Годны выбар, ці як на яго можна паўплываць з дапамогай правільнага маркетынгу

- 13:39Наша пошта

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы на працягу некалькіх гадоў адзначаецца высокая цікавасць абітурыентаў да педагагічных спецыяльнасцей на ўсіх факультэтах. Напрыклад, у 2012 годзе конкурс на дзённай бюджэтнай форме навучання склаў ад 1,3 да 2,7 заявы на месца, прахадныя балы — ад 141 да 252, у тым ліку самыя высокія на спецыяльнасцях “Гісторыя” (252 балы), “Сучасныя замежныя мовы” (247 балаў).

Рэктар універсітэта прафесар Я.А.Роўба адзначае: “Важна не толькі набраць патрэбную колькасць студэнтаў, але і забяспечыць якасць набору. І, на жаль, на некаторых педагагічных спецыяльнасцях мы адчуваем недахоп годных абітурыентаў. Таму ўжо некалькі гадоў запар паспяхова ўкараняем сучасныя тэхналогіі ў сферы маркетынгу адукацыйных паслуг, у тым ліку вывучаем вопыт замежных універсітэтаў. Там некалькі раней адчулі недахоп адукаванай моладзі, яе пераарыентацыю на іншыя каштоўнасці. Адпаведна, і методыкі па падрыхтоўцы абітурыентаў, іх адборы і прыцягненні там з’явіліся раней. Так, шмат у чым дзякуючы ведам і тэхналогіям, якія нашы супрацоўнікі атрымалі ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце, мы здолелі эфектыўна выбудаваць прыёмную кампанію 2012 года. У цэлым па краіне ва ўстановах вышэйшай адукацыі быў недабор першакурснікаў, а мы здолелі забяспечыць набор на ўсе спецыяльнасці”.

Ва ўніверсітэце паспяхова рэалізоўваецца праграма прыцягнення абітурыентаў на педагагічныя спецыяльнасці “Прызванне — настаўнік”, якая прадугледжвае для першакурснікаў гэтых спецыяльнасцей наступныя прывілеі: заахвочвальную даплату да стыпендыі ў памеры 30% на працягу першага семестра для пяці студэнтаў кожнай спецыяльнасці, якія набралі па двух профільных прадметах уступных выпрабаванняў найбольшую колькасць балаў; настаўніцтва, якое мае на ўвазе дадатковыя індывідуальныя заняткі і кансультацыі выкладчыкаў па дысцыплінах вучэбнага плана першага курса, права выбару базы педагагічнай практыкі ў лепшых навучальных установах Гродна і Гродзенскай вобласці; абанемент на заняткі фітнэсам і вялікім тэнісам у спарткомплексе ўніверсітэта з прадастаўленнем 15% скідкі.
Іншагароднія абітурыенты змогуць прыняць удзел у праграме “Універсітэт — твой дом!”. Кожнаму ўдзельніку праграмы прадастаўляецца месца ў інтэрнаце.
З 2012 года ўкаранёна праграма “Лепшы настаўнік маёй школы”: падчас падачы дакументаў абітурыент можа аддаць свой голас за лепшага настаўніка (выкладчыка) сваёй школы (выкладчыка вучылішча або каледжа), чыё меркаванне з’явілася вызначальным пры выбары спецыяльнасці Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Лепшым настаўнікам, якія набралі найбольшую колькасць станоўчых водгукаў, а таксама настаўнікам, чые выпускнікі атрымалі больш за ўсё балаў па адным з профільных уступных выпрабаванняў, будуць прадастаўлены правы: атрыманне падзячных лістоў рэктара ўніверсітэта; персаніфікаваны доступ да электронных інфармацыйна-адукацыйных рэсурсаў ГрДУ; атрыманне чытацкага білета і карыстанне ўсімі рэсурсамі навуковай бібліятэкі ўніверсітэта; наведванне адкрытых лекцый выкладчыкаў, удзел у канферэнцыях, семінарах і іншых мерапрыемствах; навукова-метадычная падтрымка вядучых вучоных.

