Музей сяброўства і згоды

- 11:22Адукацыйная прастора, Рознае

Гісторыю правядзення Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур можна ўбачыць у сярэдняй школе № 8 Гродна. Тут у дні работы ХІ фестывалю была ўрачыста адкрыта экспазіцыя, прысвечаная гэтаму святу.

Дырэктар школы Вольга Нерад расказала, што ў навучальнай установы, дзе на паглыбленым узроўні вывучаюць французскую мову, існуюць даўнія сувязі са школамі з Францыі і традыцыі міжкультурнага выхавання. Школа ўдзельнічае ў рэспубліканскім інавацыйным праекце па развіцці крос-культурных кампетэнцый навучэнцаў, што дапаможа ім вырасці талерантнымі ў адносінах да людзей іншых нацыянальнасцей, даведацца аб іх культуры і традыцыях, наладжваць добрыя сувязі паміж народамі.

Фестываль нацыянальных культур, які на працягу 20 гадоў праводзіцца ў Гродне, з’яўляецца сапраўднай пляцоўкай сяброўства і выхавання міжнацыянальнай згоды і талерантнасці. Таму стварэнне музейнай экспазіцыі, прысвечанай фестывалю, стала важным элементам у захаванні яго гісторыі.


— Работа па стварэнні музейнай экспазіцыі доўжылася на працягу года. Зараз у ёй больш за сто экспанатаў, — расказвае кіраўнік музея настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Лойша. — У структуры пакуль 8 экспазіцый, якія расказваюць аб прадстаўніках розных нацыянальнасцей, якія жывуць у Беларусі. Цэнтральнае месца займаюць экспазіцыі “Нас аб’яднала Гродна” і “Народаў дружная сям’я”, якія прысвечаны Рэспубліканскаму фестывалю нацыянальных культур.

Музейная экспазіцыя будзе развівацца, папаўняцца новымі экспанатамі і матэрыяламі. А ўжо сёння тут можна ўбачыць калекцыю сувеніраў са шкла і гліны з усіх фестываляў, у тым ліку значкі з яго сімволікай, пачынаючы з 1996 года, праграмкі, кнігі, відэаматэрыялы, лялькі ў нацыянальных касцюмах.

Шмат матэрыялаў перадаў школе Гродзенскі гарвыканкам. У дзень адкрыцця музей таксама атрымаў каштоўныя рэчы ў калекцыю. Намеснік старшыні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Зоя Кулеша перадала сімвал фестывалю — шклянога бусла, а намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі, адзін з арганізатараў мерапрыемства, — відэафільм, які быў створаны па выніках І фестывалю нацыянальных культур. Ён жа зрабіў і першы запіс у кнізе ганаровых гасцей музейнай экспазіцыі.

Зоя Вацлаваўна Кулеша адзначыла, што музейная экспазіцыя ў 8-й школе — гэта першы крок па стварэнні ў Гродне сапраўднага музейнага комплексу, бо з кожным фестывалем павялічваецца колькасць яго ўдзельнікаў, адбываюцца новыя цікавыя падзеі. Сюды прыязджае шмат гасцей не толькі з іншых абласцей Беларусі, але і замежжа. Плануецца, што музей размесціцца ў асобным будынку ў гістарычнай частцы горада. А пакуль школьная экспазіцыя таксама мае перспектывы развіцця. У школе плануюць стварэнне “Горада нацыянальнасцей” — нацыянальных куткоў у кабінетах, а таксама прывядзенне прышкольнай тэрыторыі ў адпаведнасць з гэтым кірункам. На базе музея будуць працаваць беларускамоўны гурток “Фэст”, праводзіцца сустрэчы з прадстаўнікамі нацыянальных дыяспар. Музейная экспазіцыя адкрыта для ўсіх наведвальнікаў — школьнікаў і гасцей горада.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.