100 радкоў пра калегу. Святлана Варава ўдала вырашае метадычныя праблемы, выпрацоўвае свой педагагічны почырк

- 17:30Образование

Кожны педагог варты любові і павагі, але сёння хочацца расказаць пра настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Святлану Варава, якая працуе ў Райцаўскай сярэдняй школе імя У.А.Галавача Карэліцкага раёна больш за 15 гадоў.

Родам Святлана Аляксанд­раўна з невялікай вёскі Зарэчча, што таксама ў Карэ­ліцкім раёне. Паспяхова закончыла БДПУ.

Напэўна, значны ўплыў на выбар будучай прафесіі аказалі яе дзядуля Адам Іосіфавіч Кузьміч, які працаваў дырэктарам школы, і бабуля Ніна Рыгораўна, настаўніца рускай мовы і літаратуры. Са слоў аднавяскоўцаў, былых вучняў, гэта былі найдаб­рэйшай душы людзі, справядлівыя настаўнікі.

Святлана Аляксандраўна — не проста настаўнік, але і доб­ры сябар, цікавы суразмоўнік. Яна любіць і выдатна ведае свой прадмет, на яе ўрокі дзеці ходзяць з асаблівым настроем. Настаўніца вучыць не проста атрымліваць веды, а ўмець прымяніць іх на практыцы, лагічна думаць, развіваць мысленне. Сама ж часцей за ўсё абапіраецца на жыццёвы вопыт і веды, якія пастаянна ўдасканальвае з дапамогай метадычнай літаратуры, інтэрнэту.

Для яе ўласцівы высокая эрудыцыя, імкненне да творчасці і самаўдасканалення, аб’ектыўная ацэнка сваёй дзейнасці. Настаўніца ўдала вырашае метадычныя праблемы, што ўзнікаюць, выпрацоўвае свой педагагічны почырк, выкарыстоўвае найбольш прагрэсіўныя і эфектыўныя формы, метады і прыёмы. Дарэчы, некаторыя выпускнікі нашай школы пайшлі па шляху сваёй настаўніцы — сталі педагогамі.

Неабходна дадаць і тое, што кабінет беларускай мовы, якім загадвае Святлана Аляксандраўна, уяўляе сабой своеасаблівую творчую майстэрню, дзе сабраны і сістэматызаваны багаты дыдактычны і метадычны матэрыял. Настаўніца таксама право­дзіць значную пазакласную работу па прадмеце, займаецца разам з вучнямі навукова-даследчай дзейнасцю. Распрацоўкі яе ўрокаў змешчаны на педагагічным партале Рэспублікі Беларусь, на сайце адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу. Сёлета Святлана Аляксандраўна ўключана ў склад рэспубліканскай доследнай праверкі вучэбных дапаможнікаў.

Настаўніца мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, яе педагагічная праца неаднара­зова была адзначана граматамі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама.

Антаніна МЯЛЕШКА,
намеснік дырэктара Райцаўскай сярэдняй школы імя У.А.Галавача