класа пад кіраўніцтвам Ванды Ігнацьеўны Зямлянік вывучаюць гісторыю Турава на ўроках англійскай мовы, навучэнцы 11 класа працуюць па праграме “Геаграфія роднага краю”. У кожнага педагога свой напрамак работы. Напрыклад, настаўнік гісторыі Аляксей Уладзіміравіч Мароз вывучае мінулае, збірае мясцовыя легенды і паданні, даследуе палескую прыроду. Менавіта Аляксей Уладзіміравіч, за што яму яшчэ раз вялікі “дзякуй”, раскрыў для мяне некаторыя таямніцы тураўскай зямлі.
— Гэтай справай займаюся разам з вучнямі з 2005 года. Думаю, мне пашчасціла, паколькі ў маім класе вучацца дзеці, якія ўсе як адзін цікавяцца мінулым Турава. Калі мы працавалі над першай работай, прысвечанай Канстанціну Канстанцінавічу Астрожскаму, наша дзейнасць яшчэ не была сістэматызавана, не працаваў ні гурток, ні факультатыў, мы нават не ставілі перад сабой доўгатэрміновых мэт і задач, — расказвае Аляксей Уладзіміравіч.
Працаваць было няпроста, паколькі звестак пра Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага, у адрозненні ад яго бацькі, найвышэйшага гетмана Вялікага Княства Літоўскага Канстанціна Іванавіча, было не так ужо і многа. Настаўніку давялося працаваць у архівах, дзейсную дапамогу аказаў прафесар Леанід Смілавіцкі, а таксама епіскап Тураўскі і Мазырскі Сцяфан. Акрамя таго, адзін з вучняў Аляксея Уладзіміравіча наведаў Астрог, сфатаграфаваў будынак знакамітай Астрожскай акадэміі, старадаўні замак, помнік Канстанціну Астрожскаму. У выніку плённых пошукаў і была створана даследчая работа “Канстанцін Астрожскі — верны сын сваёй Айчыны”, якая неаднаразова займала прызавыя месцы на конкурсах. Пра свайго знакамітага земляка тураўскія вучні расказвалі і ўдзельнікам міжнародных Свята-Макар’еўскіх чытанняў. А надрукавана работа была пры фінансавай падтрымцы турыстычнай фірмы “Тураў-турызм”.
З таго часу паміж фірмай і сярэдняй школай № 2 пачалося цеснае супрацоўніцтва. Турыстычная арганізацыя ладзіць для дзяцей экскурсіі па Нацыянальным парку “Прыпяцкі”, размяшчае тэкст вучнёўскіх работ на сваім сайце. А школьнікі ў сваю чаргу разам з Аляксеем Уладзіміравічам праводзяць для гасцей Турава цікавыя і захапляльныя экскурсіі. Пра таямніцы знакамітых каменных крыжоў, жыццё Кірылы Тураўскага, Канстанціна Астрожскага, княгіні Ірыны ад юных краязнаўцаў даведаліся і супрацоўнікі Мазырскага нафтапераапрацоўчага завода, і салігорскага “Беларуськалія”, і Крычаўскага цэментна-шыфернага завода, не гаворачы ўжо пра шматлікіх настаўнікаў і вучняў з розных куточкаў нашай краіны.
Пра цудадзейны крыж і начное ззянне
Праводзіць цікавыя экскурсіі, як вядома, можа толькі чалавек, які выдатна валодае мовай, выразна вымаўляе кожнае слова, прычым робіць гэта настолькі артыстычна, што, здаецца, слухаў бы яго гадзіны напралёт. Менавіта такім чалавекам аказаўся Аляксей Уладзіміравіч Мароз. Захапіўшыся ўласным аповедам, ён пачаў расказваць пра таямніцы роднай зямлі ўжо ў вучэбным кабінеце, хаця ў класе мы планавалі толькі пазнаёміцца і адразу адправіцца ў падарожжа па вуліцах старажытнага горада. Канечне, наведалі мы і замкавую гару, і драўляную царкву, і Барыса-Глебскія могілкі, паслухалі і ціхае шапаценне прыпяцкіх хваль. Але гэта было ўжо пазней, пасля завочнай экскурсіі.
