Больш за трыццаць гадоў Наталля Міхайлаўна Чыж працуе ў сярэдняй школе № 2 Мсціслава. За гэты час яна набыла вопыт, педагагічнае майстэрства, павагу бацькоў і калег. Нязменнай застаецца і любоў да прафесіі.

Аповед пра сябе Наталля Міхайлаўна заўсёды пачынае з імя сваёй першай настаўніцы Зінаіды Паўлаўны Маісеенкавай, якую памятаюць многія мсціслаўчане і на якую ёй хацелася быць падобнай. Мара ажыццявілася: Наталля Чыж скончыла педагагічны каледж, Магілёўскі педінстытут і вярнулася на малую радзіму працаваць настаўніцай.
За час работы Наталля Міхайлаўна зарэкамендавала сябе мэтанакіраваным, адказным педагогам. Яна выдатна валодае методыкай пачатковай адукацыі, мае добрую тэарэтычную і практычную падрыхтоўку, вынікова раскрывае здольнасці адораных і высокаматываваных вучняў.
Упор Наталля Чыж робіць на фарміраванне даследчых уменняў і навыкаў. Ужо з другога паўгоддзя першага класа яна вучыць дзяцей збіраць інфармацыю па сумесна складзеным плане, прапануе для даследавання блізкія і значныя для пачаткоўцаў тэмы. Кожнаму навучэнцу раздае памятку, у якой запісаны парадак выканання міні-даследавання. Дзеці ведаюць, што інфармацыю можна атрымаць ад бацькоў, настаўнікаў, знайсці ў кнігах, у інтэрнэце, правесці дослед ці эксперымент. Першакласнікі запісваюць тэматычныя апорныя словы, праводзяць апытанні, рыхтуюць загадкі, ствараюць вырабы, малюнкі, выступаюць з паведамленнямі перад аднагодкамі. Абавязковай умовай развіцця даследчай дзейнасці з’яўляецца ўменне даваць азначэнне паняццям — для гэтага педагог прымяняе на сваіх уроках складанне загадак. На занятках яна не ўжывае слова “няправільна”, а імкнецца, каб вучні самі заўважылі памылку.
Вялікую ўвагу Наталля Міхайлаўна ўдзяляе прафарыентацыйнай рабоце з навучэнцамі. Яна лічыць, што ўсе вучэбныя прадметы можна выкарыстоўваць для фарміравання ў школьнікаў цікавасці да працы дарослых. Урокі матэматыкі настаўніца нярэдка праводзіць у форме дзелавой гульні, каб пазнаёміць вучняў з прафесіямі банкаўскіх работнікаў, прадаўцоў, будаўнікоў. На ўроках рускай і беларускай моў прымяняе прымаўкі, прыказкі, загадкі, рэбусы аб разнастайных спецыяльнасцях. На занятках па прадмеце “Чалавек і свет” навучэнцы знаёмяцца з прафесіямі сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўчай прамысловасці, лясной галіны.
У прыярытэце настаўніцы — абагульненне і распаўсюджванне ўласнага педагагічнага вопыту. Наталля Чыж удзельнічае ў семінарах, навукова-практычных канферэнцыях. Эфектыўнымі напрацоўкамі педагог дзеліцца на старонках газет і часопісаў. Яе аўтарскія матэрыялы размешчаны на сайце рэспубліканскай сеткавай кансультацыйна-метадычнай лабараторыі “Кропка росту”.
Працоўныя дасягненні Наталлі Міхайлаўны нядаўна атрымалі высокую ацэнку — яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі.
Аксана ПАТАПЕНКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Мсціслава





