У Інстытуце журналістыкі БДУ прайшло сумеснае пасяджэнне калегій міністэрстваў адукацыі і інфармацыі па тэме падрыхтоўкі кадраў у журналісцкай сферы. Высокі ўзровень пасяджэння, у якім прымалі ўдзел кіраўнікі міністэрстваў, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, рэктары, дэканы, загадчыкі кафедраў УВА, дзе вядзецца навучанне журналісцкіх кадраў, дазволіў весці канструктыўную размову па тэме высакаякаснай падрыхтоўкі работнікаў СМІ і акрэсліць тыя напрамкі дзейнасці, якія будуць актуальны ў найбліжэйшы час. У размове прынялі ўдзел міністр адукацыі М.А.Жураўкоў, міністр інфармацыі Л.С.Ананіч.
—Сёння актуальнасць гэтай тэмы настолькі відавочная, што нельга кагосьці пераконваць у адваротным, — заявіла на пачатку пасяджэння калегій Лілія Станіславаўна Ананіч. — Мы не можам абысціся без сродкаў масавай інфармацыі, без любімай газеты альбо часопіса. Звычка валодаць аператыўнай і дакладнай інфармацыяй стала для нас ўжо даволі трывалай, таму вельмі важна, хто нам будзе даводзіць яе, наколькі прафесійным будзе ўзровень, наколькі дакладнай будзе грамадзянская пазіцыя.
У Беларусі створана нацыянальная інфармацыйная прастора, якая складаецца са 150 тысяч віртуальных рэсурсаў, 1,5 тысячы друкаваных выданняў, з шэрага тэлевізійных каналаў і праграм радыё. Галоўная мэта — укамплектаваць гэтыя рэсурсы высакаякаснымі кадрамі, прафесійнымі журналістамі.
М.А.Жураўкоў адзначыў, што журналіст павінен быць не толькі агульна адукаваным, але і непасрэдна ў той сферы, якую ён асвятляе ў сваіх артыкулах, таму падрыхтоўка журналіста павінна ўключаць разам з вучэбнымі дысцыплінамі спецыяльнасці яшчэ і веды таго прадмета, аб чым плануе пісаць будучы журналіст. Такім чынам, журналіст павінен быць вузканакіраваным спецыялістам у эканоміцы, палітыцы, і гэта задача не толькі сістэмы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, а і ВНУ, дзе такі кірунак трэба пачынаць з першага курса.
Міністр адукацыі адзначыў, што неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу з’яўляецца ідэалогія, якая павінна фарміравацца, пачынаючы са школы і заканчаваючы ўстановай вышэйшай адукацыяй і ў далейшым жыцці. Менавіта журналісты павінны быць ідэолагамі, несці грамадскую думку, фарміраваць грамадзянскую пазіцыю ў іншых. Да гэтага трэба ставіцца ўсвядомлена і з пэўнай адказнасцю.
Па меркаванні дырэктара Інстытута журналістыкі С.В.Дубовіка, удасканаленне адукацыйнага працэсу, навукова-метадычнага забеспячэння, умацаванне кадравага патэнцыялу, матэрыяльна-тэхнічнай базы — найважнейшыя ўмовы падрыхтоўкі высокакваліфікаваных журналістаў, павышэння іх кваліфікацыі і перападрыхтоўкі.
— Работа сучаснага журналіста патрабуе наяўнасці значнага аб’ёму спецыяльных ведаў, вывучэння тэхнікі і тэхналогій ва ўмовах мадэрнізацыі медыяіндустрыі, ведаў у галіне права, псіхалогіі і прафесійнай этыкі, валодання сацыяльна-асобаснымі і прафесійнымі кампетэнцыямі, якія накіраваны на падрыхтоўку выпускніка да прафесійнай і сацыяльнай дзейнасці, — падкрэсліў Сяргей Валянцінавіч.
У сувязі з гэтым змест адукацыйных праграм перыядычна абнаўляецца, распрацоўваюцца новыя дысцыпліны, укараняюцца вынікі навуковых даследаванняў. У адукацыйным працэсе выкарыстоўваюцца стратэгіі актыўнага навучання, якія адпавядаюць сучасным патрабаванням інавацыйнага падыходу ў адукацыі. Сёння ў вучэбна-метадычным аб’яднанні па спецыяльнасцях журналісцкага профілю ажыццяўляецца распрацоўка зместу вучэбна-метадычнай дакументацыі па рэалізацыі Балонскага працэсу ў нацыянальнай сістэме падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў. Узгоднены пералік спецыяльнасцей, якія адпавядаюць сусветнай практыцы і арыентаваны на ўніверсалізм у навучанні будучых журналістаў.
Павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка кадраў ажыццяўляецца на адпаведным факультэце інстытута. Па меркаванні дырэктара, у мэтах далейшага развіцця бесперапыннай адукацыі журналісцкіх кадраў неабходна выкарыстоўваць новыя, больш эфектыўныя формы. Напрыклад, мэтазгоднасць арганізацыі і ўкаранення дыстанцыйнай формы абумоўлена развіццём сучасных тэхналогій навучання, што дазваляе зрабіць адукацыйны працэс больш інтэнсіўным.
Алесь Карлюкевіч, дырэктар Выдавецкага дома “Звязда”, выказаў меркаванне, што падрыхтаваць прафесіянала ў сферы журналістыкі вельмі цяжка ў межах адной канкрэтнай навучальнай установы. Журналіста вучыць і выхоўвае само жыццё, навакольнае асяроддзе. Нельга абысціся толькі пэўнай колькасцю вучэбных гадзін. Самаадукацыя, жаданне пастаянна шліфаваць сваё майстэрства, ажыццяўляць свой прафесійны рост павінны стаць сэнсам працы журналістаў. У падрыхтоўцы кадраў набывае вялікае значэнне практыканакіраванасць навучання будучых журналістаў, засваенне прафесіі з першага курса ў СМІ рэспубліканскага і рэгіянальнага ўзроўню. Як адзначыў Алесь Карлюкевіч, важна рыхтаваць журналістаў за кошт творчых заняткаў, практычных семінараў, сустрэч з творчай элітай у СМІ і на падставе гэтага фарміраваць змест навучання ў ВНУ, непасрэдна вучэбныя праграмы. Творчай практычнай стажыроўцы павінна быць удзелена большая ўвага, каб будучы журналіст змог знаёміцца на самым пачатку сваёй вучобы з рабочай атмасферай у газеце альбо на радыё і тэлебачанні, з той калектыўнай работай, без якой не зробіш ніводнага выдання. Магчыма, было б мэтазгодна арганізаваць на базе таго ці іншага СМІ курсы для журналістаў.
— Журналіст фарміруе грамадзянскую думку, а значыць, асоба журналіста выходзіць на першы план, бо яго вачыма, вуснамі грамадства атрымлівае тую ці іншую інфармацыю, — адзначыў Алесь Мікалаевіч.
Тамара Анатольеўна Піваварчык, загадчык кафедры журналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, вызначыла два асноўныя напрамкі ўдасканалення падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў: практыка-арыентаваны падыход і інтэграцыя намаганняў усіх зацікаўленых структур.
Каб зрабіць падрыхтоўку кадраў найбольш якаснай, работа ва ўніверсітэце пачынаецца з пошуку і падрыхтоўкі прафесійна арыентаванага і таленавітага абітурыента.
З мэтай развіцця практыка-арыентаванага падыходу да падрыхтоўкі спецыялістаў па журналістыцы і пашырэння форм узаемадзеяння з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў універсітэтам заключаны адпаведныя дамовы. Работадаўцы заняты не толькі працаўладкаваннем выпускнікоў, але яны ўваходзяць у склад Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі, удзельнічаюць у дзяржаўных іспытах і абароне дыпломных работ. З улікам меркаванняў і прапаноў заказчыкаў кадраў удасканальваецца змест адукацыйнага працэсу.
З мэтай бесперапыннага павышэння кваліфікацыі работнікаў рэдакцый рэгіянальных СМІ праводзіцца іх навучанне ў магістратуры; штогод праходзяць сумесныя навукова-практычныя семінары.
Вынікам усіх гэтых падыходаў стала 100-працэнтнае размеркаванне выпускнікоў. Больш як палова, якая вучылася на платнай аснове, адразу атрымлівае першыя працоўныя месцы. Перспектывы ўдасканалення якасці падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў універсітэт звязвае з далейшай інтэграцыяй намаганняў навукі, адукацыі і вытворчасці для фарміравання канкурэнтаздольнай інфармацыйнай прасторы Гродзенскай вобласці і краіны. 5 сакавіка гэтага года створаны інавацыйны медыйны кластар Гродзенскай вобласці (галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, рэдакцыі рэгіянальных друкаваных і электронных СМІ). У рамках гэтага кластара прапаноўваецца шэраг праектаў для школьнікаў.
