Гавары са мной па-беларуску: бацькі школьнікаў са Століншчыны ўдасканальваюць свае моўныя навыкі

- 11:05Образование, Шестой день

Педагогаў Аздаміцкай сярэдняй школы Столінскага раёна з бацькамі навучэнцаў аб’яднаў шэраг праектаў па вывучэнні роднай мовы. Ініцыятывы сталі падмуркам для выхаваўчых мерапрыемстваў з дзецьмі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Мова родная — чужародная?

Наталля Леўкавец, настаўніца пачатковых класаў, абгрунтоўвае выбар тэматыкі сваіх праектаў так:

— Я люблю нашу мову, люблю размаўляць на ёй, але, працуючы ў беларускамоўнай школе, бачу, што дзецям складана гаварыць на роднай мове. Першакласнікам трэба перакладаць нават элементарныя словы, якія для іх быццам замежныя. І не дзіўна: яны з маленства ўсюды чуюць пераважна рускую мову. “Выхавальнікамі” ў многіх сем’ях сталі тэлевізар, ноўтбук, тэлефон, якія таксама падаюць голас на рус­кай мове. Бацькі ж (што парадаксальна) у магазіне, на вуліцы паміж сабой гавораць па-мясцоваму, а звяртаючыся да сваіх дзяцей, часцей пераходзяць на рускую мову. У выніку многія нашы дзеці цудоўна размаўляюць па-руску і значна горш па-беларуску. Ну як так? Крыўдна ж!

Вынікам такога справядлівага абурэння настаўніцы стаў яе сацыяльны праект па папулярызацыі беларус­кай мовы сярод бацькоў — каб яны адчулі яе смак і больш гаварылі на ёй са сваімі дзецьмі.

Вучымся разам

— Самае трывалае асяроддзе функцыянавання мовы — гэта сям’я. Адначасова гэта і найбольш замкнёная сфера для грамадскага ўздзеяння. Але калі замацаваць моўныя звычкі ў сям’і, тады вельмі складана нават у самых неспрыяльных умовах іх разбурыць. Мы паспрабавалі стварыць умовы, у якіх і дзеці, і бацькі больш гаварылі б па-беларуску, — гаворыць Н.А.Леўкавец.

Матываваць бацькоў размаўляць адразу на літаратурнай мове было б складана, але наша мясцовая гаворка блізкая да яе, хоць, безумоўна, і мае свае адметнасці. Але і гэта — значны крок.

Праект уключаў у сябе два кірункі па папулярызацыі беларускай мовы: навучанне бацькоў і ўключэнне іх у выхаваўчы працэс.

Падчас першага ж бацькоўскага сходу члены ініцыятыўнай бацькоўскай групы і настаўніца правялі анкетаванне сярод бацькоў па тэме “Беларуская мова ў нашым жыцці”, якое паказала, што тыя рэдка карыстаюцца ў штодзённым жыцці як літаратурнай, так і дыялектнай мовай, бо саромеюцца, а калі выязджаюць у горад ці перапісваюцца з сябрамі ў месенджарах, выкарыстоўваюць толькі рус­кую.

Таты і мамы з ахвотай адгукнуліся на прапанову ўдасканаліць сваю лексіку. Збіраючыся па суботах у школе, яны разбіраліся з беларускімі прыказкамі, тлумачылі іх сэнс, выступалі ў ролі перакладчыкаў, спявалі песні на беларускай мове, расказвалі вершы, інсцэніравалі беларускія казкі, здзяй­снялі віртуальныя экскурсіі ў музеі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Свае творчыя здольнасці бацькі паказалі падчас вырабу віншавальнай паштоўкі на роднай мове. Членамі ініцыятыўнай групы быў распрацаваны буклет “Родная мова ў кішэні”. У ім даюцца спасылкі на цікавыя старонкі ў Instagram, дзе можна вывучаць беларускую мову.

У межах другога кірунку ўвесь навучальны год у кожную чацвёртую, баць­коўскую, суботу месяца праводзіліся выхаваўчыя мерапрыемствы для дзяцей і бацькоў: гістарычны экскурс “Пра Беларусь і беларусаў”, акцыя “Дапаможам крылатым сябрам”, свята роднага слова, пазнавальна-гульнявая праграма “Люблю мой край”, дзень роднай мовы і літаратуры, конкурс чытальнікаў беларускай паэзіі, салодкі кірмаш і інш.

Напрыклад, падчас правядзення калектыўнай справы “Мая Беларусь” навучэнцы разам з бацькамі азнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам вялікага асветніка беларускай зямлі Кірылы Тураўскага, чыталі вершы на роднай мове, адгадвалі загадкі, расшыфроўвалі рэбусы. Бацька Аляксандра Гайкевіча Васіль Данілавіч правёў для прысутных майстар-клас па вырабе прадметаў з лазы — на жаль, гэтае рамяство ў нас імкліва знікае.

У межах экалагічнай акцыі “Дапаможам крылатым сябрам” вучні ра­зам з бацькамі зрабілі арыгінальныя домікі для птушак, узнавілі веды пра назвы птушак на беларускай мове, а рыхтуючыся да салодкага кірмашу, успомнілі назвы і спосабы гатавання розных мясцовых страў. Задавальненне і асалоду ад выгляду і смаку атрымалі і дзеці, і бацькі, і ўсе прысутныя.

