45 мінут для інтэрактыву

- 17:38Адукацыйная прастора

Вучэбны дапаможнік “Грамадазнаўства” для 9 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі выйшаў адносна нядаўна (на пачатку 2020-га), але паспеў заваяваць папулярнасць як сярод настаўнікаў, так і сярод вучняў. Новы дапаможнік інтэрактыўны, кампетэнтнасна арыентаваны, створаны на нацыянальным матэрыяле, з прывабнай яркай вокладкай, зручным і зразумелым “інтэрфейсам”, перавернутымі заданнямі. Карацей — для сучасных дзяцей. Нездарма па выніках апытання, якое НІА праводзіў у школах ў лютым, гэтая вучэбная кніга дзевяцікласнікамі была прызнана лепшай.

І.Бернат, А.Палейка, Н.Кушнер.

Стаць лепшым са старту практычна немагчыма, але аўтар­скаму калектыву гэта ўдалося. Магчыма, таму, што калектыў падабраўся ўдалы. Увогуле, над вучэбным дапаможнікам працавала вялікая колькасць людзей (10 чалавек), таму “вялікі дзякуй” хочацца сказаць кожнаму. Кіраўніком аўтарскага калектыву, пад рэдакцыяй якога і выйшаў дапаможнік, з’яўляецца доктар сацыялагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі, загадчык кафедры сацыялогіі БДУ Аляксандр Мікалаевіч Данілаў. Прынцыповая пазіцыя вучонага: над школьным падручнікам найперш павінны працаваць настаўнікі, бо яны лепш ведаюць патрэбы сучасных вучняў і педагогаў. Зразумела, што такая пазіцыя стварала спрыяльную атмасферу для работы ўсяго аўтарскага калектыву.

Сёння на старонках нашай газеты прэзентуюць дапаможнік яго аўтары з настаўніцкага боку: Алена Палейка, метадыст аддзела метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі НІА; Ірына Бернат, настаўнік-метадыст, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі
№ 36 Мінска; Надзея Кушнер, настаўнік-метадыст, выкладчык грамадазнаўства Ліцэя БДУ, дацэнт кафедры гісторыі Новага і Найноўшага часу БДУ.


Пачнём з агульнага. Вучэбны дапаможнік “Грамадазнаў­ства” быў падрыхтаваны ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай для 9 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджанай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь у 2019 годзе. Ён складаецца з чатырох раздзелаў: “Чалавек”, “Дзейнасць, зносіны, узаемадзеянне”, “Асоба, грамадства, дзяржава”, “Чалавек у свеце культуры”. Ёсць слоўнік асноўных паняццяў, памяткі для работы з інфармацыяй і медыятэкстамі.

Усе раздзелы вучэбнага дапаможніка пачынаюцца са схем, у якіх праз пытанні адлюстраваны галоўныя мэты і меркаваныя вынікі навучання. “Перад вывучэннем кожнага раздзела неабходна арыентаваць вучняў на патрабаванні да вынікаў як на крытэрыі ацэнкі паспяховасці іх вучэбна-пазнавальнай дзейнасці. Веданне навучэнцамі крытэрыяў поспеху павышае іх матывацыю да навучання, робіць працэс больш эфектыўным і знімае мноства пытанняў па аб’ектыўнасці ацэньвання яго вынікаў.

Перад вывучэннем раздзела настаўніку рэкамендуецца звярнуць увагу навучэнцаў на паняцці, азначэнні якіх яны павінны ведаць. У тэксце вучэбнага дапаможніка яны абазначаны тлустым шрыфтам. Хочам зрабіць акцэнт і на форзацы, дзе размешчаны ментальныя карты па кожным раздзеле. У ментальных картах паняцці прадстаўлены ў сістэме сувязей і адносін, уключаны ў асноўныя з’явы, працэсы, тэорыі, якія вывучаюцца. Да ментальных карт неабходна звяртацца не толькі падчас вывучэння пэўнага вучэбнага матэрыялу, але і ў час яго замацавання, паўтарэння, сістэматызацыі і абагульнення”, — раяць аўтары.

