19 новых рэзідэнтаў і 3305 новых рабочых месцаў

- 10:21Інфармацыйная гадзіна

У Парку высокіх тэхналогій падвялі вынікі работы за 2016 год. Падчас прэс-канферэнцыі дырэктар адміністрацыі ПВТ Валерый Цэпкала агучыў асноўныя дасягненні і адказаў на пытанні журналістаў.

На сённяшні дзень у Парку высокіх тэхналогій ажыццяўляюць дзейнасць 165 рэзідэнтаў (74 кампаніі створаны беларускімі інвестарамі, 32 з’яўляюцца кампаніямі з сумесным капіталам, 59 — камерцыйныя арганізацыі са 100-працэнтным замежным капіталам). Пры гэтым у 2016 годзе было зарэгістравана 19 юрыдычных асоб, пазбаўлена статусу рэзідэнта — 3.

У Парку высокіх тэхналогій працуюць звыш 27 тысяч чалавек. Летась тут было створана 3305 новых рабочых месцаў.

Як паведаміў Валерый Цэпкала, у 2016 годзе аб’ём экспарту Парка высокіх тэхналогій павялічыўся на 16% і склаў 820,6 млн долараў ЗША. Распрацаванае ў ПВТ праграмнае забеспячэнне пастаўлялася ў 67 краін, пры гэтым амаль палова экспарту прыходзілася на краіны Заходняй Еўропы, 43,2% — на ЗША. Летась кампаніі-рэзідэнты ўпершыню выйшлі на рынкі Філіпін, В’етнама, Туркменістана і Мексікі. Пры гэтым з-за істотнага падзення экспарту ў Расію (на 43%) доля краін СНД у агульным экспарце ПВТ знізілася з 10,7% да 5,3%.

Аб’ём укаранення распрацаванага ў ПВТ прадукту на беларускіх прадпрыемствах вырас у параўнанні з 2015 годам у 1,6 разу і склаў 166,6 млн рублёў (звыш 1,5 тысячы праектаў). Адметна, што рэзідэнты рэалізуюць не толькі камерцыйныя, але і гуманітарныя праекты на бязвыплатнай аснове. Напрыклад, у 2016 годзе кампанія ЕРАM Systems распрацавала для Рэспубліканскага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак Адзіны рэгістр трансплантацыі. Ён уключае ў сябе дэталёвы рэестр усіх трансплантацый, якія праводзяцца ў краіне, і рэестр адмоў, дзе сабраны звесткі пра ўсе абмежаванні на выкарыстанне органаў для трансплантацыі. Гэта дазволіць урачам умомант атрымліваць неабходную інфармацыю для прыняцця важных рашэнняў.

У 2016 годзе адміністрацыя ПВТ працягнула работу па фарміраванні спрыяльнага асяроддзя для з’яўлення новых высокатэхналагічных кампаній (стартапаў). У прыватнасці, за кошт сродкаў ПВТ завершаны інвестыцыйны праект на агульную суму звыш 7 млн дэнамінаваных рублёў па рэканструкцыі комплексу будынкаў у Гродне агульнай плошчай больш за 1500 м2. У выніку яго рэалізацыі створаны інавацыйны комплекс, які ўключае ў сябе бізнес-інкубатар, каворкінг, вучэбны цэнтр. На яго базе пачаў работу аддзел рэгіянальнага развіцця па Гродзенскай вобласці, адной з задач якога з’яўляецца падтрымка стартапаў у рэгіёне. Выбар Гродна звязаны з наяўнасцю профільных факультэтаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы і найбольшай колькасцю ІТ-кампаній з ліку рэзідэнтаў ПВТ і іх філіялаў.

На базе бізнес-інкубатара Парка высокіх тэхналогій у Мінску ў 2016 годзе праведзена 55 мерапрыемстваў (канферэнцый, семінараў, конкурсаў, хакатонаў і інш.), у якіх прынялі ўдзел звыш 9 тысяч чалавек. На практыка-арыентаваных курсах па інавацыйным прадпрымальніцтве прайшлі навучанне 183 чалавекі. У 2016 годзе інкубаванне праходзілі 9 стартап-кампаній, адабраных на конкурснай аснове. 4 з іх былі заснаваны слухачамі, якія прайшлі навучанне на згаданых курсах.

Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці адміністрацыі ПВТ з’яўляецца павышэнне прэстыжу тэхнічнай адукацыі сярод навучэнцаў і стымуляванне іх да атрымання інжынерных, камп’ютарных і іншых тэхнічных спецыяльнасцей. Так, у 2016 годзе па ініцыятыве рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій і пры падтрымцы Міністэрства адукацыі стартаваў сумесны адукацыйны праект па навучанні школьнікаў навыкам праграмавання ў асяроддзі Scratch. На базе ПВТ была арганізавана спецыяльная падрыхтоўка настаўнікаў, створаны нацыянальны партал scratch.by, сфарміравана сеткавая суполка выкладчыкаў па мове праграмавання Scratch.

Мінулай вясной у Оршы была заснавана дзіцячая ІТ-акадэмія “КомпАС”, якая стала ўжо чацвёртай у спісе адкрытых пры падтрымцы рэзідэнтаў ПВТ рэгіянальных IT-акадэмій (падобныя працуюць таксама ў Наваполацку і Лідзе). Дзейнасць аршанскай ІТ-акадэміі накіравана на дапамогу дзецям у навучанні навыкам сучаснага праграмавання, а таксама на навучанне настаўнікаў методыкам выкладання праграмавання ў асяроддзі Scratch.

У 2016 годзе ў рамках дзён адкрытых дзвярэй, якія ў ПВТ сталі ўжо традыцыйнымі, офісы кампаній-рэзідэнтаў наведалі звыш 4 тысяч старшакласнікаў. Яны азнаёміліся з рознымі прафесіямі ў галіне інфармацыйных тэхналогій, сустрэліся са спецыялістамі і даведаліся, як дасягнуць поспеху ў ІТ.

На працягу года кампаніі Парка высокіх тэхналогій фінансава і арганізацыйна падтрымалі цэлы шэраг міжнародных конкурсаў, а таксама ўсе нацыянальныя спаборніцтвы па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы з удзелам школьнікаў і студэнтаў. Як паведаміў Валерый Цэпкала, работа ў гэтым напрамку прадоўжыцца.

Галіна СІДАРОВІЧ.