— У выніку праведзенай работы запас беларускіх слоў і ў вучняў, і ў бацькоў значна пашырыўся. Усе ўдзельнікі праекта запомнілі, хто такія фрэтка і хахуля, у чым адрозненне зразаў ад пызаў, даведаліся пра такія забытыя прадметы побыту, як шанька, конаўка, ражка, лубка-сявенька, рагач і інш. Яны зразумелі, што наша мова непаўторная, мілагучная, але і даволі складаная. Каб добра ёю валодаць, трэба прыкладаць шмат намаганняў. Таму мы вырашылі развіваць гэты праект і далей, — гаворыць Наталля Леўкавец.

Да майстроў па рамяство

У ідэю “навучыся, каб вучыць” удала ўпісалася ток-шоу “Свая гульня: гаворка беларуская”, якая палюбілася ўсім — і дарослым, і дзецям. Яе Наталля Аляксееўна праводзіла ўжо некалькі разоў. Сутнасць гульні ў тым, што гульцы (былі і асобна бацькі, асобна — дзеці, і бацькі з дзецьмі разам) дзеляцца на дзве каманды, выбіраюць рубрыкі і даюць адказы на прапанаваныя пытанні.

Так, удзельнікі ўспомнілі песні беларускіх эстрадных выканаўцаў і гуртоў, спявалі пад гітару, дэкламавалі канцоўкі вершаў Максіма Танка, Цёткі, Янкі Купалы, Якуба Коласа, адгадвалі значэнні рэдкаўжывальных беларускіх слоў (падабайка, кудзерка, цыдулка, пачакальня, аксаміт, гарэза, фальбона і інш.). Шмат даведаліся, адказваючы на пытанні ў рубрыках “Музычныя інструменты”, “Перакладзі”, “Вядомыя гістарычныя дзеячы Беларусі” і інш.

Настаўніца адзначае, што дарослыя такія мерапрыемствы ўпадабалі нават больш, чым дзеці. Гэтаму паспрыяла тое, што ў школе ўсяго 120 навучэнцаў, усіх іх бацькоў настаўніца добра ведае. Таму ім было проста і цікава ра­зам. Калі гэты праект стаў пераможцам у конкурсе метадычных распрацовак выхаваўчых мерапрыемстваў, пагля­дзець на яго рэалізацыю і павучыцца ў Наталлі Леўкавец наладжваць узаемадзеянне з бацькамі ў школу прыяз­джалі намеснікі дырэктара па выхаваўчай рабоце школ раёна.

— Я працую з вучнямі пачатковых класаў і як кіраўнік метадычнага аб’яднання прапанавала сваім калегам падключыць да праекта ўсю пачатковую школу. Але праблема актуальная для ўсіх школьнікаў, таму часта да нас падключаліся і калегі, якія працуюць у старшых класах, — гаворыць Наталля Аляксееўна.

І праект па ўзаемадзеянні з бацькамі, і ток-шоу “Свая гульня”, і праграма летняга лагера “Палешукі” ўвайшлі ў лік пераможцаў на раённых і абласных конкурсах метадычных распрацовак выхаваўчых мерапрыемстваў. Апошняя цяпер трапіла на рэспубліканскі этап.

Цяпер ініцыятывы настаўніцы выйшлі за моўныя межы:

— Мы з бацькамі рыхтавалі выставы, дзе дэманстравалі іх творчасць. Тут было і ткацтва, і вышыўка, і кулінарныя таленты, і шмат іншых. Падключаліся і калегі — у школе мінімум 10 настаўнікаў займаюцца рамёствамі. Майстэрствам дзяліліся і іх сваякі. Напрыклад, бацька нашага намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Вячаслаў Лашакевіч стварае прыгожыя рэчы з лазы. Гэта для дзяцей ужо рарытэт. І мэта тут была — не толькі паказаць разнастайнасць нашых палескіх рамёстваў, а і знайсці сярод дзяцей іх прадаўжальнікаў. Некалі прывычныя для нас шанькі адыходзяць у нябыт, і замест іх, ідучы ў грыбы, усе сталі ­браць вёдры. Вёдрамі замянілі і кошыкі, у якія спрадвеку выбіралі агуркі, палатняныя мяшкі для бульбы замяніліся сінтэтычнымі…

У гэтым годзе я планую працяг нашага праекта ў іншым рэчышчы. У межах праграмы “Палешукі” падчас летняга аздараўленчага лагера кожны дзень змены мы будзем ха­дзіць на майстар-класы да мясцовых рамеснікаў і вучыцца мясцовым рамёствам: плесці кошыкі, вышы­ваць крыжыкам, вязаць кручком, рабіць карункі, завітаем у музей ткацтва, у музей драўлянай скульптуры і інш. Большасць майстроў — бацькі нашых дзяцей, і спадзяюся, што цяпер яны будуць гаварыць з намі падчас сустрэч толькі па-беларуску.

Святлана НІКІФАРАВА