100 непаўторных гадоў…

- 10:29Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Сярэдняя спецыяльная педагагічная адукацыя сталіцы сёлета адзначае векавы юбілей. І гэта не проста юбілей, гэта свята адданасці педагагічнай прафесіі.

У 1921 годзе быў створаны Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум. З самага пачатку ва ўстанове працавалі выбітныя выкладчыкі. Сярод лектараў, якія ў першым жа навучальным годзе працавалі ў Белпедтэхнікуме, былі такія вядомыя беларускія навукоўцы, як М.В.Азбукін, Я.Ю.Лёсік, А.П.Круталевіч, М.А.Грамыка, а курс методыкі выкладання беларускай мовы чытаў К.М.Міцкевіч — беларускі пясняр Якуб Колас. З 1922 па 1931 год Белпедтэхнікум насіў імя В.М.Ігнатоўскага. 

У Белпедтэхнікуме вялася падрыхтоўка настаўнікаў для чатырохгадовых беларускіх, беларуска-польскіх і літоўскіх школ, з 1925 года дзейнічала дашкольнае аддзяленне. Асаблівае значэнне надавалася практычным заняткам. Пры тэхнікуме дзейнічала школа, у якой навучэнцы праходзілі практыку. У гэтай школе апрабоўваліся найноўшыя методыкі навучання. У 20—30- я гады мінулага стагоддзя Белпедтэхнікум быў вядучай у БССР навучальнай установай па падрыхтоўцы педагагічных кадраў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Выпускнікі тэхнікума былі запатрабаваныя ва ўсёй рэспубліцы. 

У 1920-х Белпедтэхнікум з’яўляўся сапраўднай “літаратурнай акадэміяй” для маладых беларускіх талентаў. Навучальная ўстанова выхавала цэлую кагорту вядомых беларускіх літаратараў і публіцыстаў. У розны час тут вучыліся А.І.Александровіч, В.Д.Маракоў, А.А.Дайлідовіч (Алесь Дудар), П.Ф.Глебка, А.А.Каратай (Максім Лужанін), П.А.Трус, С.П.Шушкевіч, З.А.Бандарына, Н.В.Вішнеўская і інш. У лістападзе 1923 года маладыя літаратары стварылі літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”. Важнай падзеяй для тэхнікума стала адкрыццё пры навучальнай установе культурна-асветніцкага клуба. На творчыя сустрэчы ў клуб прыходзілі Янка Купала, Змітрок Бядуля, Міхась Чарот. 

У красавіку 1937 года педагагічныя тэхнікумы (у тым ліку Белпедтэхнікум) былі перайменаваны ў педагагічныя вучылішчы, а ў 1998 годзе ўстанова атрымала статус каледжа. У розныя гады ўстанове давялося пераадольваць розныя перашкоды, некалькі разоў работа нават спынялася, як, напрыклад, здарылася ў 2004 годзе. Аднак каледж зноў расчыняў свае дзверы. У 2016 годзе быў створаны Мінскі гарадскі педагагічны каледж, які стаў прадаўжальнікам гэтай багатай і цікавай гісторыі. Сёлета каледж, як і ўся педагагічная грамадскасць Мінска, адзначае стагоддзе сярэдняй спецыяльнай педагагічнай адукацыі сталіцы. Да гэтай падзеі прымеркаваны шэраг мерапрыемстваў. 

Да юбілею былі прымеркаваны IV Педагагічныя чытанні з міжнародным удзелам “Сярэдняя спецыяльная адукацыя: традыцыі і інавацыі”. Чытанні ініцыіраваны Мінскім гарадскім педагагічным каледжам і чацвёрты раз сабралі ўсіх зацікаўленых. Традыцыйна мерапрыемства становіцца пляцоўкай для абмену вопытам і выпрацоўкі прапаноў па развіцці сістэмы ССА. Сёлета педчытанні былі прысвечаны Году народнага адзінства. 

З самых першых чытанняў да іх далучаюцца калегі з іншых краін.Так, у гэтым годзе ўдзел у мерапрыемстве бралі калегі з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Валгадонска, Істры, Пензы, а таксама з Рэспублікі Казахстан. Усяго было больш за 100 удзельнікаў — гэта навукоўцы, выкладчыкі сярэдніх спецыяльных і прафесійных устаноў адукацыі, педагагічныя работнікі ўстаноў дадатковай адукацыі, аспіранты, магістранты і навучэнцы педагагічных каледжаў. За ўвесь перыяд правядзення педагагічных чытанняў апублікавана больш за 250 работ выкладчыкаў педагагічных каледжаў Беларусі, Украіны, Расіі, Казахстана. Зборнікі работ удзельнікаў чытанняў уключаны ў пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь, шырока прадстаўлены ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Стала традыцыяй праводзіць пленарнае пасяджэнне чытанняў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У яго рабоце ўзялі ўдзел прадстаўнікі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, дырэктары шэрага ўстаноў адукацыі сталіцы. На пленарным пасяджэнні выступілі Марына Віктараўна Васько, Сяргей Міхайлавіч Клішэвіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, протаіерэй Фёдар Поўны, настаяцель прыхода храма Усіх Святых горада Мінска, Вадзім Леанідавіч Лакіза, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Алена Ерамееўна Далгаполава, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Кацярына Аляксандраўна Пятруцкая, дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа.

