Ці ведалі, что ў мінскай школе знаходіцца адзіны ў свеце літаратурны музей Панчанкі? Рэпартаж з экскурсіі

- 14:35Репортаж

“Нават сваякі паэта здзіўляюцца, колькі мы ведаем пра Пімена Панчанку”. Як гэта стала магчыма, падзялілася Таццяна Уладзіміраўна Курашэвіч, кіраўнік музея сталічнай школы № 199, якая носіць імя знакамітага беларуса.

 

Калі ў 1998 годзе адкрылася новая школа ў Фрунзенскім раёне Мінска, ніхто нават уявіць не мог, што менавіта тут будзе працаваць адзіны ў краіне і ў свеце літаратурны музей выдатнага дзеяча беларускай культуры Пімена Панчанкі. І тая акалічнасць, што ўстанова адукацыі размяшчаецца на вуліцы імя паэта, толькі адна з невыпадковых выпадковасцей і зусім невызначальная.

— Пачалося з таго, што перад адкрыццём у школу прывезлі мэблю і сярод яе нечакана аказаліся вітрыны для музея. У той момант ніякіх планаў і ідэй аб яго стварэнні не існавала. Аднак знаходка прымусіла задумацца, — узгадвае настаўніца беларус­кай мовы Таццяна Курашэвіч.

Тым больш што якраз высветлілася, што яе калега Яніна Іванаўна Плашчынская доўгі час сябруе з жонкай Пімена Панчанкі — Зояй Кірылаўнай. Як кажуць, зоркі сышліся!

— Зоя Кірылаўна з вялікай радасцю адгукнулася на нашу прапанову аб супрацоўніцтве і шмат дапамагала ў стварэнні музея. Яна была вельмі зацікаўлена. На той час Пімена Емяльянавіча ўжо не было ў жывых. На вялікі жаль, следам за ім не стала і іх дзяцей. Удава паэта перадала музею не толькі кнігі пісьменніка, але і шмат асабістых рэчаў. Сама яна не дажыла да афіцыйнага адкрыцця музея, якое адбылося 24 кастрычніка 2003 года, — расказвае Таццяна Уладзіміраўна.

Кожны год 23 жніўня ў 199-й школе сталіцы адзначаюць дзень нараджэння паэта. І першы ўрок у дзетак, якія ўпершыню пераступілі парог навучальнай установы, праходзіць у літаратурным музеі. Вучні і настаўнікі не пакідаюць па-за ўвагай і магілу паэта на Усходніх могілках — прыязджаюць сюды, каб навесці парадак.

Аднак усе гэтыя гады музей працягвае жыць. Прычым вельмі актыўна, дзякуючы неабыякавасці кіраўніцтва школы, настаўнікаў і вучняў да творчасці паэта. Саб­рана больш за тысячу экспанатаў. І на дзіва, з’яўляюцца новыя.

— На 95-годдзе паэта яго родныя падарылі нам друкавальную машынку, на якой Зоя Кірылаўна набірала вершы Пімена Емялья­навіча. Калі ў рэдакцыі часопіса “Роднае слова” праходзіў рамонт, нам перадалі шафу для кніг, якая стаяла ў кватэры паэта. На 105-годдзе з’явіўся новы экспанат — гадзіннік з лімітаванай серыі, на якім выгравіраваны словы з верша “Родная мова”. У гэтым годзе нам перадалі відэазапісы з архіваў тэлебачання і радыё, — удакладняе настаўніца.

У 2017 годзе літаратурны музей атрымаў статус народнага, а праз год школе № 199 прысвоілі ганаровае імя Пімена Панчанкі, славутага паэта, публіцыста, перакладчыка і грамадзяніна з вялікай літары. У мінулым годзе званне народнага школьны музей годна пацвердзіў.

Пачынаем знаёмства са стылізаваным кабінетам паэта. На працоўным стале друкавальная машынка, штодзённік з паметкамі, зробленымі рукой Пімена Емяльянавіча, ручка, плеценая скрыначка для лекаў, тэлефон… У вазе букет з яго любімых сініх ка­сачоў…

— Калі ў музеі рабілі невялікі рамонт, не сталі выкарыстоўваць сучасныя матэрыя­лы, вырашылі захаваць тагачасны дух. Нават не зачышчалі на паліроўцы мэблі кругі ад кубка з гарачай гарбатай. Адбіткі часу — сколы, драпіны — засталіся некранутымі і на фартэпіяна, на якім вучылася іграць не адно пакаленне, — адзначае Таццяна Ула­дзіміраўна.

 

Экспазіцыя музея складаецца з сямі раз­дзелаў, кожны з якіх раскрывае асобу паэта праз сямейныя і сяброўскія адносіны, падзеі ваеннага часу, вандроўкі, а ён вельмі шмат ездзіў па свеце. За час ваяжаў паэт змяніў не адзін чамадан. Ключы ад іх збірала Зоя Кірылаўна. Іх яна таксама перадала ў музей.

