Ужо зусім хутка, 3-4 чэрвеня 2014 года, адбудзецца заключны этап (фінал) XXIII Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды”. Мерапрыемства абяцае стаць значнай падзеяй не толькі ў фэшн-жыцці нашай краіны, але і ў адукацыйнай сферы. Бо, як вядома, у якасці арганізатараў фестывалю-конкурсу вось ужо трэці год запар выступаюць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, што, паводле ацэнак спецыялістаў, станоўча адбіваецца на развіцці “Млына моды” ў апошнія гады. Пра асаблівасці сёлетняга форуму, падрыхтоўку да фіналу і праграму фінальных мерапрыемстваў нашаму карэспандэнту расказала вядомы дызайнер, мастацкі кіраўнік і старшыня журы Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды”, загадчык аддзела моды і дызайну Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Святлана Гнядзёнак.
— Святлана Міхайлаўна, у прэс-рэлізе, які мы атрымалі ў рэдакцыі, напісана: “Фестываль-конкурс праводзіцца з мэтай фарміравання грамадзянскіх і патрыятычных кампетэнцый асобы ў моладзі, павышэння прафесіяналізму ў галіне моды, дызайну і вытворчасці адзення, фатаграфіі, тэкстылю і паслуг, неабходных для прадукцыйнай работы беларускай эканомікі, захавання нацыянальных традыцый, пашырэння міжнародных сувязей”. А калі сказаць прасцей і менш афіцыйна, то “Млын моды” — гэта…
— Гэта выдатная магчымасць для навучэнцаў і студэнтаў, педагагічных работнікаў, маладых дызайнераў, мадэлей, мастакоў-фатографаў, стылістаў і візажыстаў прадставіць сваю творчасць у рамках фестывалю-конкурсу. Але не проста паказаць, але і атрымаць кансультацыі ў прафесійных дызайнераў, павысіць узровень сваіх ведаў, крытычна зірнуць на сваю творчасць, абмяняцца вопытам з калегамі, даведацца пра сусветныя тэндэнцыі ў фэшн-індустрыі, а магчыма, і пастажыравацца за мяжой. Адным словам, фестываль-конкурс “Млын моды” — гэта такі вялікі і карысны ўрок, які атрымлівае канкурсант на шляху ў свет моды. Таму мы заўсёды падкрэсліваем, што гэта найперш адукацыйны праект, а потым усё астатняе. І тут вялікую ролю адыгрываюць семінары, якія мы праводзім.
— А вось пра гэта, калі ласка, падрабязней. Што гэта за семінары?
— Гэта, па-першае, установачныя вучэбныя семінары, якія маюць на ўвазе аналіз калекцый удзельнікаў і прызёраў папярэдніх фестываляў-конкурсаў, а таксама разгляд такіх базавых пытанняў, як канцэпцыя калекцыі (індывідуальная тэма, крыніца інспірацыі, індывідуальны стыль, назва, музыка і інш.), метады і формы работы з вырабам, колерам і прапорцыямі, карацей, усё тое, без ведання чаго немагчыма будзе прафесійна падысці да справы. Як правіла, такія семінары мы праводзім уласнымі сіламі — аддзела моды і дызайну Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Але нярэдка мы ладзім і спецыялізаваныя вучэбныя семінары з удзелам вядучых спецыялістаў — дызайнераў і мастакоў нашай краіны. Напрыклад, у лістападзе мінулага года надзвычай плённа прайшоў семінар з удзелам галоўнага мастака-мадэльера ААТ “Цэнтр моды”, члена Саюза дызайнераў Рэспублікі Беларусь, члена журы “Млына моды” Эльвіры Жвікавай, які сабраў больш за 150 слухачоў з усёй краіны. Акрамя таго, без сур’ёзнага адукацыйнага складніка не абыходзяцца і фінальныя мерапрыемствы фестывалю-конкурсу. У мінулым годзе майстар-клас “Стварэнне fashion-здымак” правёў выкладчык British Art School, прафесійны фатограф і стыліст, лаўрэат міжнародных конкурсаў у Італіі, Вялікабрытаніі, Расіі Ілья Бліноў, а прафесар Istituto di Moda (Мілан) Марыуш Багуслаў Гайдэмскі прачытаў лекцыю “Італьянскі погляд на канструяванне і дызайн адзення”.
— Сёлетні фінал таксама будзе не толькі відовішчным, але і павучальным?
— Безумоўна. 3 чэрвеня, напярэдадні ўласна конкурснага паказу і гала-прадстаўлення, у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі пройдзе насычаная адукацыйная праграма. Так, шэф-рэдактар глянцавага часопіса Fashion Collection і беларускага партала Pro-fashion.by Вікторыя Навумава прачытае лекцыю “Месца, ніша, роля дызайнерскага адзення ў індустрыі моды сёння ў кантэксце Рэспублікі Беларусь”, а дырэктар дызайн-студыі Artefact Fashion LTD Ірына Міхайловіч — лекцыю “Тэхналогія падрыхтоўкі партфоліа дызайнера адзення”. Запланаваны таксама і цікавыя майстар-класы: па візажы — “Сусветныя трэнды ў летнім макіяжы” ад вядучага візажыста маркі GOSH Cosmetics (beauty-партнёра “Млына моды”) Яўгеніі Васільевай, па цырульніцкім майстэрстве — ад майстроў міжнароднага класа кіраўнікоў крэатыўнай каманды па цырульніцкім майстэрстве Рэспублікі Беларусь Людмілы Бразгоўка і Анатоля Лазарава і інш.
