Сёлета Ірына Іванаўна Швек, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна, адзначыла 70-гадовы юбілей і 35-годдзе працоўнай дзейнасці ў гэтай установе адукацыі.

Яна выхавала не адно пакаленне дзяцей, падрыхтавала дзясяткі алімпіяднікаў. Вучні Ірыны Іванаўны займалі прызавыя месцы ў такіх навукова-даследчых канферэнцыях, як “Хрустальная Альфа”, “Край Гарадзенскі”, “Купалаўская вышыня”. Каля 30 гадоў яна ўзначальвала раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.
У вучэбным кабінеце, да афармлення якога педагог прыклала шмат намаганняў, ёсць і этнаграфічны куток, і выстава літаратуры для пазакласнага чытання, і навукова-даследчыя распрацоўкі, да якіх настаўніца заахвочвае вучняў.
Для Ірыны Іванаўны педагогіка — гэта не прафесія, а лад жыцця. На ўроках яна стараецца адносіцца да вучняў з разуменнем, паважаць іх годнасць, а з канфліктных сітуацый выходзіць з гумарам. Настаўніца вучыць дзяцей разважаць, як паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі, выказваць свае думкі, заўсёды заставацца людзьмі і, вядома ж, любіць родную мову, карыстацца ёй у штодзённым жыцці. Ірына Іванаўна паказвае вучням добры прыклад, і суразмоўнікі стараюцца адказваць ёй таксама па-беларуску.
Вольга КАРПУЦЬ, Вольга ШАЙПАК,
метадысты Бераставіцкага вучэбна-метадычнага кабінета