У мінулым навучальным годзе ва ўніверсітэце вялася падрыхтоўка па 30 педагагічных спецыяльнасцях. Гэта больш за 5400 студэнтаў. З іх на дзённай форме атрымання вышэйшай адукацыі — каля 2500 чалавек, на завочнай форме — 2900. І патрэбнасць устаноў адукацыі Гродзенскай вобласці ў маладых спецыялістах цалкам пакуль не задаволена. Асабліва чакаюць у школах настаўнікаў матэматыкі, фізікі, інфарматыкі. Аб гэтым павінны ведаць будучыя абітурыенты і іх бацькі.
Сёлета ўніверсітэт будзе прымаць на 23 педагагічныя спецыяльнасці. У выніку скасавання падвоеных спецыяльнасцей у 2013 годзе аб’яўлены набор на самастойныя спецыяльнасці “Алігафрэнапедагогіка”, “Лагапедыя”, “Пачатковая адукацыя”. Павінны зацікавіць абітурыентаў новыя напрамкі спецыяльнасцей “Сацыяльная работа (сацыяльна-псіхалагічная дзейнасць)”, “Руская філалогія (дзелавая камунікацыя)”, “Беларуская філалогія (дзелавая камунікацыя)”.

У 2012 годзе адзначана высокая цікавасць абітурыентаў да педагагічных спецыяльнасцей на ўсіх факультэтах універсітэта. Конкурс на дзённай бюджэтнай форме навучання склаў ад 1,3 да 2,7 заявы на месца, прахадныя балы — ад 141 да 252, у тым ліку самыя высокія — на спецыяльнасцях “Гісторыя” (252 балы) і “Сучасныя замежныя мовы” (247). Напрыклад, на спецыяльнасць “Матэматыка (навукова-педагагічная дзейнасць)” паступіла без уступных іспытаў пераможца рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы выпускніца Гродзенскай гарадской гімназіі Наталля Казлоўская.
Такі добры вынік — заслуга эфектыўнага ўзаемадзеяння ўніверсітэта і ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама ў прафарыентацыйнай рабоце. Росту колькасных і якасных паказчыкаў прыёму ва ўніверсітэт спрыяла прыняцце новай стратэгіі прафарыентацыйнай і маркетынгавай работы. Яе асаблівасць — у перанясенні адказнасці за выкананне плана прыёму на факультэты. У выніку ўсе факультэты на працягу навучальнага года вялі больш інтэнсіўную работу па прыцягненні абітурыентаў.

Працавалі школы юных універсантаў і навуковыя гурткі, праводзіліся канферэнцыі, алімпіяды і конкурсы творчых работ для старшакласнікаў, спецыяльныя мерапрыемствы (выставы-кірмашы, форумы здольнай і таленавітай моладзі і інш.) па ўсёй Гродзенскай вобласці. На кожным факультэце была створана і пастаянна папаўнялася база даных аб патэнцыяльных абітурыентах. Цесныя кантакты са школамі, гімназіямі, ліцэямі вобласці былі забяспечаны ў тым ліку дзякуючы рабоце філіялаў кафедр універсітэта ў гэтых установах адукацыі.
Аднак гэтая работа патрабуе максімальнага далучэння ўсіх, хто зацікаўлены ў падрыхтоўцы новых педагагічных кадраў. Кожны настаўнік, які ўбачыў у дзіцяці свайго будучага патэнцыяльнага калегу, павінен прыкласці ўсе намаганні, каб выпускнік пайшоў па гэтым шляху.

У  2013 годзе скарачаюцца тэрміны падрыхтоўкі ў вышэйшай школе з пяці гадоў да чатырох. У ГрДУ разумеюць, што будуць прад’яўляцца новыя патрабаванні да арганізацыі і зместу вучэбнага працэсу і ў сярэдняй школе, і ва ўніверсітэтах. І выпускнікі УВА ўжо будуць іншымі. У гэтых умовах узрастае роля магістратуры: трэба ўсвядоміць, што для некаторых супрацоўнікаў школ дыплома спецыяліста ўжо будзе недастаткова. Універсітэт чакае, што ўпраўленне адукацыі аблвыканкама, школы будуць стымуляваць настаўнікаў да працягу адукацыі ў магістратуры. Больш за тое, было б добра, каб упраўленне адукацыі паўплывала на фарміраванне бюджэтнага плана набору ў магістратуру па педагагічных спецыяльнасцях. У новай, практыка-арыентаванай, магістратуры навучанне мае індывідуалізаваны характар, перш за ўсё прадугледжвае напісанне дысертацыі, і тэмы работ могуць распрацоўвацца ў адпаведнасці з патрэбамі сістэмы адукацыі Гродзеншчыны. Магчыма, будзе патрэбны “Задачнік ад адукацыі” па мадэлі “Задачніка ад прамысловасці”.

Аляксандр АНДРЫЯНАЎ