— Кожны экспанат мае цікавую гісторыю. Вось, напрыклад, спарышы — зрошчаныя разам два арэхі. Існуе прыкмета: таму, хто знойдзе такі арэх, заўсёды бу­дуць садзейнічаць поспех, дабрабыт і шчасце. У гэта верыў і Пімен Емяльянавіч. Калі паэт ішоў у лес, заўсёды шукаў спарышы. Калі не знаходзіў, то лічыў, што запланаванае ім не будзе мець поспеху ці зусім не адбудзецца, — дзеліцца суразмоўніца.

У музеі можна ўбачыць амаль усю асабістую бібліятэку паэта, творы сяброў-пісьмен­нікаў з аўтографамі і, безумоўна, выданні самога Панчанкі. Вялікая калекцыя фотаздымкаў з сямейнага архіва: баць­кі паэта, вось Пімен піянер, малады настаўнік, ваенны карэспандэнт… А тут ужо з унучкамі Ксеніяй і Кацярынай на руках, з унукам Андрэем. Асабістыя рэчы паэта надаюць музею асаблівую каштоўнасць, напаўня­юць атма­сферай творчасці і сямейнасці: сонечныя акуляры, электрабрытва, фота­апарат, калекцыя значкоў і піянерскі гальштук, які Пімен Емяльянавіч прывёз з Бухары і прысвяціў яму верш… Абавязковым атрыбутам з’яўляецца вялікі сноп жыта. Для паэта яно было сімвалам жыцця. Ён казаў: “Калі не пабачу жыта, раб­люся хворым!” На стэндах лісткі чарнавікоў, на якіх добра відаць, як старанна пясняр падбіраў кожнае слова ў сваіх вершах, наколькі адказна падыхо­дзіў да творчасці.

Ні адна ўрачыстая школьная лінейка не абыходзіцца без званочка, які прывёз Пімен Емяльянавіч з Валдая. Ён быў ганаровым жыхаром гэтага горада, а званочак падарылі сябры з краязнаўчага музея. Зроблены ён па тэхналогіі 1125 года.

Кіраўніцтва музея ляжыць на плячах дзвюх Таццян. Таццяна Іванаўна Кудрэвіч, якая ўзначальвае метадычнае аб’яднанне школьных музеяў Фрунзенскага раёна сталіцы,  адказвае за дакументацыю, арганізацыйныя моманты. Таццяна Уладзіміраўна Курашэвіч як беларусазнаўца — за творчую частку. Яна рыхтуе юных экскурсаводаў, праводзіць з імі навукова-даследчую дзейнасць.

За гады існавання музея вырасла не адно пакаленне дзяцей, якія шчыра захап­ляліся родным словам дзякуючы блізкаму знаёмству з творчасцю Пімена Панчанкі. І сённяшнія дзяўчынкі-дзесяцікласніцы не выключэнне.

Я іх класны кіраўнік, з 7 класа мы праводзім з імі экскурсіі. Канечне, спачатку дзяўчаты вельмі хваляваліся, здавалася, страцяць прытомнасць, але зараз я імі ганаруся,  — запэўнівае Таццяна Уладзіміраўна.

І ёсць за што! Школьніцы правялі для мяне асабістую экскурсію. Дзякуючы ёй, я не толькі адкрыла для сябе велічнасць і талент паэта, яго чалавечнасць і жыцце­сцвярджальную жыццёвую філасофію, але і з вялікім задавальненнем паслухала яго вершы, якія так натхнёна і пранікнёна дэкламавалі дзяўчаты.

Музей не проста сховішча рэліквій. Тут праходзяць літаратурныя сустрэчы з пісьмен­нікамі. У гасцях у школьнікаў пабывалі ўжо Мікалай Аўрамчык, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законнікаў, Генадзь Бураўкін, Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, Раіса Баравікова… Толькі за апошнія тры гады літаратурны музей Пімена Панчанкі наведалі больш за 4 тысячы чалавек.

Марына ЖДАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

Самыя незвычайныя экспанаты

  • Абраз Божай Маці, з якой паэт не расставаўся больш за 40 гадоў.
  • Пінжак, набыты Піменам Емялья­навічам да 50-годдзя Перамогі, але так і не апрануты ні разу,  бо паэта не стала 2 красавіка 1995 года.
  • Звязка з 16 ключоў ад чамаданаў, з якімі падарожнічаў Пімен Емяльянавіч. Чамаданы аказваліся непрыдатнымі для выкарыстання, а ключыкі заставаліся!
  • Нос рыбы-пілы. Пімен Панчанка прывёз яго з Непала.
  • Віншавальная паштоўка з аўто­­графамі шматлікіх сяброў паэта