Кожны параграф пачынаецца з уступнай інфаграфікі, якая выразна і кампактна рэпрэзентуе змест тэмы і ключавое пытанне для абмеркавання на вучэбных занятках. “Інфаграфіка з’яўляецца сродкам візуалізацыі інфармацыі і выкарыстоўваецца там, дзе аб’ёмную і складаную інфармацыю трэба прадставіць кампактна. Інфаграфіка можа эфектыўна выкарыстоўвацца ў навучанні як:

— сродак матывацыі да вывучэння тэмы і рэфлексіі па яго выніках;

— сродак для актуалізацыі наяўных ведаў навучэнцаў па тэме;

— аснова для выканання заданняў па пераводзе інфармацыі з адной знакавай сістэмы ў іншую (напрыклад, скласці апавяданне, напісаць невялікі тэкст пэўнага стылю, скласці схему, запоўніць табліцу);

— сродак рашэння вучэбна-пазнавальных задач і разбору канкрэтных сітуацый (інструкцыя ці алгарытм дзеянняў);

— праблемнае поле для дыскусіі і для работы з заданнямі рубрыкі “Абмяркоўваем і дыскутуем”, — тлумачаць аўтары.

Некалькі слоў пра рубрыкі дапаможніка. Ідэі і работы навукоўцаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё навук аб чалавеку і грамадстве, разглядаюцца ў рубрыцы “Персона ў навуцы”. Рубрыка “Пошук” арыентуе на самастойную работу з інфармацыяй, яе пошук і праверку, “Абмяркоўваем і дыскутуем” прапануе праблемныя пытанні і актуальныя тэмы для абмеркавання, а ў рубрыцы “Вырашаем задачу, разбіраем сітуацыю” прадстаўлены вучэбныя і практычныя задачы, жыццёвыя сітуацыі. Па кожнай тэме, што вывучаецца, прапануюцца ідэі для міні-праектаў, якія можна выконваць як у групах, так і індывідуальна.

“Відавочна, многія рубрыкі ў вучэбным дапаможніку ўзаемазвязаны. Напрыклад, абмеркаванне пытання пра людзей на карцінах як пра асоб немагчыма без ведання асноўнай інфармацыі пра мастакоў. Веданне асаблівасцей жыццёвага шляху мастакоў дазволіць настаўніку не толькі задаць напрамак для абмеркавання аспектаў самасвядомасці асобы на прыкладзе біяграфій сусветна вядомых мастакоў, але ў першую чаргу звярнуць увагу на лёс і творчасць айчыннага мастака Аляксандра Ісачова. Чым прыцягвае асоба Ісачова? Чым абумоўлена цікавасць да яго спадчыны сёння ў розных краінах свету? Такім чынам, мы звяртаем увагу на яшчэ адну асаблівасць вучэбнага дапаможніка — выразную беларусацэнтрычнасць яго зместу (асобы, падзеі, працэсы, тэндэнцыі)”, — падкрэсліваюць аўтары.


 А вось тут мне хочацца, каб аўтары падрабязней спыніліся на адметнасцях свайго вучэбнага дапаможніка, падзяліліся некаторымі рэцэптамі аўтарскага ўзаемадзеяння, без якога поспех немагчымы.

Надзея КУШНЕР: “Адметнасцю нашага падручніка з’яўляецца інфаграфіка. Працэс яе стварэння насамрэч не такі просты, бо спачатку нам неабходна было распрацаваць ідэі для інфаграфікі, затым іх рэалізаваць, візуальна аформіўшы. У выніку ўведзеная ў падручнік інфаграфічнасць стала вельмі заўважнай, бо з’яўляецца не проста малюнкам, а крыніцай інфармацыі, з якой трэба ўмець працаваць. Тут жа стаяць ключавыя пытанні. Увогуле, мы імкнуліся да таго, каб вучэбныя тэксты і ілюстрацыі ў падручніку “жылі разам”, пастаянна ўзаемадзейнічалі і дапаўнялі адно аднаго. І мы вельмі ўдзячны графічнаму дызайнеру Любові Маспанавай, якая рэалізоўвала нашы самыя смелыя ідэі”.