Таямніца першая. Паходжанне назвы Турава. Тут існуе некалькі легенд. Першая гаворыць пра тое, што сваю назву горад атрымаў ад імя князя Тура, другая — ад жывёлы, якая калісьці вадзілася ў тутэйшых лясах, трэцяя сведчыць пра тое, што некалі на Замкавай гары стаяла вежа Тура. Чацвёртая ж легенда наступная. З пакалення ў пакаленне сярод жыхароў суседняй вёскі Дварэц перадаецца аповед пра тое, што некалі князь Тур прывёў сваю дружыну ў непраходныя балоты, дрымучыя лясы. Зямля тут аказалася ўрадлівай, да таго ж рака Прыпяць адкрывала шлях у Полацк, Кіеў, Прыбалтыку. Таму князь вырашыў пабудаваць на гэтым месцы крэпасць. Першае пасяленне называлася Дварцом. Калі аднойчы па Прыпяці ехалі купцы, то яны звярнулі ўвагу на прыгожы будынак і спыталі ў мясцовых жыхароў, чый гэта пасад. Ім адказалі, што Тураў, значыць, належыць князю Туру.
Таямніца другая. Царква Усіх Святых. Першым экскурсійным прыпынкам па дарозе ад школы да Замкавай гары з’яўляецца драўляная царква, пабудаваная ў гонар усіх святых у 1810 годзе. З таго часу храм не перабудоўваўся, перажыў некалькі войнаў, хаця вораг мог неаднаразова яго знішчыць. Дзіўныя абставіны збераглі храм, і цяпер ужо сучаснае пакаленне тураўлян, як і іх продкі, можа збірацца разам для агульнай малітвы. Гавораць, у далёкім 1812 годзе, праз два гады пасля таго, як храм быў урачыста асвечаны, на яго тэрыторыі размясціўся лагер французаў. Невядома, які б лёс напаткаў храм (у той час напалеонаўскія салдаты нярэдка ператваралі праваслаўныя храмы ў стайні), але ўначы тураўляне заўважылі раптоўнае ззянне. Калі раніцай яны падышлі да царквы, то ўбачылі, што французы ляжалі на зямлі і ўсе былі мёртвыя. Цікавы выпадак здарыўся і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Па словах Аляксея Уладзіміравіча, немцы вырашылі правесці карную аперацыю і спаліць драўляны храм разам з жыхарамі Турава. Напярэдадні пакарання яны выставілі каравул, храм замкнуў фельдфебель. Уначы салдаты пачулі, як з храма даносяцца царкоўныя спевы, з’явілася святло. Адзін з іх далажыў пра гэта фельдфебелю. Калі той прыйшоў і адамкнуў храм, то ў царкве панавалі толькі цішыня і змрок.
— Менавіта гэтым выпадкам мы тлумачым тое, што ў часы вайны немцы масава не знішчалі нашых жыхароў, як, напрыклад, у іншых вёсках. Хаця, канечне, яўрэяў яны расстралялі, — адзначыў Аляксей Уладзіміравіч.
Усясвяцкая царква, якая стаіць на тураўскай зямлі два стагоддзі, унікальная. Напэўна, ні ў адным іншым драўляным палескім храме не захоўваецца столькі святынь. Гэта і два знакамітыя каменныя крыжы, якія, згодна з легендай, прыплылі з Кіева ў Тураў па Дняпры і Прыпяці супраць цячэння; гэта і ікона Мікалая Цудатворцы, якая міраточыла некалькі гадоў назад; і старыя іконы, якія ў гады масавых ганенняў на царкву пачарнелі, а не так даўно пачалі абнаўляцца.
За храмам — могілкі, дзе пахаваны вядомыя тураўляне. Гэта, напрыклад, святар Антоній Вячорка, які жыў у ХІХ стагоддзі і клапаціўся не толькі пра духоўную, але і свецкую адукацыю тураўлян. Непадалёк — магіла памешчыка Нарэйкі і яго родзічаў. І, канечне, нельга не заўважыць памятную пліту, пастаўленую ў гонар Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага, ураджэнца Турава.
Таямніца трэцяя. Князі Астрожскія. Адзін з самых знакамітых прадстаўнікоў славутага княжацкага роду Канстанцін Іванавіч, найвышэйшы гетман Вялікага Княства Літоўскага, кашталян Віленскі, ваявода Троцкі, які праславіўся ваеннымі перамогамі, справамі на карысць дзяржавы. Вядомы ён і як заснавальнік шматлікіх праваслаўных храмаў, манастыроў. За заслугі перад дзяржавай Канстанцін Іванавіч атрымаў ад караля шмат маёнткаў, у тым ліку і Тураў.
Менавіта ў Тураве ў 1526 годзе нарадзіўся сын гетмана ВКЛ Канстанцін (у хрышчэнні Васілій) Канстанцінавіч. У старажытным горадзе прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады. Пасля смерці бацькі князя выхоўвала маці Аляксандра Сямёнаўна з роду Алелькавічаў. Нягледзячы на высокае грамадскае становішча і заможнасць, князь вёў строгі і набожны лад жыцця. Ад бацькі князю Канстанціну перайшоў і абавязак апекі над праваслаўнай царквой. Напрыклад, дзякуючы яму, на сейме 1607 года праваслаўным удалося дабіцца пацвярджэння сваіх правоў на свабоду веравызнання і богаслужэння паводле старажытнага ўсходнехрысціянскага абраду.
У сваім маёнтку Астрог князь Канстанцін Канстанцінавіч заснаваў друкарню, дзе ў 1581 годзе была выдадзена Біблія. Астрожскі звод Бібліі, у падрыхтоўцы і рэдагаванні якога ўдзельнічаў князь Канстанцін, стаў адзіным кананічным тэкстам, які доўгі час забяспечваў літургічныя патрэбы праваслаўных на ўсходнеславянскіх землях. Маскоўскае выданне 1663 года з’яўляецца перавыданнем Астрожскага і было пакладзена ў аснову лізавецінскага выдання 1751 года, якое выкарыстоўваецца ў цяперашнім праваслаўным богаслужэнні. Князь аказваў падтрымку школам, якія ўзнікалі ў XVI стагоддзі пры праваслаўных брацтвах. Такія школы ён заснаваў у Тураве, Слуцку, Уладзіміры, Львове. Дабраверны князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі дажыў да глыбокай старасці і спачыў 13 (26) лютага 1608 года. Апошнія гады свайго жыцця ён правёў у родавых замках Крупы і Дубна. Пасля спачыну яго цела было перавезена ў Астрог і пахавана ў Богаяўленскай замкавай царкве.
Але не ўсе тураўляне да канца пагаджаюцца з гэтым фактам. Па словах Аляксея Уладзіміравіча, ёсць звесткі, якія, на жаль, пакуль навукова не пацверджаны, што Канстанцін Астрожскі спачывае ў Тураве. Хто ведае, можа праз нейкі час гэтая таямніца раскрыецца, як даведаемся мы і пра месца магілы святога Кірылы Тураўскага.
Таямніца чацвёртая. Кірыла Тураўскі. Пра жыццё і падзвіжніцкую дзейнасць Кірылы Тураўскага, думаю, не варта падрабязна расказваць. Неабходныя звесткі можна знайсці ў любой бібіліятэцы і ў інтэрнэце. Засяроджу ўвагу толькі на малавядомых фактах, што тычацца яго творчай дзейнасці і смерці. Як вядома, епіскапа Кірылу яшчэ пры жыцці называлі Златавустам за красамоўства, выдатныя пропаведзі, а таксама творы, якія ён пакінуў сваім нашчадкам. Некаторыя з гэтых твораў, як сцвярджаюць тураўляне, былі напісаны ім у вежы, што знаходзілася на тэрыторыі цяперашніх Барыса-Глебскіх могілак. У гэтую вежу, згодна з легендай, Кірыла Тураўскі пайшоў жыць дзеля таго, каб ніхто не перашкаджаў яму маліцца і працаваць на духоўнай ніве. Хаця існуе версія, што ў гэтай вежы ён апынуўся не па сваёй добрай волі, а быццам пайшоў туды ў знак пратэсту супраць таго, што за непаслухмянства князю яго змясцілі з епіскапскага трона. Цяпер пра месца пахавання. Яно і да гэтага часу не вядома, хаця, як адзначыў Аляксей Уладзіміравіч, падчас археалагічных раскопак у адной з магіл на тэрыторыі былога Барыса-Глебскага манастыра былі знойдзены ніткі ад золататканага епіскапскага амофа. Магчыма, Кірыла пахаваны там, а можа, і пад тым крыжом, які расце з-пад зямлі, паколькі перад смерцю святы сказаў, што людзі абавязкова знойдуць яго магілу. Дарэчы, падобная легенда існуе і пра святога Марціна Тураўскага, які таксама прадказваў, што некалі пакажа месца свайго спачыну.
Таямніца пятая. Замкавая гара. Усе гэтыя звесткі экскурсаводы расказваюць падчас наведвання Замкавай гары, на якой у 1993 годзе быў пастаўлены велічны помнік Кірылу Тураўскаму. Якія толькі падзеі не адбываліся за тысячу гадоў на гэтым штучным узвышэнні. Нядзіўна, што і Замкавая гара прыхоўвае таямніцы.
— Гавораць, што ад яе вядуць два падземныя хады: адзін — у сам Кіеў (канечне, гэта малаверагодна, але, калі ёсць такая легенда, то чаму б пра яе не расказваць), а другі — да былога Барыса-Глебскага манастыра, што больш праўдападобна. А яшчэ ў ХІІ стагоддзі тут стаяў каменны храм. Сваёй веліччу ён мог параўнацца толькі з Полацкай, Кіеўскай, Наўгародскай Сафіямі, таму мы называем гэты храм чацвёртай, Тураўскай Сафіяй. Чаму б і не. Як і полацкі храм, што ўзносіцца над Заходняй Дзвіной, наша святыня глядзелася ў люстэрка Прыпяці. Думаю, што і па ўнутраным убранні ён не саступаў галоўным храмам старажытнай Русі, — адзначае Аляксей Уладзіміравіч.
Таямніца шостая. Княгіня Ірына. Па словах настаўніка, на Замкавай гары некалі была пахавана княгіня Ірына, якая яшчэ пры жыцці славілася як чараўніца, магла прадказваць катаклізмы, эпідэміі, вылечвала людзей. Кажуць, што ў Тураве некалі быў вялікі мор, гінулі людзі, і княгіня Ірына вырашыла гэтаму супрацьстаяць. Яна на тры дні і тры ночы закрылася ў сваім пакоі. Калі выйшла адтуль, то загадала злавіць чорнага мядзведзя, чорнага бабра і чорнага пеўня, закапаць іх у глыбокай яме і зверху насыпаць курган. Так і зрабілі, мор сышоў.
— А яшчэ на Замкавай гары тураўляне часта бачаць прывід: сілуэт жанчыны ў чорным адзенні, — гаворыць Аляксей Уладзіміравіч.
Пасля гэтых слоў я не стаў усміхацца, маўляў, не трэба расказваць байкі. Калі гэта легенда, то чаму б ёй ні існаваць. Ад гэтага экскурсіі па Тураву становяцца больш цікавымі. Хаця, хто ведае… За той час, пакуль сядзеў у кабінеце гісторыі, наслухаўся столькі неверагоднага, што не ведаў: верыць чарговым словам Аляксея Уладзіміравіча ці не.
