Свята для першакласнікаў

- 11:05Навіны рэгіёнаў, Рознае

Адзінаццаць першакласнікаў гродзенскіх школ у Дзень ведаў святкавалі і свой дзень нараджэння. Гродзенская абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” правяла для іх яшчэ адно свята, якое называлася “Няхай заўсёды буду я”.

У маладзёжным цэнтры для першакласнікаў, іх сяброў і настаўнікаў, а таксама матуль і бабуль адбылася цікавая забаўляльная праграма. А пачалося мерапрыемства з прадстаўлення першаклаcнікаў. Яны расказалі аб сваіх першых днях у школе, аб новых сябрах і аб прадметах, якія ім падабаюцца.

Аляксандры Мінько, якая вучыцца ў сярэдняй школе № 31, падабаецца чытаць, пісаць і маляваць. Саша ўжо вызначылася і са сваёй будучай прафесіяй: яна хоча быць ветэрынарам. Аляксей Нахват з 3-й школы прыйшоў на свята з педагогам-арганізатарам Настассяй Вайцяхоўскай. Настасся Вячаславаўна расказала, што Аляксея на свята праводзіў увесь клас, ён абавязкова раскажа дзецям аб тым, як яго віншавалі, пакажа падарунак — кнігу аб Гродне. Такі падарунак, а таксама салодкія пачастункі атрымалі ўсе імяніннікі.

— У год свайго 25-годдзя Беларускі саюз жанчын праводзіць шмат мерапрыемстваў для дзяцей, — расказала старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Ірына Сцепаненка. — Мы парадавалі і першакласнікаў, і дзяцей з мнагадзетных сем’яў, дзяцей, якія выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях. Для іх была арганізавана экскурсія па горадзе ў рамках праекта “Гісторыя ў граніце” на спецыяльным экскурсійным аўтобусе.

Удзельнікі свята першакласнікаў пазабаўляліся з роставымі лялькамі, патанцавалі, для іх былі арганізаваны гульні і віктарыны. Валанцёрамі на гэтых мерапрыемствах былі навучэнкі Гуманітарнага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.