Ірына БЕРНАТ: “Яшчэ адна адметнасць нашага падручніка — у тым, што настаўнік з ім можа працаваць усе 45 мінут урока. У ім шмат практыка-арыентаваных заданняў, якія звязаны з сучаснасцю, нашым грамадствам, дзяржаўнасцю, культурай, вядомымі дзеячамі. Мы хацелі, каб нашы вучні ведалі пра Беларусь як мага больш. У сувязі з гэтым увесь кантэкст рабілі беларускім, акрамя таго, шукалі беларускае ў свеце, каб пашырыць кола ведаў”.

Алена ПАЛЕЙКА: “Рубрыкі ў падручніку самыя разнастайныя. Ёсць рубрыка на пошук інфармацыі (у параграфе або іншай крыніцы). Знойдзеная інфармацыя дапаможа адказаць на пастаўленыя ў канцы параграфа пытанні. Ёсць рубрыка, якая запрашае да абмеркавання актуальных праблем. І настаўнік можа адразу правесці дыскусію. Яшчэ мы прапанавалі нашым навучэнцам так званыя заданні з лямпачкамі. Гэта тэмы для міні-праектаў. Вучань можа правесці невялікае даследаванне і прадставіць вынікі сваёй працы ў выглядзе постара, падборкі песень у плэй-лісце, уласнай інфаграфікі, фотакалажу і інш. Напрыклад, па  тэме “Тэмперамент, характар, здольнасці” трэба стварыць візуальны вобраз (аватар) сябра, які будзе адлюстроўваць яго індывідуальнасць, а па тэме  “Культурная разнастайнасць і дыялог культур” прапануецца стварыць набор эскізаў для наклеек  “Ведай сваё”.

Надзея КУШНЕР: “Калі гаварыць пра фармулёўку пытанняў, то мы імкнуліся пазбягаць акадэмічнасці, а іншым разам прапаноўвалі пажартаваць, каб зрабіць пытанні не такімі фармальнымі. Увогуле, хачу яшчэ раз падзякаваць Аляксанд­ру Мікалаевічу Данілаву за падтрымку настаўнікаў. Мы хацелі ўсю інфармацыю (тэкст, ілюстрацыі, пытанні, заданні) падац­ь збалансавана, таму ўвесь час шукалі баланс і гармонію, абмяркоўваючы кожны параграф, ілюстрацыю, пытанне і заданне. Насамрэч алгарытму стварэння правільнага падручніка не існуе. Усё залежыць ад каманды, якая над ім працуе. Спрэчкі, дыскусіі, кампрамісы — гэта абавязкова”.

Алена ПАЛЕЙКА: “Ведаеце, у нас у калектыве працавала сем навукоўцаў, сярод іх — тры дактары навук. Гэта вельмі аўтарытэтныя спецыялісты, але яны даверылі настаўнікам свабодна працаваць з іх матэрыяламі, што для нас стала вызначальным. Мы працавалі з тэкстамі навукоўцаў, рабілі іх адаптацыю да ўзроставых асаблівасцей навучэнцаў, разам з графічным дызайнерам займаліся візуалізацыяй, стваралі метадычны апарат. Усе тэксты і візуальныя матэрыялы захоўваліся ў воблаку, да якога мелі доступ і права рэдагавання ўсе аўтары. Таму наш поспех — у каманднай рабоце і ў тым, што сваё меркаванне мог выказаць кожны”.


Аўтарам даводзілася чуць ад настаўнікаў, што яны часам не паспяваюць разабраць на ўроку ўсе заданні ў падручніку. Але ў кожнага педагога ёсць права выбару заданняў. І гэты выбар залежыць ад розных умоў. Нехта можа не выкарыстоўваць, напрыклад, тую ж інфаграфіку, а ключавое пытанне да яе ўзяць для арганізацыі дыскусіі.

Пад увагу трэба браць не толькі ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў у класе, але і іх уменне працаваць у парах, групах, супрацоўнічаць. “Перш чым ісці на ўрок, пажадана самому прапрацаваць усе заданні, якія даюцца ў падручніку (нават тыя, якія вы не збіраецеся даваць на ўроку). Скразной лініяй праз увесь падручнік праходзіць медыяадукацыя, таму настаўніку трэба ўмець працаваць з медыятэкстамі. Вучэбны прадмет “Грамадазнаўства” ўвогуле мае самы высокі медыя­адукацыйны патэнцыял, бо ён пра сучаснае грамадства”, — заўважыла Алена Палейка.

“У вучэбным дапаможніку выкарыстаны QR-коды. Пад QR-кодам можа знаходзіцца спасылка на рэкамендаваны інтэрнэт-рэсурс ці малюнак (плакат, карціну). QR-код выкарыстоўваецца таксама ў якасці спасылкі на памяткі для работы з інфармацыяй і медыятэкстамі. Пасля пераходу па спасылцы памятка спампоўваецца на смартфон і выкарыстоўваецца вучнямі для выканання іншых заданняў (аналіз фатаграфіі, праверка дакладнасці інфармацыі, аналіз рэкламнага роліка, выяўленне стэрэатыпаў у рэкламе, работа з постарам). Спампаваныя навучэнцамі памяткі застаюцца на іх смартфонах і могуць выкарыстоўвацца для работы з медыятэкстамі як на іншых вучэбных прадметах, так і ў розных жыццёвых сітуацыях. Пералічаныя памяткі таксама знахо­дзяцца ў вучэбным дапаможніку”, — дапоўніла Ірына Бернат.

 Для таго каб работу з новым падручнікам зрабіць больш простай і зразумелай кожнаму настаўніку, аўтары стварылі блог “Грамадазнаўства” (https://hramadaznaustva.blogspot.com). Тут аператыўна выкладваюцца метадычныя рэкамендацыі па кожным уроку і арганізаваны канал зваротнай сувязі з настаўнікамі-практыкамі. Гэтыя матэрыялы стануць асновай для метадычнага дапаможніка для настаўнікаў, які вый­дзе асобным выданнем на паперы. Увогуле, настаўнікам і вучням хутка будзе прапанаваны вучэбна-метадычны комплекс. На падыходзе рабочы сшытак з самымі рознымі заданнямі (блок-тэсты, ментальныя карты), апорныя канспекты, схемы і табліцы. Такі ж  падыход будзе захаваны і ў рабоце над вучэбна-метадычнымі комплексамі для 10 і 11 класаў.

Магчымасці выкарыстання вучэбнага дапаможніка на розных этапах урока аўтары вучэбнага дапаможніка прадставілі ў табліцы:

Этап урока (ТРКМ)Метады і прыёмы арганізацыі дзейнасці  Сродкі арганізацыі дзейнасці  Рубрыка вучэбнага дапаможніка  
Арганізацыйна-матывацыйны ВыклікСтварэнне праблемнай сітуацыі, актуалізацыя ведаў вучняў, мазгавы штурм, эўрыстычная гутарка, выкарыстанне навін СМІ, выступленне вучня  Уводная інфаграфіка, навіны СМІ, відэафрагмент, ілюстрацыя, дакумент, фрагмент тэксту  “Успамінаем вывучанае”; “Вырашаем задачу, разбіраем сітуацыю”; “Пошук”
Аперацыйна- пазнавальны Асэнсаванне новай інфармацыі  Практычная работа з рознымі крыніцамі інфармацыі, гутарка, дыскусія, дзелавая або ролевая гульня, вырашэнне вучэбна-пазнавальных задач і разбор канкрэтных сітуацый (кейс-метад), выступленне вучня  Рознаўзроўневыя заданні, памяткі для выканання заданняў, дакументы, слоўнікі, хрэстаматыі, відэафрагменты, СМІ, анлайн-рэсурсы і інш.  “Персона ў навуцы”; “Абмяркоўваем і дыскутуем”; “Вырашаем задачу, разбіраем сітуацыю”; “Пошук”  
Рэфлексіўна-ацэначны РэфлексіяПрэзентацыя вынікаў, абмеркаванне дасягнення мэт урока, каменціраванне і інструктаж па дамашнім заданні  Уводная інфаграфіка, памяткі па арганізацыі рэфлексіўнай дзейнасці вучняў  “Пытанні і заданні”; “Абмяркоўваем і дыскутуем”

Вольга ДУБОЎСКАЯ.