30 гадоў аварыі на ЧАЭС: супрацоўніцтва ў межах саюзных праграм па пераадоленні наступстваў катастрофы неабходна працягваць

- 11:24Інфармацыйная гадзіна

Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы для вырашэння найважнейшых задач па мінімізацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС неабходна прадаўжаць. Такое меркаванне выказаў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота на прэс-канферэнцыі ў Гомелі.

Паводле слоў Рыгора Рапоты, гэта доўгатэрміновая задача, і на сённяшні дзень вырашаны далёка не ўсе пытанні, звязаныя з ліквідацыяй наступстваў. “Наступствы вельмі маштабныя і працяглыя, таму для таго, каб змагацца з імі, вырашаць гэтыя праблемы, патрэбны новыя сумесныя праграмы. Я ўпэўнены: калі вучоныя выкажуцца на карысць гэтага, то ўрады іх падтрымаюць”, — сказаў ён.

У бягучым годзе Беларусь і Расія завершаць выкананне чацвёртай саюзнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. На іх рэалізацыю з 1998 года з саюзнага бюджэту выдзелена 4 млрд расійскіх рублёў. За названы перыяд з дапамогай гэтых сродкаў былі адпрацаваны методыкі, якія садзейнічаюць вяртанню ў гаспадарчы абарот сельскагаспадарчых зямель і лясных угоддзяў, створаны тэхналогіі па вытворчасці прадуктаў харчавання з лячэбнымі ўласцівасцямі, рэалізаваны шэраг праектаў у фармакалогіі.

Асаблівая ўвага ў саюзных праграмах удзялялася практычным мерапрыемствам па арганізацыі і аказанні медыцынскай дапамогі насельніцтву, якое пражывае на пацярпеўшых тэрыторыях. Пры ўдзеле сродкаў саюзнага бюджэту завершана будаўніцтва і ўведзены ў эксплуатацыю Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі, больш як 17 тысяч дзяцей прайшлі аздараўленне ў лепшых санаторыях дзвюх краін. “Намі напрацаваны бясцэнны вопыт у рэалізацыі мер па прафілактычным лячэнні і дыспансерызацыі насельніцтва, ранняй дыягностыцы захворванняў — усё гэта адпрацоўвалася па праграмах Саюзнай дзяржавы. Усё, што напрацавана на тэрыторыі Беларусі па нацыянальнай праграме, было прадастаўлена ў распараджэнне Расіі для выкарыстання і наадварот”, — падкрэсліў Рыгор Рапота.

Прэс-канферэнцыя, якую сумесна праводзілі старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік і Рыгор Рапота, была прысвечана пачатку прэс-тура прадстаўнікоў расійскіх і саюзных сродкаў масавай інфармацыі ў Гомельскую вобласць па тэме “30 гадоў аварыі на ЧАЭС. Рэабілітацыя пацярпеўшых рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. Развіццё малых гарадоў Беларусі”.