Сітуацыйныя задачы на літаратуры: прыклад урока

- 9:14Образование, Портфолио, Приложение

Лепш уявіць гістарычны і культурны кантэкст літаратурнага твора, знайсці адказы на маральныя пытанні, узнятыя аўтарам, дапамагаюць сітуацыйныя задачы.

Адзін са складнікаў метаду аналізу канкрэтных сітуацый — сітуацыйная задача. Гэта асваенне паслядоўных інтэлектуальных аперацый у працэсе работы з інфармацыяй: азнаямленне — разуменне — прымяненне — аналіз — сінтэз — ацэнка.

Спецыфіка сітуацыйнай задачы: носіць практыка-арыентаваны характар; для яе рашэння патрэбны канкрэтныя прадметныя веды; можа грунтавацца на шэрагу пытанняў падручніка; можа быць заснавана на праблемах рэальнага жыцця.

Тэма: Міхась Зарэцкі. Апавяданне “Дзіўная”

Мэты: правесці аналіз апавядання “Дзіўная”; спрыяць развіццю каманднага ўзаемадзеяння, крытычнага мыслення, развіццю ўмення вызначаць ролю дэталі ў мастацкім творы; садзейнічаць выхаванню традыцыйных сямейных каштоўнасцей.

Для работы на ўроку клас дзеліцца на 4 групы (2 групы характарызуюць Шумаву, 2 групы — Блонскага). Кожнае заданне адпавядае аднаму элементу пазла. Кавалачкі пазла вучні атрымліваюць пасля выканання і агучвання задання. У канцы ўрока яны складваюць агульную выяву.

Ход урока

І. Арганізацыйны этап.

ІІ. Этап актуалізацыі ведаў.

(1-ы элемент пазла)

ІІІ. Этап мэтавызначэння.

Буду ведаць___________________________________

Пазнаёмлюся__________________________________

Змагу________________________________________

IV. Этап вывучэння новага матэрыялу.

Вучням для работы ў групах прапаноўваюцца сітуацыйныя задачы.

І група

Ключавое пытанне: ці была шчаслівай галоўная гераіня апавядання?

Інфармацыя:

  1. Тэкст апавядання “Дзіўная”;
  2. Вучэбны дапаможнік па беларускай літаратуры для 10 класа.

Заданні, накіраваныя на вырашэнне ключавога пытання

Азнаямленне (2-і элемент пазла)

Выпішыце з апавядання “Дзіўная” цытаты, якія характарызуюць гераіню твора — яе знешнасць, паводзіны. Адзнач­це сярод іх станоўчыя.

“Падышла рэзкім крокам” (с. 195), “вочы — яркія, вострыя з шчырым вясёлым агеньчыкам. У іх — смелая, дапытлівая цікавасць” (с. 195), “я працаваць люблю” (с. 196),  “уважны, сур’ёзны погляд” (с. 196), “рассыпалася задорным, іскрыстым смехам” (с. 196), “праглынула смех” (с. 196), “Здаровыя, ясныя [вочы], з шчырым агеньчыкам” (с. 196), “сціслая сур’ёзнасць” (с. 197), “нават аганькі ў вачах — сталёвыя, цвёрдыя” (с. 197), “здавалася нейкай хваравіта-назойлівай плямай” (с. 197), “пад гэтым сухім, троху мітынговым тонам ёсць нешта схаванае, палахліва затоенае. Адчуваўся нейкі ледзь прыкметны фальш у гэтых цвёрдых энергічных словах” (с. 197), “у голасе… ноткі няпэўнасці, нейкага сумнага неўразумення” (с. 197), “у вачах аганькі заблішчэлі, зайскрыліся” (с. 198), “яна была ўзрушана, гарэла жарам шчырасці, веры ў тое, аб чым гаворыць” (с. 198),  “сваю думку з запалам адстойвала” (с. 198), “згінула змора, загарэліся вочы бадзёрасцю, палкай энергіяй” (с. 206), “твар, поўны вострай мукі, матчынай тугі” (с. 207).

Разуменне (3-і элемент пазла)

Адкажыце на пытанні.

  • Як апавядальнік ставіцца да ідэй, якія прапагандуе Шумава сярод жанчын?
  • Якім чынам сёння ў грамадскай свядомасці адгукаецца прапаганда вобраза жанчыны, “вольнай ад іржавых пут”?
  •  Які сацыяльны інстытут разбураецца такім чынам?

Прымяненне (4-ы элемент пазла)

  • Выберыце з тэксту апавядання мастацкія дэталі, якія перадаюць пачуццёвае ўздзеянне (на слых, дотык, смак, рух, адчуванне, эмоцыю).

Аналіз (5-ы элемент пазла)

  • У апавяданні выразна прасочваецца эмацыянальная нестабільнасць Шумавай. У чым гэта праяўляецца? У чым прычына эмацыянальнай нестабільнасці жанчыны?

Сінтэз (6-ы элемент пазла)

  • Прыдумайце лагічны эпілог да твора.

Ацэнка (7-ы элемент пазла)

  •  Падбярыце музычнае афармленне да апавядання.

ІІ група

Ключавое пытанне: ці асуджае Шумаву герой апавядання?

Заданні, накіраваныя на вырашэнне ключавога пытання

Азнаямленне (2-і элемент пазла)

Выпішыце з апавядання “Дзіўная” цытаты, якія характарызуюць героя твора.

“Лёгка, не турбуючы, варушыліся думкі. Было прыемна, вальготна” (с. 195), “пуста стала ў пакоі” (с. 196), “думкі тачыліся: старожкія, пудлівыя…” (с. 196), “мінуты здаваліся за гадзіны, а гадзіны за вечнасць” (с. 197), “асабліва моцна, напружна стаў адчуваць гэту жанчыну” (с. 197), “чуў у яе голасе мімалётныя ноткі няпэўнасці, нейкага сумнага неўразумення. Гэтыя ноткі чамусьці выклікалі сімпатыю да яе, спачуванне” (с. 198), “любаваўся яе [Шумавай] захапленнем” (с. 198), “у Блонскага ў сэрцы нешта новае зара­дзілася” (с. 201), “Адвярнуўся, не глядзеў на яе, баяўся гля­дзець” (с. 202), “шкада стала. Такой любай, дарагой здалася яна” (с. 202), “і каханне яго асвяжыла, зрабіла маладым…”
(с. 203), “к Шумавай ён прывязаўся, прывык” (с. 203), “засумаваў Блонскі” (с. 204), “…а потым не вытрымаў — пабачыцца ўздумаў” (с. 205), “…адчуваў, як у грудзях расце непакой нейкі, турбота” (с. 205), “…ў галаве бесканцовай чарадой перавальваліся думкі. То цяклі плаўна, спакойна, то раптам спляталіся ў грамоздны клубок, сціскалі мазгі цяжкім неўразуменнем” (с. 207).

Разуменне (3-і элемент пазла)

Адкажыце на пытанні.

  • Што можна сказаць пра гэтага героя?
  • Ці асуджае ён галоўную гераіню?

Прымяненне (4-ы элемент пазла)

  • Складзіце кароткае апісанне асобы Блонскага.

Аналіз (5-ы элемент пазла)

  • Знайдзіце ў апавяданні мастацкія дэталі, якія сведчаць пра зараджэнне ў Блонскага кахання да галоўнай гераіні твора.

Сінтэз (6-ы элемент пазла)

  • Прыдумайце лагічны эпілог да твора.

Ацэнка (7-ы элемент пазла)

  • Якім чынам аўтар перадае светаадчуванне Блонскага?
  • Аб чым прымушае задумацца апавяданне?

    V. Рэфлексія (8-ы элемент пазла)

Белы капя­люш

Жоўты капя­люш

Чорны
капя­люш

Чырвоны ка­пя­люш

Зялё-

ны капялюш 

 

 

 

Сіні
капя­люш

Назавіце канкрэтны факт з апавядання

Агучце
адзін станоўчы факт пра герояў

Агучце адзін адмоўны факт пра
герояў

Раска­жыце, якія эмоцыі выклікалі

ў вас

героі

Успомніце твор беларускай літаратуры, дзе прасоч­ваецца праблема бацькоў і дзяцей

Чаму нам трэба прачытаць гэты твор?

 

 

 

 

 

 

 

Вынікі работы вучні запісваюць у табліцу.

 

Заданні

Адказы

І

 

ІІ

 

ІІІ

 

IV

 

V

 

VI. Падбярыце музычнае афармленне да апавядання. Абвядзіце выбраны вамі музычны трэк. Аргументуйце выбар

VII

 

VIII. Рэфлексія

“6 капелюшоў”.

 

Занатуйце фразу ў адпаведнасці з колерам капелюша, які вам прапанаваны

 

Для работы на ўроку настаўнік рыхтуе пазл.

 Ірына КАЗАЧЭНКА, 
настаўніца беларускай мовы і літаратуры, 
настаўнік-метадыст Лельчыцкай раённай гімназіі імя І.А.Коласа
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ мае ілюстрацыйны характар