3D-мадэляванне, радыёэлектроніка, архітэктура: чаму будуць вучыць дзяцей у цэнтры тэхнічнай творчасці ў Мінску

- 11:30Новости

Працягваецца рэканструкцыя былога сталічнага аўтавакзала «Усходні» пад гарадскі цэнтр тэхнічнай творчасці для дзяцей і моладзі. Пра гэта інфармуе Telegram-канал дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Мінскбуд», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Завяршаецца дэмантаж старога даху і падлогі, а таксама дэмантажныя работы ў падвальнай частцы. Усе дэмантажныя работы будаўнікі плануюць завяршыць да канца лістапада і прыступіць да перапланіроўкі будынка, узвядзення новых цагельных перагародак і сцен. Па контуры перонаў ужо заліваюцца падмуркі і падпорныя сцены вышынёй 2,5 м пад устаноўку вітражоў будучых лабараторый. На аб’екце працуюць больш за 50 чалавек.

Шырокі хол першага паверха, дзе раней размяшчалася зала чакання, цяпер не пазнаць. Тут прыбралі мэблю, разабралі гандлёвыя павільёны. Праўда, некаторыя дэкаратыўныя элементы ўсё ж плануецца пакінуць, напрыклад арыгінальныя падвесныя канструкцыі ў выглядзе вялікіх кругоў на столі, мазаіку на сцяне. У працэсе мадэрнізацыі будынка ўкараняюцца энергаэфектыўныя тэхналогіі.

Аб’ект стане інавацыйнай адукацыйнай пляцоўкай у галіне тэхналогіі, інжынерыі, матэматыкі, што будзе стымуляваць дзяцей і моладзь да вынаходніцтва і навуковай дзейнасці. Для аснашчэння цэнтра закупяць сучаснае абсталяванне. Тут разгорнуцца вучэбныя лабараторыі авія- і ракетамадэлявання, аўта- і мотамадэлявання, робататэхнікі, радыёэлектронікі і мехатронікі, 3D-мадэлявання, радыёкіруемых аўтамабіляў, суднамадэлявання, беспілотнікаў, архітэктуры і дызайну, дзіцячага IT-цэнтра і інш. Мяркуецца, што цэнтр зможа прыняць у аб’яднанні па інтарэсах не менш за 7 тыс. чалавек.

Візуалізацыя УП «Мінскпраект»

Як расказалі ў камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама, навучанне пачатковай тэхнічнай творчасці плануецца арганізаваць для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту. Потым іх размяркуюць па розных напрамках у залежнасці ад інтарэсаў. Таксама збіраюцца праводзіць індывідуальную работу з адоранымі навучэнцамі, якія змогуць ствараць уласныя праекты для ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. У секцыі суднамадэлявання будуць развіваць акіяніку, набудуць падводных робатаў з дыстанцыйным кіраваннем. Акрамя таго, у цэнтры пабудуюць стацыянарны басейн для выпрабаванняў, спаборніцтваў падводных, ветраных, маторных лодак. Акрамя таго, будуць два мабільныя басейны. Аўта- і моталабараторыю плануюць абсталяваць картсімулятарамі. Юнакі змогуць вучыцца ездзіць на матацыкле або карце, выкарыстоўваючы віртуальныя мадэлі. У лабараторыю архітэктуры і дызайну закупяць сучасныя 3D-сканеры.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота: Telegram-канал «Мінскбуд» і minsknews.by