У гэтым годзе ўдзельнікі ўсебакова абмеркавалі перадумовы і асноўныя праблемы фарміравання сістэмы патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, яе ідэйны змест, структуру і функцыі, абагульненне вопыту работы, інтэграцыю і сістэматызацыю тэарэтычных і практычных напрацовак у педагагічнай, метадычнай і адукацыйнай дзейнасці педагагічных работнікаў прафесійнай адукацыі. У праблемнае поле педчытанняў былі ўключаны актуальныя пытанні патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання ва ўстановах прафесійнай адукацыі: уплыў інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя на патрыятычнае выхаванне моладзі, мастацтва, спорт і ваенна-спартыўныя гульні ў сістэме духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення і г.д. 

100-годдзю сярэдняй спецыяльнай педагагічнай адукацыі горада Мінска і 5-годдзю Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа было прысвечана ўрачыстае мерапрыемства, якое адбылося ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. Калектыў і навучэнцы каледжа прымалі віншаванні ад прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, грамадскіх арганізацый і шэрага ўстаноў адукацыі.


…і яшчэ 5 паспяховых

Мінскі гарадскі педагагічны каледж з гонарам нясе званне спадкаемца Белпедтэхнікума і захавальніка векавой гісторыі педагагічнай адукацыі сталіцы. Сёлета і сам каледж адзначае першую значную дату. Да 5-годдзя ўстановы мы папрасілі дырэктара Кацярыну Аляксандраўну Пятруцкую і супрацоўнікаў каледжа вызначыць 5 галоўных дасягненняў установы (хаця іх, канечне, значна больш). 

1. Мінскі гарадскі педагагічны каледж тройчы станавіўся лепшым у сталіцы. 

Штогод у сталіцы падводзяць вынікі функцыянавання сістэмы адукацыі горада і выканання ўстановамі адукацыі базавых паказчыкаў. Пры гэтым ацэньваюць якасць навучання і стварэнне ўмоў для прафесійнай самарэалізацыі навучэнцаў, якасць выхавання і стварэнне ўмоў для захавання фізічнага, псіхалагічнага здароўя навучэнцаў, развіцця творчых здольнасцей, якасць метадычнай работы і кіраўніцкай дзейнасці, улічваюць і іншыя крытэрыі. Асаблівая гордасць маладога калектыву Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа — званне “Лепшы каледж сталіцы”, якога ўстанова ўдастойвалася тройчы.

2. Мінскі гарадскі педагагічны каледж тройчы станавіўся ўладальнікам залатых медалёў рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus.

Каледж актыўна ўключыўся ў міжнародны рух WorldSkills і стаў правайдарам новых кампетэнцый Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод устаноў ПТА і ССА: у 2018 годзе — кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя” і ў 2020 годзе — “Пачатковая адукацыя”. 

Навучэнцы каледжа маюць у конкурсе WorldSkills Belarus значныя поспехі. У 2018 годзе навучэнка каледжа Аляксандра Пагасай заваявала залаты медаль у кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”. У верасні 2020-га яе дасягненне паўтарыла Кацярына Падабед, таксама заваявала залаты медаль Вікторыя Дабрагост у кампетэнцыі “Пачатковая адукацыя”. 

Пад кіраўніцтвам дырэктара каледжа К.А.Пятруцкай сумесна з экспертамі па кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя” была распрацавана сістэма міні-чэмпіянатаў “WorldSkills — старт прафесійнага станаўлення”. Міні-чэмпіянаты — гэта форма арганізацыі конкурсу прафесійнага майстэрства, у рамках якой удасканальваюцца прафесійныя кампетэнцыі падчас выканання аднаго пэўнага модуля рэспубліканскага конкурсу. Міні-чэмпіянаты праводзяцца з 2018 года. 

3. Мінскі гарадскі педагагічны каледж за тры гады падрыхтаваў 10 пераможцаў гарадскога конкурсу “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” на прысуджэнне грантаў і прэмій Мінгарвыканкама. 

У каледжы створаны ўсе ўмовы для выяўлення і распаўсюджвання лепшых адукацыйных практык і падтрымкі інавацыйнай дзейнасці ў сферы прафесійнай адукацыі. Грантаў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ўдастоены інавацыйныя адукацыйныя праекты “Фарміраванне прафесійных кампетэнцый навучэнцаў педагагічнага каледжа на аснове стандартаў WorldSkills у адукацыйным працэсе”, “Фарміраванне маральных кампетэнцый навучэнцаў педагагічнага каледжа з дапамогай дзейнасці валанцёрскага атрада “Бумеранг дабра”, “Фарміраванне прафесійных кампетэнцый будучых педагогаў сродкамі тэатральнага мастацтва (на прыкладзе дня тэатральнай педагогікі)”, “Фарміраванне прафесійных кампетэнцый будучых педагогаў з дапамогай валанцёрскай практыкі (у рамках праекта “Валанцёрская серада”).

Прэміяй Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта адзначаны вопыт работы па тэмах “Павышэнне якасці прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў педагагічнага каледжа з дапамогай фарміравання медыятыўнай кампетэнтнасці” і “Краязнаўчы кампанент адукацыйнага працэсу як фактар гуманізацыі прафесійнай падрыхтоўкі будучых педагогаў”.

Каледж з’яўляецца рэспубліканскай пляцоўкай эксперыментальнага праекта “Апрабацыя тэхналогіі фарміравання бесканфліктнага адукацыйнага асяроддзя ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове стварэння службаў медыяцыі”.

4. Мінскі гарадскі педагагічны каледж стаў ініцыятарам шэрага праектаў і мерапрыемстваў для педагогаў і навучэнцаў педагагічных каледжаў Беларусі і іншых краін. 

Адным з такіх праектаў з’яўляюцца педагагічныя чытанні з міжнародным удзелам “Сярэдняя спецыяльная педагагічная адукацыя: традыцыі і інавацыі”, якія праводзяцца штогод з 2017 года. 

Таксама традыцыйнымі сталі чытанні для навучэнцаў педагагічных класаў і педагагічных каледжаў Беларусі “Спадчына беларускай педагогікі: ад Ефрасінні Полацкай да сучаснасці”. Яны праводзяцца з 2018 года. Удзельнікі чытанняў маюць унікальную магчымасць паглядзець на педагагічную прафесію скрозь прызму спадчыны класікаў: Якуба Коласа, Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Алеся Якімовіча і інш.

З 2018 года сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі праводзіцца фестываль прафесійнага майстэрства навучэнцаў педагагічных устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі нашай краіны “Вясна ўражанняў”. Мерапрыемства прыцягвае ўвагу навучэнцаў да вуснай прамовы педагога як найважнейшага элемента прафесійнага майстэрства і эфектыўнага сродку педагагічнай дзейнасці; выхоўвае цікавасць да чытання, любоў да літаратуры.

Вялікая ўвага ўдзяляецца міжнароднаму супрацоўніцтву. З мэтай развіцця і павышэння якасці прафесійнай адукацыі, рэалізацыі сумесных сацыяльных, гуманітарных, адукацыйных, творчых і навуковых праектаў заключаны 10 дагавораў аб міжнародным супрацоўніцтве з каледжамі Расіі, Казахстана. 

5. Мінскі гарадскі педагагічны каледж запатрабаваны. 

Пяць разоў педкаледж ажыццяўляў набор абітурыентаў на спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя” і “Дашкольная адукацыя”. І на працягу пяці гадоў адзначаецца пастаянная цікавасць моладзі да ўстановы адукацыі. Колькасць абітурыентаў, якія хочуць вучыцца ў педагагічным каледжы, павялічваецца з году ў год. Прахадныя балы для паступлення ў каледж застаюцца высокімі: у 2020 годзе на спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя” прахадны бал склаў 8, на спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя” — 7,8 балаў. 

Вучыцца ў педкаледж прыходзяць таленавітыя, матываваныя падлеткі. Многіх прываблівае станоўчы імідж каледжа, яны падаюць дакументы з перакананасцю, што гэта менавіта тое месца, дзе яны хочуць і гатовыя вучыцца.

Галоўная задача Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа — даць навучэнцам неабходны запас прафесійных ведаў, каб забяспечыць іх паспяховую работу ў будучыні. І з гэтай задачай установа спраўляецца.

Штогод усе выпускнікі забяспечваюцца рабочымі месцамі, яны запатрабаваны на рынку працы. Каледж ганарыцца станоўчымі водгукамі кіраўнікоў устаноў адукацыі — заказчыкаў кадраў аб маладых спецыялістах — выпускніках каледжа.

Дар’я РЭВА.