— Святлана Міхайлаўна, а цяпер, калі ласка, крыху статыстыкі: колькі канкурсантаў сабраў “Млын моды” сёлета, летась, пазалетась? Якая тут назіраецца дынаміка?
— Дынаміка відавочная: у 2012 годзе ў рэгіянальных адборачных этапах “Эскізнага тура” прынялі ўдзел 294 канкурсанты, у 2013 — 302, а ў 2014 — 428.
— Пры гэтым колькасць пераходзіць у якасць? Наколькі ведаю, для фінальнага паказу было адабрана 70 калекцый 78 дызайнераў, а гэта значна менш, чым у мінулым годзе…
— Гэта сапраўды менш. Летась у фінальным паказе ўдзельнічала 110 калекцый. Але гэта зусім не значыць, што агульны ўзровень фестывалю-конкурсу знізіўся. Наадварот, сёлета мы сутыкнуліся з такім багаццем і разнастайнасцю прафесійна зробленых калекцый, што нават крыху разгубіліся: у конкурсе ж не можа быць так многа фіналістаў! Таму мы вырашылі сёлета як бы скасаваць тур “Увасабленне” (куды выходзяць пераможцы “Эскізнага тура”) і трансфармаваць яго ў своеасаблівы паўфінал, куды былі адабраны 294 калекцыі. У прынцыпе ўсе яны якасныя і ўсе яны лепшыя. Дарэчы, менавіта работы паўфіналістаў былі прадэманстраваны на нядаўнім Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Першы чэмпіянат WorldSkills Belarus — 2014”. А што тычыцца “Млына моды”, то ў фінал выйшлі ўжо толькі 70 лепшых з лепшых калекцый, якія і будуць ацэньвацца падчас конкурснага паказу 4 чэрвеня міжнароднымі экспертамі з Азербайджана, Вялікабрытаніі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Расіі, Украіны, Фінляндыі.
— Ці маглі б вылучыць нейкі рэгіён як “самы модны”, зыходзячы з папярэдніх тураў “Млына моды”?
— Гэта зрабіць дастаткова складана, бо ў кожным рэгіёне ёсць таленавітыя і апантаныя маладыя людзі і іх педагогі. Хіба што ў плане арганізацыі можна было б адзначыць Гомельскую вобласць, адкуль была найбольшая колькасць канкурсантаў, прычым з усіх тыпаў устаноў адукацыі. І, карыстаючыся нагодай, хацелася б выказаць асаблівую ўдзячнасць за падтрымку дарэктару Гомельскага абласнога дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі Ірыне Аляксееўне Кузьміцкай і загадчыку аддзела гэтай установы Алесі Аляксандраўне Анохінай.
— Сярод канкурсантаў “Млына моды” ёсць такія, якія ўдзельнічаюць у фестывалі-конкурсе пастаянна і з году ў год здзіўляюць членаў журы сваімі арыгінальнымі рашэннямі, прафесіяналізмам?
— Такія людзі ёсць. І ў якасці яркага прыкладу я хацела б назваць дзвюх старшакласніц сярэдняй школы № 28 Гродна Барбару і Катарыну Былеўскіх. Яны ў мінулым годзе зрабілі сапраўдны фурор са сваёй калекцыяй “Калейдаскоп” і былі запрошаны на Міжнародны конкурс маладых дызайнераў “Рускі сілуэт” у Маскву. А сёлета дзяўчынкі зноў парадавалі, прадставіўшы арыгінальную калекцыю City з урбаністычнымі прынтамі. Дарэчы, якраз гэтыя прынты мы бачым на сёлетняй афішы “Млына моды”.
— Сетка намінацый “Млына моды” ў гэтым годзе не зменіцца?
— Не, як і раней, фестываль-конкурс праходзіць па намінацыях “Школа моды”, “Майстар моды”, “Фота”, “Мадэль-дэбют фестывалю-конкурсу”, “Міс-мадэль Беларусі”, “Містар-мадэль Беларусі” і “Майстар стылю”.
— А пра свае добрыя традыцыі фестываль-конкурс сёлета не забудзецца? Маю на ўвазе найперш спецыяльны дабрачынны праект “Стыльны пачатак”. (Нагадаю, што для праекта “Стыльны пачатак” калекцыю распрацоўвае асабіста сама Святлана Гнядзёнак, а вырабляюць адзенне, як правіла, у аб’яднаннях па інтарэсах устаноў дадатковай адукацыі. У 2012 годзе такую калекцыю атрымалі выхаванцы мінскага дзіцячага дома № 2, а ў 2013 — дзеці з Мінскай абласной дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху. — М.Ч.)
— Гэтая традыцыя будзе прадоўжана. Сёлета такую калекцыю атрымаюць дзеці з мінскага дзіцячага дома № 5. А пашыюць адзенне ўдзельнікі тэатра моды “Шпілька” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысава.
— Калекцыі з якіх замежных краін можна будзе ўбачыць на гала-прадстаўленні 4 чэрвеня ў Палацы спорту?
— Мяркуецца, што гэта будуць калекцыі з Лондана, Масквы, Рыгі, Кракава, Хельсінкі, Кіева, Баку.
— Ці варта 4 чэрвеня чакаць нейкага сюрпрызу, не заяўленага ў афішы?
— Сюрпрызам будзе ўсё тое, што вы ўбачыце.
— Дзякуй за гутарку. І поспехаў вам у кіраванні такім вялікім і стракатым караблём, якім з’яўляецца Рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота “Млын моды”!
Мікола ЧЭМЕР.