Начальнік аддзела павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Міністэрства адукацыі Д.А.Канапацкі заявіў, што ў журналісцкай галіне склалася пэўная сістэма павышэння кваліфікацыі, якая адпавядае сённяшнім патрабаванням. Выкарыстоўваюцца розныя формы павышэння кваліфікацыі, у тым ліку за кошт курсаў у адпаведных арганізацыях, непасрэдна ў СМІ. Урадам устаноўлена абавязковая перыядычнасць павышэння кваліфікацыі — не радзей за адзін раз у 5 гадоў. Аднак прыходзіцца канстатаваць, што гэтая норма не заўсёды выконваецца. Але з боку Міністэрства адукацыі неабходная інфармацыя аб правядзенні павышэння кваліфікацыі і яе перыядыч-насць даводзіцца рэгулярна. Па меркаванні начальніка аддзела, неабходна прыняць захады па развіцці форм і метадаў павышэння кваліфікацыі. З боку Міністэрства адукацыі распрацаваны новы праект пастановы ўрада, які прадугледжвае дыферэнцыраваны падыход да ўстанаўлення тэрмінаў навучання ў залежнасці ад формы атрымання адукацыі. Гэтая пастанова знаходзіцца на стадыі ўзгаднення з зацікаўленымі структурамі, у тым ліку з Міністэрствам інфармацыі.
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Таццяна Мікалаеўна Хмель пацвердзіла, што ў рэгіёне склалася эфектыўная сістэма падбору і навучання журналісцкіх кадраў. Вялікая ўвага ўдзяляецца навучанню і павышэнню кваліфікацыі работнікаў СМІ.
Як адзначыла Таццяна Мікалаеўна, павышэнне кваліфікацыі журналісцкіх кадраў дыктуецца рэальнай трансфармацыяй аб’ектыўных, сацыяльных, палітычных і эканамічных умоў дзейнасці журналіста. Аналіз рынку СМІ паказвае, што попыт на прафесійных журналістаў высокі і мае тэндэнцыю да далейшага росту. У сувязі з тым, што Інстытут журналістыкі валодае дастатковым навуковым, метадычным і творчым патэнцыялам для вырашэння дзяржаўных задач па павышэнні кваліфікацыі журналісцкіх кадраў, было б мэтазгодна працягнуць практыку ўзаемадзеяння і арганізоўваць не радзей як 1 раз у паўгоддзе выязныя вучэбныя семінары з удзелам прафесарска-выкладчыцкага калектыву Інстытута журналістыкі ў рэгіёны краіны.
У заключным слове першы намеснік міністра адукацыі В.А.Богуш прапанаваў прыняць за аснову праект рашэння сумеснага пасяджэння калегій двух міністэрстваў. Ён выказаў прапанову, каб навучальныя ўстановы ў падрыхтоўцы журналісцкіх кадраў больш цесна, плённа працавалі непасрэдна са СМІ і пытанне практыканакіраванасці навучання вырашалі разам. Неабходна і далей прымяняць пазітыўны вопыт узаемадзеяння Інстытута журналістыкі БДУ з рэгіянальнымі навучальнымі ўстановамі.
— Мы спадзяёмся, што па выніках пасяджэння нашых калегій на новы ўзровень будзе ўзнята пытанне практычнай падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў, вызначэння баз практыкі, у вучэбных праграмах будуць улічваць практычную частку навучання і арганізоўваць практыку так, каб яна прыносіла максімальную карысць, — падкрэсліў В.А.Богуш. — Адным з аспектаў навучання кадравага патэнцыялу журналісцкай сферы з’яўляецца пашырэнне міжнародных кантактаў, навуковыя даследаванні ў галіне журналістыкі.
Сёння па прычыне недастатковасці фінансавых сродкаў у сістэму павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў трэба ўносіць дыстанцыйную форму навучання, больш эфектыўна прымяняць сучасныя тэхналогіі і камунікацыі, арганізоўваць відэакурсы, відэалекцыі. Важна арганізоўваць і выязныя курсы, праводзіць іх на базе саміх СМІ.
Ала КЛЮЙКО.