400-бальнікі Брэстчыны расказалі, як дасягнуць такога поспеху

- 12:30Образование

Каб атрымаць максімальныя балы на ЦЭ і ЦТ, зусім не абавязкова жыць і вучыцца ў буйных гарадах. Гэта красамоўна даказалі сёлетнія выпускнікі Брэстчыны, на рахунку якіх 300 “цэнтралізаваных” балаў і 10-­бальны атэстат у дадатак. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сярод іх — Ганна Трэццяк з гімназіі Драгічына і Мікіта Басалай з сярэдняй школы № 4 Івацэвіч. Дзяўчына набрала па 100 балаў на ЦЭ па англійскай і рускай мовах, а юнак — па біялогіі і рускай мове. На ЦТ яны дасягнулі аналагічнага выніку па гісторыі Беларусі і хіміі адпаведна. Гэта не выпадковасць, а заканамернасць, абумоўленая якаснымі ведамі і настойлівай працай, што пацвярджаюць учарашнія адзінаццацікласнікі.

Да ЦЭ і ЦТ Ганна пачала ўзмоцнена рыхтавацца яшчэ ў 10 класе: займалася на факультатывах і самастойна па 2—3 гадзіны ў дзень. Добрыя вынікі выпускніца паказвала ў алімпіядным руху і даследчай рабоце. Часу хапае на ўсё, калі вельмі любіць тое, чым займаешся.

— У цэлым заданні ЦЭ і ЦТ не выхо­дзілі за межы школьнай праграмы і пры належнай падрыхтоўцы цяжкасцей не выклікалі, — лічыць Ганна, якая ў сваіх сілах была ўпэўнена на 100%.

Вынікі, атрыманыя на ЦЭ і ЦТ, — гэта плён сістэмнай і мэтанакіраванай працы дзяўчыны і яе педагогаў: настаўніка англійскай мовы Сяргея Каральчука, настаўніцы гісторыі Таццяны Салавейка, а таксама настаўніц рускай мовы і літаратуры Святланы Янушчык і Валянціны Валашчук.

— Без іх дапамогі і падтрымкі бацькоў наўрад ці дасягнула б такіх поспехаў, — прызнаецца Ганна, якая атрымала па выніках універсітэцкай алімпіяды па англійскай мове ў БарДУ дыплом І ступені.

З выбарам будучага месца вучобы дзяўчына пакуль не вызначылася, але дакладна ведае, што плануе звязаць жыццё з любімай лінгвістыкай. І гэта ўдасца Ганне без сумненняў, бо ўседлівасці і працавітасці ёй не займаць.

— Поспех нашай выпускніцы далёка не адзінкавы, — заўважае дырэктар гімназіі Людміла Філанюк. — Ва ўстанове наладжана сістэмная работа з адоранай моладдзю па розных кірунках. У папярэднія гады ўчарашнія адзінаццацікласнікі не раз атрымлівалі на ЦТ адразу па два стабальныя сертыфікаты.

Сёлетнія вынікі таксама добра парадавалі. Так, на рахунку колішніх гімназістаў 4 стабальныя вынікі, атрыманыя на ЦЭ, і 2 — на ЦТ. А ўвогуле, амаль палова выпускнікоў паказала на ЦЭ больш за 90 балаў. Акрамя таго, 13 з іх скончылі ўстанову з залатым ці сярэбраным медалём. Штогод больш за 80% выпускнікоў працягваюць вучобу ва УВА.

Па словах кіраўніка гімназіі, гэта вынік высокага майстэрства педкалектыву, у якім працуюць 80% настаўнікаў з вышэйшай і 13% з першай кваліфікацыйнай катэгорыяй, а таксама адзін настаўнік-метадыст.

— Павышэнню прафесійнага ўзроўню педагогаў удзяляецца першачарговая ўвага, — гаворыць Людміла Філанюк. — Ад гэтага залежыць імідж установы. Бацькі зацікаўлены ў якасных ведах дзяцей, а педагогі імкнуцца ўсяляк забяспечыць іх.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Івацэвіч Наталля Конан лічыць стабальныя вынікі на ЦЭ і ЦТ у выпускніка Мікіты Басалая цалкам заканамернымі, паколькі юнак даўно і мэтанакіравана працаваў над гэтым. Дарэчы, два ўчарашнія адзінаццацікласнікі ўстановы набралі на сёлетнім ЦЭ максімальны бал, чаму іх педагогі вельмі рады.

— Мару стаць стаматолагам, таму ўжо з 6 класа ўдзяляў павышаную ўвагу біялогіі: хадзіў на факультатыўныя і індывідуальныя заняткі, удзельнічаў у алімпіядным руху, — расказвае Мікіта. — Асабліва падабаецца вывучаць анатомію чалавека. Планую паступаць у БДМУ.

Рыхтавацца да ЦЭ юнаку дапамагалі настаўніца біялогіі Алена Сарока і настаўніца рускай мовы і літаратуры Аксана Ляшко, за што ён ім вельмі ўдзячны, як і бацькам, якія стварылі яму камфортныя ўмовы для самаразвіцця.

Дзякуючы грунтоўнай падрыхтоўцы і падтрымцы, заданні ЦЭ і ЦТ падаліся Мікіту даволі лёгкімі, а высокія вынікі — чаканымі.

Пажадаем выпускнікам ажыццяўлення запаветных мар, а іх педагогам — такіх жа таленавітых, працавітых і мэтанакіраваных вучняў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