Эстафеты, квесты, конкурсы малюнкаў: як праходзяць суботы ў Халопеніцкай сярэдняй школе

- 15:20Новости, Шестой день

Па суботах у Халопеніцкай сярэдняй школе імя М.Багдановіча Крупскага раёна праводзяць не толькі эстафеты ці спартыўныя конкурсы, а цэлы шэраг мерапрыемстваў: інтэлектуальныя гульні, квесты, нават конкурсы малюнкаў на тэму здароўя. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У адну з апошніх субот мы арганізавалі для вучняў сапраўдны калейдаскоп гульняў, іх аўтары — нашы крэатыўныя класныя кіраўнікі, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Халопеніцкай школы Ала Дзірко. — Для пачаткоўцаў прайшлі гульні “У свеце вясёлых мячыкаў” і “Святлафор здароўя”. Пяцікласнікі адправіліся ў падарожжа “Здаровым будзеш — усё здабудзеш”: разгадвалі рэбусы і анаграмы, складалі прымаўкі на тэму здароўя. Для шасці­класнікаў правялі гадзіну добрага настрою і спорту. А старшакласнікі разважалі пра сваё будучае жыццё падчас дзелавой гульні “Здароўе і выбар прафесіі”. Прычым гаворка ішла зусім не пра медыцынскія спецыяль­насці, а пра тое, што, каб стаць, напрыклад, лётчыкам, касманаўтам ці проста вадзіцелем аўтобуса, трэба мець добрае здароўе.

— Адна з найбольш частых памылак пры выбары прафесіі — недаацэнка ўласных фізічных даных і стану здароўя, — заўважае вучаніца 10 класа Ганна Кароткая. — Калі спецыяльнасць па гэтых паказчыках не падыходзіць, гэта можа прывесці да рэзкага пагаршэння здароўя ці нават няшчаснага выпадку. Так, каб кіраваць транспартам, трэба мець добры зрок, а яго неабходна берагчы змалку, не злоўжываць рознымі гаджэтамі. Таксама нам расказвалі пра важнасць правільнага харчавання.

— Сапраўды, не ўсе дзеці, асабліва малодшага ўзросту, усведамляюць, што некаторыя прадукты шкодныя, — дадае Ала Дзірко. — Напрыклад, чыпсы, газіроўка. Тое, што дарослым здаецца відавочным, для іх навіна. Вучні часта задаюць пытанні “Чаму цукеркі шкодныя?” ці “Чаму кожны дзень трэба рабіць зарадку?”. Тлумачым ім, што для агульнага здароўя важна ўсё ў комплексе: і правільнае харчаванне, і добры клімат у сям’і, і фізічная актыўнасць.

На працягу амаль усёй суботы ў школе шумна — і ў спартыўнай зале, і на адкрытай пляцоўцы, дзе ў гэтым годзе якраз устанавілі новыя трэнажоры. У добрае надвор’е дзеці з задавальненнем праводзяць шмат часу на свежым паветры, асаблівай папулярнасцю карыстаецца спартыўны гарадок. Фішка школы — уласны сад: вішні, яблыні, грушы, даглядаюць іх і дарослыя, і дзеці. Ён з’явіўся тут тры гады назад, а да­ваць плады пачаў мінулай восенню — саджанцы школе падарыў Беларускі зялёны крыж.

— Наша ўстанова адукацыі лічыцца гарадской, — адзначае Ала Іванаўна. — Але знаходзімся мы, па сутнасці, у вясковай мясцовасці — халопеніцкія дзеці змалку добра ведаюць і нашы лясы, і рэчку, выдатна плаваюць. У многіх дома агарод, яны веда­юць, як даглядаць расліны. Свой агарод ёсць і на школьный тэрыторыі — градкі, 2 парнікі. У разгары вясна, і некаторыя заняткі ў шосты дзень мы праводзім на вуліцы. Для пачаткоўцаў арганізоўваем аздараўленчыя прагулкі, для старшакласнікаў — эстафеты і матчы па футболе, у нас выдатнае футбольнае поле.

Да здаровых субот з задавальненнем далучаюцца бацькі школьнікаў — прыходзяць падтрымаць дзяцей на спартыўных мерапрыемствах. Для іх таксама праходзяць адукацыйныя заняткі на тэму здаровага ладу жыцця, захавання добрага клімату ў сям’і.

— У рабоце з пачаткоўцамі ўпор робім на гульні — віктарыны, спартландыі, гуляем у піянербол, прымаем удзел у праекце “Гульні нашага двара”, малюем на тэму здаровага ладу жыцця. Са старэйшымі дзецьмі праводзім адукацыйныя гадзіны, квесты, прэзентацыйныя заняткі і канферэнцыі, напрыклад, “ЗЛЖ выбірае моладзь”. Падлеткі паглыбляюць веды пра тое, як зберагчы здароўе, праз дзелавую гульню “Чаму нельга?”, — расказвае дырэктар школы Ірына Сабалеўская.

— Юнацтва — гэта такі перыяд у жыцці, калі хочацца ўсё спазнаць, паспрабаваць, — гаворыць педагог Кацярына Лыбко. — Прычым любой цаной і менавіта зараз. Любой цаной — таму што яшчэ не­зразумела, колькі каштуе чалавечае жыццё. А зараз — таму што невядома, ці паспееш нешта паспрабаваць потым. Калі здаецца, што галоўная каштоўнасць — гэта свабода выбару, але часта атрыбутамі гэтай свабоды, на жаль, становяцца цыгарэта, алкаголь ці наркотыкі. Таму не перастаём расказваць нашым падлеткам, ды і малодшым школьнікам, пра небяспечныя рэчывы. Праводзім гадзіну пытанняў і адказаў “Псіхаактыўныя рэчывы — што гэта?”, гульню “У лабірынце шкодных звычак”.

Здароўе — гэта цэлы сусвет, падкрэс­ліваюць у школе. Таму тэмы для заняткаў знайсці даволі проста. Галоўнае — даць дзецям як мага больш ведаў да таго, як яны пойдуць у дарослае жыццё.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі