Дырэктар у камп’ютарным інтэр’еры

- 14:46Навіны рэгіёнаў, Рознае

У дачыненні да Віталія Валянцінавіча вельмі падыходзіць народная мудрасць: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Сам В.В.Парманчук перафразуе яе так: дзе вучыўся, там і згадзіўся. А падмацоўваецца гэтая выснова тым фактам, што 26-я гродзенская школа, дзе атрымаў адукацыю, і сярэдняя школа № 34, дзе зараз працуе дырэктарам, знаходзяцца зусім недалёка адна ад другой.

Недалёка размяшчаецца і першая гарадская гімназія імя акадэміка Я.Ф.Карскага, дзе праходзіў першую практыку, і сярэдняя школа № 35, куды атрымаў размеркаванне пасля заканчэння ўніверсітэта. Тут, у сваім родным горадзе, Віталій Валянцінавіч атрымаў вышэйшую адукацыю — скончыў факультэт гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Вучоба ва ўніверсітэце была надзвычай цікавым этапам у жыцці. Па-першае, атрыманне адукацыі па кваліфікацыі “Гісторыя. Англійская мова” стала, так бы мовіць, індывідуальным. Такую кваліфікацыю атрымлівалі тры чалавекі і яшчэ два — з нямецкай мовай. Так што рыхтавацца трэба было штодзённа. А па-другое, гісторыя цікавіла яшчэ са школы.

Тагачасны настаўнік інфарматыкі 26-й школы, а сёння начальнік аддзела інфармацыйных тэхналогій і тэхнічных сродкаў навучання Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Жанна Навуменка ўспамінае, што ў яе былога вучня Віталія Парманчука і да інфарматыкі былі вельмі добрыя здольнасці, яна бачыла яго праграмістам.

— Нават некаторы час крыўдзілася на аднаго са сваіх лепшых вучняў, што не выбраў гэты шлях, — усміхаецца Жанна Мікалаеўна. — Але зараз я бачу яго і як добрага настаўніка, і як добрага ІТ-спецыяліста, і як добрага кіраўніка.

— Мне пашанцавала, што практыку праходзіў у гродзенскай гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага, — успамінае Віталій Валянцінавіч. — Вельмі матываваныя дзеці, моцны педагагічны калектыў. Ужо ў той час я адчуваў сябе настаўнікам. Хаця сёння разумею свой непрафесіяналізм і некаторыя ідэалістычныя ўражанні, у тым ліку пра сябе ў ролі педагога.

Працаваць у школе спадабалася, таму на 5 курсе Віталій Валянцінавіч уладкаваўся настаўнікам англійскай мовы ў Верцялішкаўскую сярэднюю школу Гродзенскага раёна. Верцялішкі знаходзяцца за некалькі кіламетраў ад Гродна, таму і ўдавалася спалучаць вучобу з работай. Гэты час стаў сапраўднай школай станаўлення маладога педагога, які быў усяго на некалькі гадоў старэйшы за сваіх вучняў. Як расказвае Віталій Валянцінавіч, вучыўся пазбягаць панібрацкіх адносін, вучыўся весці ўрок так, каб заваяваць аўтарытэт, вучыўся разуменню таго, што ўсе дзеці розныя і падыходы да іх павінны быць справядлівымі, з улікам характару кожнага навучэнца. Спрабаваў зразумець, за што паважаюць настаўніка.

З тых часоў настаўнік упэўнены, і наступныя гады настаўніцкай работы пацвердзілі гэтую выснову, што чалавеку абавязкова трэба даваць шанс выправіць становішча.

— І не адзін раз, — дадае Парманчук. — І яшчэ адна пацверджаная жыццём ісціна: калі настаўнік не будзе працягваць уласнае навучанне і развіццё, самаўдасканаленне, то будзе цяжка пазбегнуць эмацыянальнага выгарання.

А яшчэ В.В.Парманчук з’яўляецца заўзятым прыхільнікам інфарматызацыі і ўкаранення інфармацыйных тэхналогій у вучэбны працэс сучаснай школы. Яго распрацоўкі адзначаны дыпломамі на Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Першы праект быў выкананы ў час работы ў сярэдняй школе № 35 Гродна, куды Віталій Валянцінавіч быў размеркаваны пасля заканчэння ўніверсітэта. Створаны ў суаўтарстве з настаўніцай інфарматыкі Таццянай Шахнюк праект Holidays in Belarus у 2014 годзе быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені.

Праз год работы, калі В.В.Парманчук ужо быў намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Гродна, дзве яго распрацоўкі таксама атрымалі ўзнагароды на конкурсе — дыплом І ступені за стварэнне віртуальнага музея В.М.Усава, які існуе ў школе з 1979 года, і ІІ ступені — за распрацоўку сумесна з настаўніцай геаграфіі Веранікай Садомцавай электроннага адукацыйнага рэсурса “Геаграфія мацерыкоў і краін. Рэгіянальны агляд зямнога шара”.

— Убачыў у кабінеце геаграфіі камп’ютары і задаў пытанне: а як яны выкарыстоўваюцца? — расказвае Віталій Валянцінавіч Парманчук. — Так разам з Веранікай Мечыславаўнай, якая на той момант ужо збірала матэрыял, але не ведала, як яго прэзентаваць, мы стварылі адукацыйную праграму, цікавую сучасным школьнікам.

— Прызначаючы Віталія Валянцінавіча Парманчука на пасаду дырэктара школы ва ўзросце 27 гадоў, разумелі адказнасць гэтага кроку, але стаўка на яго добрасумленнасць, прафесіяналізм, дапытлівасць, імкненне да пошуку новых форм работы, на чалавечыя якасці апраўдала сябе, — гаворыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Алена Адамовіч. — У жніўні будзе год, як ён займае гэтую пасаду, а вынікі ўжо бачны, асабліва ў тым, што тычыцца ўкаранення сучасных камп’ютарных тэхналогій. А яшчэ хачу адзначыць такую якасць маладога дырэктара, як паважлівае стаўленне да меркавання і вопыту старэйшых калег.

На сённяшні дзень у многіх навучэнцаў школы з’явіўся электронны дзённік, сайт установы перавялі на новую платформу. А ў скарбонцы дырэктара з’явіўся чарговы дыплом — ІІІ ступені — на Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. В.В.Парманчук пачаў выкладаць курс “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка” і не змог утрымацца ад чарговай электроннай распрацоўкі — “Абаронца Айчыны”, якую стварыў разам з маладым спецыялістам школы Валянцінам Капыцкім. Рэсурс дапамагае старшакласнікам вывучаць прадмет з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Каб падрыхтаваць актуальны матэрыял, цесна супрацоўнічаў з выкладчыкам-афіцэрам ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандрам Хаванскім.

Сярод прыярытэтных задач школы, пра што можна даведацца і на сайце навучальнай установы, — прадастаўленне ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу магчымасці за кошт набыцця адпаведных кампетэнцый уплываць на якасць свайго жыцця і несці адказнасць за выбудоўванне сваёй стабільнай будучыні, клапоцячыся пры гэтым пра якасць жыцця будучых пакаленняў, а таксама павышаць якасць адукацыі праз сістэмнае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій, электронных сродкаў навучання. І тут дырэктар — у авангардзе, і з’яўляецца прыкладам для сваіх калег-настаўнікаў і вучняў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.