Днямі на спартыўных базах Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры прайшоў Рэспубліканскі фестываль “Фізкультурнік Беларусі”.
Яго ўдзельнікамі сталі навучэнцы і студэнты ўстаноў вышэйшай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў рамках рэспубліканскай акцыі “Мы за спорт — за здаровую нацыю”, у аснову якой лягла праграма Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь.
Адкрыццё фестывалю пачалося з урачыстага парада спартсменаў.
Пасля вітальных слоў і музычных падарункаў ад студэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Ягора Прылепіна і танцавальнай групы Dance start моладзь адправілася рыхтавацца да здачы нарматываў, каб прэтэндаваць на атрыманне разрадаў.
“Гэты праект, арганізаваны Міністэрствам адукацыі сумесна з Міністэрствам спорту і турызму, павінен нагадаць аб традыцыях нашай краіны і павысіць увагу сучаснай моладзі да выканання разрадаў і нарматываў, — адзначыў падчас мерапрыемства намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Дубкоўскі. — Ужо сёння лепшыя спартсмены змогуць атрымаць прызы і атрыбуты спартыўна-аздараўленчага комплексу, а таксама значок “Фізкультурнік Беларусі”.
Фестываль можна прыраўняць нават да такога праекта, як універсіяда, паколькі ён таксама мае рэспубліканскі статус”.
Мэта мерапрыемства, па словах арганізатараў, — паступовае ўкараненне фізічнай культуры ў штодзённае жыццё моладзі.
Вераніка ГАМЗЮКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.