100 радкоў пра калегу. Іна Бурдзіна вялікую ўвагу ўдзяляе развіццю цікавасці вучняў да спадчыны беларускага народа

- 16:28Образование

“У кожным чалавеку ёсць сонца. Толькі дайце яму свяціць” — гэтымі словамі кіруецца ў жыцці настаўніца беларускай мовы і літаратуры Іна Бурдзіна з брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна.

Педагога добра ведаюць у горадзе. І не толькі таму, што яна ўзначальвае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Маскоўскага раёна Брэста. За плячыма Іны Валер’еўны немалы вопыт работы і шмат прафесійных дасягненняў.

Настаўніца любіць чытаць: і метадычную, і мастацкую літаратуру. Асабліва захапляецца творчасцю Рыгора Барадуліна, чыю паэзію лічыць скарбонкай мудрых выказванняў: “Радзіма там, дзе начуе душа”, “Найвышэйшае ў свеце мастацтва — натуральна жыццё пражыць і самім сабою застацца”…

Педагог імкнецца зрабіць вучняў не толькі спажыўцамі мовы, але і яе актыўнымі карыстальнікамі. У сваёй рабоце вялікую ўвагу ўдзяляе развіццю цікавасці навучэнцаў да спадчыны беларускага народа, выхаванню нацыянальнай самасвядомасці і павагі да гісторыі роднага краю.

А раскрываць дзівосны свет моўных таямніц ёй дапамагаюць творы айчыннай літаратуры. Паколькі тэкст — асноўны дыдактычны матэрыял, падмурак і ўзор уласнага выказвання, педагог да кожнага ўрока падбірае эпіграф з пэўным выхаваўчым сэнсам.

Яе апантанасць сваім прадметам перадаецца і вучням. Яны актыўныя ўдзельнікі і пераможцы раённых конкурсаў выразнага чытання “Пад белымі крыламі” і “Жывая класіка”, абласнога маладзёжнага творчага конкурсу “Памяць і боль беларускай зямлі”, рэспубліканскага конкурсу юных журналістаў “Старт”, рэспубліканскага конкурсу эсэ “Адрасы роднага слова”.

Штогод вучні Іны Валер’еўны паказваюць высокія вынікі на раённым этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры і ў конкурсе творчых работ даследчага характару. Так, сёлета работа вучаніцы Дар’і Садко “Псіхалагічны аспект узаема­дзеяння чалавека і вайны ў беларускай і рускай ваеннай прозе на прыкладзе апавяданняў М.Гарэцкага і У.Гаршына” атрымала дыплом І ступені.

Іна Бурдзіна ахвотна дзеліцца вопытам з калегамі, у тым ліку як кіраўнік раённай творчай групы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры “Дыстанцыйнае навучанне: урокі беларускай мовы і літаратуры — 6 клас”. Распрацоўкі яе ўрокаў размешчаны на сайце раённага ўпраўлення па адукацыі і ў прадметных часопісах. На базе ­Брэсцкага абласнога ІРА Іна Валер’еўна праводзіць майстар-класы для настаўнікаў вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыі.

З гэтым педагогам цікава і калегам, і дзецям. Іна Валер’еўна адказна адносіцца да любой даручанай справы і цяжкасцей не баіцца. А яшчэ яна чулая маці сыноў Данііла і Арцёма, якімі вельмі ганарыцца. Адзін працуе ў Мінску інжынерам, а другі пасля заканчэння Ваеннай акадэміі служыць Айчыне.

 Ніна ДРЫК,
намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета
Маскоўскага раёна Брэста
Фота Яўгена АДАЕВА