100 радкоў пра калегу. Наталля Пекар не толькі прафесійны матэматык, але і крэатыўны, творчы чалавек

- 17:21Образование

Настаўніца матэматыкі Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Наталля Леанідаўна Пекар звыш 25 гадоў выкладае дакладную навуку і даўно стала тым педагогам, якога дзеці ўважліва слухаюць.

У кожнага настаўніка свой шлях у прафесію. У Наталлі Леанідаўны ён прадказальны, бо яна з педагагічнай дынастыі. Педагогамі былі і яе бацькі. Мама, Ірына Міхайлаўна, 40 гадоў выкладала беларускую мову і літаратуру. Мудрая жанчына і таленавіты педагог, яна і сёння развее любыя педагагічныя і жыццёвыя сумненні дачкі. А бацька, Леанід Міхайлавіч, хоць больш як 10 гадоў на заслужаным адпачынку, аднак ужо 47 гадоў настаўнічае і з’яўляецца запатрабаваным матэматыкам на Дзятлаўшчыне. Наталля Леанідаўна ў спрэчных матэматычных пытаннях у першую чаргу звяртаецца да бацькі і заўсёды можа разлічваць на кампетэнтную дапамогу і словы падтрымкі.

Адным з важных патрабаванняў сучаснасці з’яўляецца выхаванне ў дзяцей самастойнасці, ініцыятыўнасці, умення знаходзіць нестандартныя рашэнні праблем. Наталля Леанідаўна ўносіць ва ўрокі элементы навізны для развіцця асобы, якая зможа лёгка прымяняць атрыманыя веды ў самастойным жыцці. На ўроках матэматыкі настаўніца стварае атмасферу, у якой працэс пазнання заўсёды цікавы і значны для кожнага вучня. Яна аддае перавагу нестандартным праблемным урокам, актыўна выкарыстоўвае магчымасці ІКТ, стымулюе жаданне даследчай дзейнасці, актыўна прыцягвае сваіх вучняў да алімпіяднага руху. Адчувае вялікае задавальненне ад таго, што любы вучань можа дасягнуць поспеху і хоча адчуваць сябе ўпэўнена.

Наталля Леанідаўна ў кожным вучню бачыць асобу, кіруючыся важным выхаваўчым правілам: “Рабі дабро для іншых, калі для гэтага ў цябе ёсць магчымасць”. І такія магчымасці ў настаўніцы невычэрпныя! Яна не толькі прафесійны матэматык, але і крэатыўны, творчы чалавек. Яе выхаваўчыя мерапрыемствы, у тым ліку і ў рамках шостага школьнага дня, заўсёды пазнавальныя. Настаўніца выхоўвае і сваім пазітыўным выглядам, уменнем нала­дзіць даверлівыя зносіны з дзіцячай аўдыторыяй, бачыць у кожным асобу, паважліва і ласкава звяртацца да дзіцяці і абавязкова ўсміхацца.

Наталля Пекар ужо многа гадоў з’яўляецца прафсаюзным лідарам нашай установы адукацыі. У 2018 годзе яна дастойна прэзентавала сябе на абласным этапе рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу прафесійнага майстэрства “Беларускі майстар — 2018” і заваявала дыплом ІІ ступені. Настаўніца разумее, што час патрабуе новых умоў, новых задач і планаў… Але нязменным застаецца адно: усё гэта на карысць чалавеку-працаўніку.

А яшчэ Наталля Леанідаўна проста прыгожая жанчына, інтэлігентная, сучасная, стыльная, патрабавальная да сябе і, галоўнае, заўсёды пазітыўная. Яна клапатлівая жонка, ласкавая маці, спагадлівая сяброўка і цудоўная двойчы бабуля. Яе любяць родныя, паважаюць калегі, з яе бя­руць прыклад вучні і ёй заўсёды дзякуюць выпускнікі.

Напэўна, гэта і ёсць прафесіяналізм і простае жаночае шчасце… А наперадзе ў Наталлі Леанідаўны новыя гарызонты, дасягненні, адкрыцці як у асабістым жыцці, так і на адукацыйнай прасторы.

Святлана КУРЫЛА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна