У сувязі са святкаваннем 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 9 населеных пунктаў узнагароджваюцца вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Якія пачуцці і эмоцыі выклікае гэтая падзея? Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” спытала ў педагогаў з розных рэгіёнаў.
Галіна ДУЛУБ, дырэктар сярэдняй школы № 6 Калінкавіч, Гомельская вобласць:
— Такі вымпел — высокая ацэнка мужнасці, патрыятызму і подзвігу жыхароў нашага горада. Гэта не можа не выклікаць у мяне і ўсіх калінкавічан бязмернага пачуцця гордасці і ўдзячнасці. Вырасла ўжо некалькі пакаленняў, многае змянілася ў нашым жыцці, але я ведаю адно: подзвіг, патрыятызм і гераізм суайчыннікаў, іх гатоўнасць аддаць жыццё за Айчыну ў імя шчаслівага і свабоднага жыцця нашчадкаў — неацэнныя і незабыўныя. У пасляваенны час вучні сярэдняй школы № 6 Калінкавіч напісалі ліст маршалу К.К.Ракасоўскаму, які, будучы невылечна хворым, даручыў генералу П.І.Батаву аказаць усямерную дапамогу па зборы ваенных матэрыялаў, фатаграфій, франтавых газет, дакументаў і асабістых рэчаў вызваліцеляў горада. І ў 1965 годзе ў нашай установе быў адкрыты музей баявой славы. Узнагароджанне нашага населенага пункта вымпелам — яшчэ адно важнае звяно выхаваўчай работы, як і музей школы. Ва ўстанове адукацыі праводзіцца мноства мерапрыемстваў, прысвечаных мужнасці герояў-калінкавічан. І кожны раз гэта напамін пра тых, хто цаной свайго жыцця падарыў нам сённяшні дзень, магчымасць вучыцца, сябраваць, займацца любімай справай, ганарыцца славай нашых продкаў і быць іх дастойнымі пераемнікамі.
Аляксей МІРОНЕНКА, педагог-арганізатар сярэдняй школы № 20 Баранавіч, Брэсцкая вобласць:
— Вядома, у першую чаргу адчуваю гордасць за свой родны горад. Ён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 8 ліпеня 1944 года. Мне як чалавеку з гістарычнай адукацыяй прыемна бачыць, што подзвіг мірнага насельніцтва ў гады барацьбы з сусветным злом не забыты. Ведаючы, колькі мірных людзей аддалі сваё жыццё за тое, каб наша пакаленне жыло ў міры і спакоі, я магу толькі падзякаваць Прэзідэнту за такі жэст па ўвекавечанні іх мужнасці і стойкасці. У нашай установе адукацыі функцыянуе піянерскі пошукава-даследчы атрад імя піянера-героя Марата Казея, асноўнай задачай якога з’яўляецца даследаванне гісторыі Баранавіч у гады Вялікай Айчыннай вайны, памятных месцаў, звязаных са злачыннай дзейнасцю нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых у адносінах да мясцовага насельніцтва. Да Дня Перамогі плануецца выданне міні-даведніка па такіх месцах у рамках усёй краіны. У ім будзе пададзена кароткая інфармацыя, якая тычыцца трагедыі і ўвекавечання памяці. У найбліжэйшы час будзе праведзены збор піянерскай дружыны, на якім разам з актывістамі нашай піянерскай арганізацыі мы пагаворым аб дзейнасці гараджан у гады вайны, чый подзвіг паспрыяў узнагароджанню нашага горада вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.
Марыя ШАВЕЛЬ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Дзятлава, Гродзенская вобласць:
— У гады Вялікай Айчыннай вайны Дзятлаўскі раён стаў месцам трагедый, звязаных з генацыдам мясцовага насельніцтва. Памяць аб мінулай вайне на Дзятлаўшчыне жыве ў мірных акцыях і шматлікіх патрыятычных мерапрыемствах. У нашай установе адукацыі рэалізуецца трэкер-праект “3D-шпіталь: #Ведаем! #Памятаем! #Ганарымся!”, мэтай якога стала аднаўленне гістарычнай праўды аб дзейнасці партызанскага шпіталя, размешчанага на тэрыторыі Ліпічанскай пушчы. Па выніках мерапрыемстваў створаны сайт праекта, знойдзена месца дыслакацыі партызанскага шпіталя і адноўлены імёны 28 байцоў. Таксама мы ўкаранілі новыя формы візуалізацыі, такія як “3D-рэканструкцыя” партызанскага шпіталя, “3D-шахматы” і настольная гульня “Перамога. Памяць. Веды”. Удзел у праекце выклікаў увагу школьнікаў да вывучэння ваеннай гісторыі Дзятлаўскага раёна. У верасні 2023 года педагагічны і вучнёўскі калектывы нашай школы ініцыіравалі работу па прысваенні ёй імя героя Вялікай Айчыннай вайны, каб увекавечыць памяць партызанскага сувязнога і ўладальніка ордэна “За адвагу” І.Ю.Філідовіча. Сёлета мы святкуем 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нашы дзяды і прадзеды цаной уласнага жыцця заваявалі для нас мір і свабоду, якія мы абавязаны захаваць і прымножыць, каб маладое пакаленне ўсвядоміла непаўторнасць гістарычнага шляху Беларусі, яго непарыўную сувязь з лёсам кожнай сям’і і кожнага чалавека.
Вольга БАРАНАВА, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Обальскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза З.М.Партновай Шумілінскага раёна, Віцебская вобласць:
— Мяне перапаўняе гордасць за родны пасёлак. Я нарадзілася і вырасла тут. І вось ужо 17 гадоў працую педагогам на гераічнай Обальскай зямлі. Можа, хтосьці і не ведае аб нашым пасёлку, але аб падпольнай камсамольскай арганізацыі “Юныя мсціўцы”, якая дзейнічала на яго тэрыторыі і была адзінай у Беларусі, думаю, ведаюць многія. Мы шануем памяць аб подзвігах нашых падпольшчыкаў праз арганізацыю экскурсійнай дзейнасці ў музеі гісторыі школы, падтрымліваем парадак і добраўпарадкоўваем памятныя месцы. Выпускнікамі нашай школы былі некаторыя члены арганізацыі “Юныя мсціўцы”. Вядома, гады ўсё больш аддаляюць нас ад тых драматычных дзён, але памяць пра абаронцаў Радзімы, якія аддалі жыццё за свабоду і незалежнасць, будзе жыць у нашых сэрцах вечна. Я нізка кланяюся ўсім ветэранам, якія ваявалі на палях бою, самааддана працавалі ў тыле. Наш святы абавязак — захоўваць памяць аб вялікім подзвігу нашага народа, шанаваць яго доблесць, патрыятызм і сілу духу.
Настасся ЧАРКАНАВА