Малышы танцуюць танга! Чым яшчэ зацікаўліваюць выхаванцаў педагогі дзіцячага сада № 1 г. п. Акцябрскі

- 13:40Образование

У дзіцячым садзе № 1 г.п. Акцябрскі вялікая ўвага ўдзяляецца сучасным сродкам навучання выхаванцаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Знаёмства з дашкольнай установай пачалося з танцавальнага нумара — энергічнага танга ў выкананні выхаванцаў. Паставіла танец музычны кіраўнік Ганна Ліневіч. На працягу многіх гадоў у садзіку дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах мастацкага профілю «Непаседы», якое сёння наведвае 37 дзяцей 4—6 гадоў.

— Мы фарміруем у дашкалят пластыку, культуру руху, уменне арыентавацца ў прасторы, як правільна ставіць рукі, ногі, галаву падчас танца, развіваем музычны слых і пачуццё рытму, фантазію, — гаворыць Г. Ліневіч. — На занятках яны знаёмяцца з класічным, народным, сучасным (эстрадным) танцамі, развучваюць элементы беларускай «Лявоніхі», рускай «Кадрылі», танга, вальса, а таксама «Смуглянкі», «Калінкі», танцы «Лялькі», «Жураўлі» і іншыя. Нашы выхаванцы заняты ў многіх урачыстасцях раёна (дзяржаўныя святы, фестываль дзіцячай творчасці «Как прекрасен этот мир»). А прыгожыя касцюмы (усяго каля 20) для кожнага танца свае, для малышоў іх шые кастэлянка Святлана Давыдоўская.

Педагог ніколі не шкадуе часу на работу з дзецьмі. Калі рыхтуецца да свят, то рэпетыцыі праводзіць штодзень. Пастаноўка танца пачынаецца з прагляду эталоннага відэа, далей дзеці адпрацоўваюць асобныя рухі, спачатку без музыкі, пад лічэнне, а затым пад музыку, і, нарэшце, ідзе прагон усяго нумара. Увесь творчы працэс можа заняць цэлы месяц.

Фрагмент заняткаў у аб’яднанні па інтарэсах прыродазнаўча-матэматычнага профілю «Інфарматыка без разеткі» прадэманстравала намеснік загадчыка ўстановы Марына Касцюкевіч.

— З 2022 г. наша ўстанова стала ўдзельнікам праекта Парка высокіх тэхналогій «Інфарматыка без разеткі» для выхаванцаў 5—6 гадоў, а ў 2023 г. атрымала грашовы сертыфікат ад ПВТ на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, — расказала загадчыца сада Таццяна Куляй. — Першы год на заняткі хадзілі 16 выхаванцаў, а сёлета ўжо 23. Усе нашы педагогі прайшлі адпаведныя курсы на базе ПВТ, з іх сертыфікат цьютара атрымалі чацвёра.

У сваёй рабоце педагогі выкарыстоўваюць гульнявыя тэхналогіі В.В. Васкабовіча «Казачныя лабірынты гульні», «Падліковыя палачкі Кюізенера», «Лагічныя блокі Дзьенеша», тэхналогію візуалізацыі кросенс, якія развіваюць у малышоў дапытлівасць, дапамагаюць назапашваць інфармацыю, замацоўваць атрыманыя ўяўленні.

— У рамках адукацыйнага квеста «Жывая памяць пакаленняў» летась творчая група педагогаў сада ўдзельнічала ў абласным форуме «Асаблівасці фарміравання ўяўленняў аб Вялікай Айчыннай вайне ў выхаванцаў старшых груп устаноў дашкольнай адукацыі», дзе прадстаўляла праект «Памятаем… Не забудзем!» і рашала заданні з відэа- і фотасправаздачамі па кірунках: музей у чамадане «Радысты — голас вайны», віншавальная паштоўка для ветэрана і чэлендж «Экскурсія па месцах баявой славы», — адзначыла Марына Касцюкевіч. — Яшчэ ў нас ёсць традыцыя штогод сумесна з Цэнтрам гісторыі і культуры Акцябрскага раёна выпускнікоў дзіцячага сада прысвячаць у юныя рудабельцы (Рудабелка — былая назва пасёлка Акцябрскі, дзе ў 1918—1920-х гг. існавала Рудабельская партызанская рэспубліка. — Заўвага аўт.).

Творчая група ўстановы таксама далучылася да абласных інтэрактыўных метадычных стартап-пляцовак «Фарміраванне асобы дзіцяці дашкольнага ўзросту ў працэсе яе далучэння да беларускай мовы і традыцый беларускага народа» і «Выкарыстанне STEAM-тэхналогіі ў далучэнні выхаванцаў да беларускай мовы і традыцый беларускага народа». У выніку быў створаны і запушчаны інтэрактыўны плакат маршрутаў выхаднога дня па Гомельшчыне «Кнопка на карце» (відэа «Запрашаем у Акцябрскі заапарк»).

Летась педагог Валерыя Шалязінская адзначана дыпломам ІІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Энергамарафон» у намінацыі «Гейміфікацыя ў энергазберажэнні» (у паднамінацыі «Камп’ютарная гульня») за распрацоўку «Энергалендыя: пошукі энергазберажэння».

У дзіцячым садзе ганарацца і тым, што ў ліпені 2023 г. тут пачало працаваць першае ў раёне дашкольнае лясніцтва «Першацветы». Сумесна з работнікамі Акцябрскага лясгаса выхаванцы заклалі міні-дэндрарый на тэрыторыі ўстановы, прынялі ўдзел у пасадцы дрэў падчас акцыі «Тыдзень лесу».

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва ўстановы