Таямніца сёмая. Бабруйкава гара. Тое месца, дзе нібыта былі закапаны чорныя жывёлы, мясцовыя жыхары называюць Бабруйкавай гарой. Гэты насып ніхто ніколі не раскопваў, бо людзі баяліся, што можа зноў пачацца мор. Бабруйкава гара — унікальнае месца. Паводле археалагічных даследаванняў, гэта курган І тысячагоддзя, які знаходзіцца непадалёк ад другой школы, таму вучні разам з настаўнікамі правялі даследаванне Бабруйкавай гары. Сённяшні яе стан далёкі ад ідэальнага. Курган не абазначаны, не абгароджаны, кожны год у выніку сельскагаспадарчых работ, разворвання зямлі яго падножжа змяншаецца на некалькі сантыметраў. Да таго ж вясной і восенню там выпальваецца трава, што наносіць урон экасістэме, паколькі на тэрыторыі кургана расце некалькі відаў раслін, якія не сустрэнеш у наваколлі. Як адзначаюць вучні, ва ўрочышчы “Бабруйкава гара” ў час міграцыі можна заўважыць чароды дзікіх гусей і шэрых жураўлёў, часта сустракаюцца канюкі, луні, кнігаўкі, палявыя жаўрукі, іншыя віды птушак. Некаторыя з іх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Адным словам, Бабруйкаву гару трэба ратаваць.
Таямніца восьмая. Барыса-Глебскія могілкі. Асноўным турыстычным аб’ектам Турава, акрамя Замкавай гары, гарадскіх музеяў і царквы Усіх Святых, з’яўляюцца Барыса-Глебскія могілкі. Згодна з легендай, тут калісьці знаходзіўся манастыр, які паглынула вада. Дарэчы, гэтая легенда цалкам праўдзівая. І тлумачыцца яна вельмі проста: амаль кожны год ваколіцы Турава ў час паводкі ператвараюцца ў сапраўднае мора. Гэтае паводкавае мора, магчыма, і паглынула манастыр. Эх, каб рака ды ўмела гаварыць! Яна б дакладна раскрыла свае таямніцы. Славяцца могілкі ў першую чаргу каменнымі крыжамі, якія растуць з-пад зямлі, а таксама Марцінавым калодзежам. Кожны лапік гэтага месца — чарговая тураўская таямніца. Чаму? Паслухаем Аляксея Уладзіміравіча:
— Мне неаднойчы даводзілася станавіцца сведкам сапраўдных цудаў, якія адбываюцца з людзьмі каля каменнага крыжа. Вось адзін з такіх выпадкаў. Разам з вучнямі мы праводзілі экскурсію для гасцей з Наваполацка. Сярод экскурсантаў была і пажылая жанчына, якая хадзіла, абапіраючыся на кіёчак, паколькі адна нага ў яе была хворая. Дык вось, мы скончылі свой аповед, і госці ўжо садзіліся ў аўтобус, а гэтая жанчына затрымалася каля крыжа. Пэўны час яна малілася, а потым глядзім — паклала на зямлю свой кіёчак і накіравалася да аўтобуса.
Пытанні на ўсё жыццё
Пасля завочнай экскурсіі, якую Аляксей Уладзіміравіч Мароз правёў для мяне ў кабінеце гісторыі, мы адправіліся ў падарожжа па вуліцах старажытнага горада. Па дарозе да нашай невялікай кампаніі далучылася і настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 1 Турава кіраўнік гуртка “Юны экскурсавод” Ларыса Іванаўна Гук. Не буду падрабязна спыняцца на тых даследчых работах, якія пад кіраўніцтвам настаўніцы стварылі вучні, адзначу толькі, што гэтых работ не меншая колькасць, чым у другой школе, і яны таксама займалі прызавыя месцы на конкурсах.
У гэты дзень мы паспелі і пастаяць на Замкавай гары, і палюбавацца даляглядамі палескага прастору, уявіць, як некалі па шырокай і паўнаводнай Прыпяці плавалі не сучасныя баржы са шчэбенем або пяском, а купецкія чаўны, напоўненыя пушнінай, каштоўнымі камянямі, заморскім таварам. Пакланіліся мы і палескім святыням. Нягледзячы на змястоўную экскурсію, якую правялі настаўнікі, мне, на жаль, так і не ўдалося раскрыць усе таямніцы святой тураўскай зямлі. Камандзіроўка ў гэты край пакінула шмат пытанняў, адказы на якія, адчуваю, давядзецца шукаць не адзін год, можа, нават і цэлае жыццё.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.