Моцнае і стабільнае супрацоўніцтва

- 15:36Актуально, Апошнія запісы, Рознае

13-14 чэрвеня Рэспубліканскі дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі быў упрыгожаны сцягамі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі. На самым відным месцы размясцілася эмблема выстаўкі “Адукацыя ў Кітаі — 2014”. Яе арганізатарамі выступілі Усекітайскі камітэт кіравання ўрадавымі грантамі КНР, Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Міністэрства адукацыі нашай краіны, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Адкрыў выстаўку міністр адукацыі С.А.Маскевіч.

Гэтая выстаўка з’яўляецца яскравым прыкладам шматгадовага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і навукі паміж Беларуссю і Кітаем і, безумоўна, спрыяе ўстанаўленню партнёрскіх адносін паміж беларускімі і кітайскімі ўніверсітэтамі, прадастаўляе магчымасць азнаямлення з сістэмай вышэйшай адукацыі гэтай краіны і кітайскім рынкам адукацыйных паслуг. На выстаўцы былі прадстаўлены 17 вядучых кітайскіх універсітэтаў, якія праводзяць навучанне па гуманітарных, эканамічных і прыродазнаўчых навуках, рыхтуюць спецыялістаў інжынерна-тэхнічнага профілю, для медыцынскай і педагагічнай сферы. Сярод іх Пекінскі ўніверсітэт авіяцыі і касманаўтыкі, Сталічны ўніверсітэт эканомікі і бізнесу, Кітайскі геалагічны ўніверсітэт, Харбінскі педагагічны ўніверсітэт, Чанчуньскі ўніверсітэт навукі і тэхналогій, Усходне-Кітайскі педагагічны ўніверсітэт, Шанхайскі ўніверсітэт замежных моў, Чжэцзянскі ўніверсітэт замежных моў, Чжэцзянскі ўніверсітэт навукі і тэхналогій, Цзінаньскі ўніверсітэт, Паўднёва-Цэнтральны ўніверсітэт нацыянальнасцей, Хэфейскі ўніверсітэт тэхналогій, Паўночна-Заходні ўніверсітэт сельскай і лясной гаспадаркі, Уханьскі ўніверсітэт, Хубэйскі ўніверсітэт кітайскай медыцыны, Ланьчжоўскі ўніверсітэт транспарту, Шанхайскі ўніверсітэт традыцыйнай кітайскай медыцыны.

— Я пабываў у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, і многія з гэтых універсітэтаў, якія прадстаўляюць свае адукацыйныя тэхналогіі на выстаўцы, я змог наведаць і ўвачавідкі пазнаёміцца з іх дзейнасцю, — паведаміў у сваім прывітанні да ўдзельнікаў і гасцей свята міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. — Мы ўжо другі раз сустракаемся з нашымі калегамі з кітайскіх універсітэтаў. У мінулым годзе на базе гэтага Рэспубліканскага дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі адбылася першая выстаўка “Адукацыя ў Кітаі”. І тое, што мы не перарвалі за гэты час нашы стасункі ва ўзаемадзеянні, з’яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем моцнасці і стабільнасці нашага супрацоўніцтва.
Міністр адукацыі Беларусі падзякаваў Міністэрству адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі, пасольству Кітая ў нашай краіне за ўнікальны праект, якім з’яўляецца гэтая выстаўка ўніверсітэтаў Кітая ў сталіцы Беларусі Мінску, якая дэманструе дынамічнае развіццё супрацоўніцтва паміж краінамі.
— Мы разлічваем, што гэтая выстаўка стане яшчэ адным прыкметным крокам у развіцці адносін паміж нашымі краінамі, паміж нашымі ўніверсітэтамі, што паслужыць на карысць развіцця Беларусі і Кітая як у палітычным, так і эканамічным плане, — падкрэсліў Сяргей Аляксандравіч.

Мяркуючы па экспазіцыі выстаўкі, па шматграннасці прадстаўленых праектаў, вышэйшая адукацыя Кітая развіваецца вельмі імкліва, асабліва ў зместавым насычэнні і ўкараненні інфармацыйных тэхналогій. Таму, безумоўна, айчынная сістэма вышэйшай школы возьме на ўзбраенне самыя эфектыўныя адукацыйныя тэхналогіі, самыя навейшыя здабыткі кітайскіх партнёраў, а ў сваю чаргу прадставіць ім самы лепшы вопыт дзейнасці беларускіх ВНУ.
— Я ўпэўнены, што супрацоўніцтва паміж нашымі ўніверсітэтамі будзе карысным для абодвух бакоў і паспрыяе далейшым трывалым, эфектыўным стасункам паміж нашымі народамі, — зазначыў Сяргей Аляксандравіч. — Беларусь зацікаўлена ў павелічэнні колькасці кітайскіх студэнтаў у нашых універсітэтах, нам неабходна пашырэнне навуковага супрацоўніцтва, таму мы вельмі вітаем стварэнне сумесных навуковых лабараторый, маладзёжных праектаў, што прыводзіць да павелічэння абмену студэнтаў і выкладчыкаў нашых краін.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Цуй Цымін назваў выстаўку “Адукацыя ў Кітаі” вялікай справай у сферы развіцця адносін паміж нашымі краінамі.
— Нашы краіны маюць даўнія традыцыі ў супрацоўніцтве, але, мяркуючы па арганізацыі гэтай выстаўкі, імкнуцца да новых вяршынь, — заявіў кітайскі пасол. — І гэта не дзіўна. Беларусь і Кітай маюць вялікі патэнцыял у супрацоўніцтве і гатовы яго рэалізоўваць па розных кірунках, у тым ліку ў сферы адукацыі.
Шматграннасць сумесных кантактаў паміж краінамі ў развіцці палітыкі, эканомікі, гандлю, культуры, адукацыі пацвердзіў і намеснік Генеральнага сакратара Усекітайскага камітэта кіравання ўрадавымі грантамі КНР Цаа Шыхай.
— Магутнасць і працвітанне нашых краін залежаць ад працавітасці і адукаванасці нашых народаў, — заявіў Цаа Шыхай. — Таму натуральна, што мы імкнёмся развіваць нашы сістэмы адукацыі, пастаянна ўдасканальваем гэтую работу ў тым ліку і за кошт міжнароднага супрацоўніцтва. Спадзяёмся, што і гэтая выстаўка прыдасць развіццю нашых краін свежы струмень і станоўчую дынаміку.
Міністр адукацыі ўручыў падзячныя лісты ўніверсітэтам Кітая і выказаў жаданне сустрэцца на чарговай выстаўцы “Адукацыя ў Кітаі”.

 

Ала КЛЮЙКО.