У пятніцу ўдзельнікі рэспубліканскага балю выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі пабывалі на ўрачыстым прыёме ад імя міністра адукацыі С.А.Маскевіча. Сяргей Аляксандравіч павіншаваў выпускнікоў з паспяховым завяршэннем навучання і прапанаваў пагутарыць пра тое, што, на думку маладых людзей, трэба было б удасканальваць у рабоце вышэйшай школы.
Пра лекцыі
Першае, пра што загаварылі выпускнікі, — гэта лекцыйныя заняткі. “Мы абмяркоўвалі з аднакурснікамі і думаем, што можна было б зменшыць колькасць лекцый на карысць практычных заняткаў. Гэта прынесла б студэнтам намнога больш плёну, — заявіў выпускнікі БДТУ. — Зараз вельмі шмат інфармацыі можна знайсці ў інтэрнэце, дастаткова розных падручнікаў у электронным варыянце, і многае студэнты маглі б засвойваць самастойна”.
Міністр пагадзіўся, што інфармацыйныя рэсурсы даюць вялікія магчымасці для самаадукацыі, але сказаў, што не заўсёды можна выкарыстаць гэтыя рэсурсы. “Справа ў тым, што, прыходзячы на заняткі, студэнты маюць зносіны з аднакурснікамі і выкладчыкамі і настройваюцца на атрыманне ведаў. Акрамя таго, у аўдыторыях яны вучацца публічнай дзейнасці, а гэта вельмі важны складнік фарміравання чалавека. Калі ж вас цікавіць не соцыум, а толькі ўласныя дасягненні, то можна меркаваць, што вы трошачкі “аўтысты”, — і тады няма неабходнасці ні ў лекцыях, ні ў нейкіх іншых грамадскіх мерапрыемствах. Многія сёння ўжо і не выходзілі б з інфармацыйнай прасторы. Але лекцыі прымушаюць студэнцкую моладзь выходзіць у свет”, — заявіў міністр.
Пра матывацыю
Выпускнікі таксама расказалі Сяргею Аляксандравічу, што ў студэнцкім асяроддзі часта ўзнікае пытанне наконт стыпендый. “Лічыцца, што надбаўка да стыпендыі матывуе студэнтаў лепш вучыцца, — гаворыць выпускнік БДТУ. — Але студэнт, які здаў сесію на ўсе “дзясяткі”, атрымлівае ўсяго на 60% больш, чым той, у каго ўсе “пяцёркі”. Хаця для таго, каб атрымаць “дзясяткі”, а не “пяцёркі”, трэба прыкласці не на 60% больш намаганняў, а як мінімум ут рая. Таму ад студэнтаў часта можна чуць: “Навошта мне надрывацца, калі я магу пайсці папрацаваць дзе-небудзь і значна болей зарабіць”.
Міністр заўважыў, што пытанне стыпендый абмяркоўваецца. Ёсць нават прапанова выплачваць стыпендыі і студэнтам-платнікам, калі яны грамадска актыўныя і паказваюць добрыя вынікі ў вучобе. “Скажыце, а што вы думаеце на гэты конт? Ці правільна тое, што сёння ўсе бюджэтнікі, якія паспяхова вучацца, атрымліваюць стыпендыю? Можа, трэба яшчэ больш павысіць узровень патрабаванняў для атрымання стыпендыі ці зрабіць большую дыферэнцыяцыю: выдатнікам плаціць намнога больш?” — запытаў міністр.
Нечакана выпускнікі прапанавалі радыкальны спосаб вырашэння гэтага пытання. “Колькасць студэнтаў у нашай краіне велізарная, а таму страчваецца момант элітарнасці вышэйшай адукацыі, — заўважыла выпускніца БНТУ. — Можа, лепш скараціць колькасць студэнтаў, такім чынам павысіць увагу выкладчыкаў да гэтых студэнтаў і ў некалькі разоў павялічыць ім стыпендыю — тады яны змогуць больш часу аддаваць вучобе, навуцы, распрацоўцы новых тэхналогій і разнастайных праектаў. Пакуль стыпендыі невялікія, студэнтам прасцей недзе зарабіць грошы, чым укладваць сілы ў вучобу і навуку”.
Пра дыпломныя праекты
Міністр пацікавіўся ў выпускнікоў, ці праўда, што многія студэнты быццам бы не самі выконваюць дыпломныя праекты, а замаўляюць іх у розных фірмах.
“Гэта не так, — запэўніла выпускніца архітэктурнага факультэта БНТУ. — Магу сказаць, што ўсе дыпломныя праекты на нашым факультэце павінны быць пададзены не толькі ў выглядзе кніжачкі, а таксама вялікім планшэтам, дзе адлюстравана пэўная ідэя выпускніка. І я не ведаю ніводнага аднакурсніка, які не працаваў бы над сваім праектам”.
Сяргей Аляксандравіч заўважыў, што паколькі некаторыя студэнты на выпускным курсе працуюць, то работадаўцам было б выгадна, каб яны абаранялі дыпломны праект па той жа тэме, якой яны займаюцца ў кампаніі. “Як вы думаеце, ці магчыма спалучыць інтарэсы кафедры, універсітэта і кампаніі-работадаўцы?” — запытаўся міністр.
“Гэта не заўсёды магчыма, бо, напрыклад, дагаворам паміж заказчыкам і кампаніяй не дазваляецца рапаўсюджваць зыходныя коды камп’ютарнай праграмы, — паведаміў выпускнік БДУІР адносна ІТ-профілю. — Нельга ўзя ць тое, што ты робіш у кампаніі, і прадставіць гэта як дыпломны праект. Таму я, выконваючы дыпломны праект, вывучыў новую тэхналогію, і мой работадавец вельмі задаволены, што я даведаўся пра нешта новае. Некаторыя мае аднакурснікі бралі тэхналогіі, якія ўжо ведалі, і прымянялі іх у тых галінах, дзе яны хацелі б працаваць. Гэта таксама вельмі цікава”.
“Іншымі словамі, разумны работадавец знойдзе карысць ад таго, што выпускнік распрацуе штосьці новае, нават калі гэта не адносіцца непасрэдна да яго работы?” — удакладніў міністр.
“Гэта залежыць ад таго, колькі часу выпускнік будзе працаваць над дыпломным праектам, — адказаў выпускнік. — Калі ён будзе сыходзіць на паўдня, то работадаўцу гэта нязручна. Але калі ён будзе працаваць на выхадных ці пэўны час перад здачай дыплома, то нармальны работадавец заўсёды зразумее і пойдзе насустрач”.
Напрыканцы сустрэчы міністр спытаў, хто збіраецца пайсці ў навуку, і прыкладна трэць прысутных узняла рукі. Сяргей Аляксандравіч пажадаў усім выпускнікам — і будучым вучоным, і будучым спецыялістам, і будучым кіраўнікам — захаваць той вялікі патэнцыял, які яны сфарміравалі дзякуючы сваім бацькам, сваім выкладчыкам, сваёй карпатлівай працы. І папрасіў не спыняць пошуку, а развівацца далей і развіваць нашу краіну.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.