У Беларусі будзе максімальна шырока праведзена дабрачынная кампанія па падрыхтоўцы да школы дзяцей з маламаёмных, мнагадзетных сем’яў. Такое даручэнне даў 18 жніўня прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова.
“Мы да школы гатовы ў поўнай меры. Усе работы, якія былі намечаны да пачатку летняга перыяду, да 1 верасня будуць выкананы ў поўным аб’ёме, — сказаў міністр. — Выкананы капітальны і бягучы рамонт школ, іх аснашчэнне, у тым ліку спецыяльным абсталяваннем для кабінетаў фізікі, хіміі. Закуплены новыя аўтобусы для арганізацыі падвозу школьнікаў з малых населеных пунктаў у школы ў буйных райцэнтрах”.
“Магу з поўнай упэўненасцю сказаць, што сістэма адукацыі да пачатку навучальнага года гатова”, — падкрэсліў Міхаіл Жураўкоў.
Ён адзначыў, што ў гэтым годзе ў краіне будзе закрыта 45 малакамплектных школ, дзе колькасць вучняў меншая за 25. Гэтыя вучні размеркаваны па найбліжэйшых школах, будзе арганізаваны іх падвоз. У той жа час у краіне будуць адкрыты новыя навучальныя ўстановы.
Як было даложана кіраўніку дзяржавы, праблем у краіне з тым, каб сабраць дзіця ў школу, няма, можна набыць усё неабходнае, пачынаючы ад вучэбных дапаможнікаў і заканчваючы адзеннем.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсталявалася добрая традыцыя падтрымліваць у падрыхтоўцы да школы маламаёмныя, мнагадзетныя сем’і. “Трэба і ў бягучым годзе аб гэтым не забываць. І ў гэтую кампанію падтрымкі трэба ўключыць усіх: ад прэзідэнта да тых, хто можа дапамагчы апрануць, абуць дзетак”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. “Каб не было адрозненняў, што гэты — з беднай сям’і, гэты — з багатай. У нас дзеці ўсе аднолькавыя, таму тут нам трэба зрабіць максімум”, — дадаў ён.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністэрству адукацыі арганізаваць работу, каб напружыць усё грамадства і падрыхтаваць дзетак у школу. Асаблівую ўвагу, як адзначыў прэзідэнт, неабходна ўдзяліць першакласнікам, якіх сёлета 106 тысяч — на 1,6 тысячы больш, чым у мінулым годзе. “Гэта ўжо добрая тэндэнцыя. Нарэшце мы пераадолелі гэтую дэмаграфічную яму і ў нас з’яўляецца больш першаклашак”, — сказаў прэзідэнт.
Кіраўніку дзяржавы было даложана аб тым, як прайшла ўступная кампанія ў краіне. Паводле слоў міністра адукацыі, выкананы ўсе кантрольныя лічбы прыёму ў навучальныя ўстановы, асабліва на бюджэтнае навучанне і на тыя спецыяльнасці, якія з’яўляюцца запатрабаванымі для эканомікі краіны.
Прэзідэнт паставіў задачу па далейшым удасканаленні сістэмы прыёму, асабліва ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, сістэмы цэнтралізаванага тэсціравання. Кіраўніку дзяржавы даложана аб прапановах Міністэрства адукацыі, змяненнях, якія плануюцца з наступнага года ў прыёмнай кампаніі. У прыватнасці, будзе вырашацца пытанне аб здачы чатырох прадметаў на ЦТ, аб падачы дакументаў адначасова ў некалькі ВНУ па аднолькавым профілі. Акрамя таго, разглядаюцца некаторыя тэхнічныя змяненні, што тычацца самой працэдуры правядзення цэнтралізаванага тэсціравання. Міхаіл Жураўкоў адзначыў, што гэтыя пытанні будуць прапрацаваны і вынікі будуць прадстаўлены будучым абітурыентам.
Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на пытанні падрыхтоўкі кадраў па рабочых спецыяльнасцях, паколькі сітуацыя ў гэтай сферы складаная ў краінах СНД і Усходняй Еўропы. Між тым у Беларусі сістэму прафтэхадукацыі захавалі. Прэзідэнт пацікавіўся яе цяперашнім станам.
Міністр падкрэсліў, што гэтаму напрамку ўдзяляецца асаблівая ўвага. Размова ішла таксама аб развіцці сістэмы прафесійнай бесперапыннай адукацыі, ад вучылішч і каледжаў да ўніверсітэтаў, аб аптымізацыі сістэмы адукацыі.
Пасля даклада кіраўніку дзяржавы ў размове з журналістамі, падводзячы вынікі ўступнай кампаніі, Міхаіл Жураўкоў звярнуў увагу на рост агульнага ўзроўню падрыхтоўкі абітурыентаў у параўнанні з папярэднімі гадамі.
“Трэба адзначыць той факт, што прахадныя балы на многія спецыяльнасці выраслі. Ёсць, напрыклад, спецыяльнасці, дзе прахадныя балы 300 і больш, а ў мінулым годзе не дацягвалі і да 200”, — сказаў ён.
Міністр адукацыі таксама адзначыў рост папулярнасці педагагічных спецыяльнасцей сярод абітурыентаў у 2015 годзе.
Паводле яго слоў, у бягучым годзе на педагагічныя спецыяльнасці паступіла шмат пераможцаў алімпіяд і медалістаў.
“Напрыклад, на навучанне па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” ў Мазырскім універсітэце прахадны бал склаў каля 300. У педагагічным універсітэце ў Мінску на некаторыя спецыяльнасці бал быў большы за 300. І па выніках здачы цэнтралізаванага тэсціравання можна канстатаваць, што сярэдні бал па ўсіх прадметах вырас, а па некаторых — значна”, — адзначыў Міхаіл Жураўкоў.
“Адзінае, што выклікае некаторую асцярогу, — гэта падрыхтоўка па фізіцы, таму мы асаблівую ўвагу ў бягучым годзе будзем удзяляць гэтаму прадмету, у тым ліку і ўласна падрыхтоўцы педагагічных кадраў па гэтым прадмеце”, — сказаў міністр.
Па матэрыялах БелТА.