Кіраўнік Федэральнай службы па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі Анзор Музаеў заявіў пра планы правесці экзамены ў 9-х класах у 2022 годзе ў “дакавідным” фармаце з двума экзаменамі па выбары і двума абавязковымі, а выпускнікам вярнуць Адзіны дзяржаўны экзамен па базавай матэматыцы.
“Мы бачым, што ўвесь мінулы год выпуск спадзяваўся на тое, што экзамены адменяць… Цяпер аб’яўляць, што не будзе экзаменаў, я не хачу. Наша прапанова, якую мы аддалі на разгляд Міністэрству асветы, — вярнуцца да парадку, які быў раней. Гэта два абавязковыя прадметы і два прадметы па выбары”, — заявіў А.Музаеў падчас сустрэчы з бацькамі школьнікаў.
“У нас і ў Міністэрства асветы пазіцыя такая: вярнуць базавую матэматыку як абавязковы прадмет для тых, хто атрымлівае атэстат і не выбраў гэты прадмет для паступлення ў ВНУ”, — падкрэсліў ён.
Таксама А.Музаеў дапусціў магчымасць пераносу датэрміновага перыяду АДЭ ў асноўную хвалю ў 2022 годзе. “Чакалі, што гэтай восенню ўсё будзе добра, але так не адбываецца, і з вялікай верагоднасцю вясной будуць таксама праблемы. Тут пытанне дыскусійнае, мы дакладна не можам адказаць, будуць яны ці не. Калі сітуацыя захаваецца такая, мы думаем, што датэрміновыя экзамены будуць перанесены ў адзін гадавы паток”, — падкрэсліў ён.
Акрамя таго, А.Музаеў расказаў, як здаць Адзіны дзяржаўны экзамен тым школьнікам, якія будуць на самаізаляцыі. “Дыстанцыйны фармат здачы АДЭ не прадугледжаны, тэхналогіі такой няма. Таму мы не плануем разгортваць пункты пад кавід. Калі ў выпускніка выяўлены каранавірус, прадугледжваем другую хвалю здачы экзаменаў. У дадатак да ўжо існуючай”, — адзначыў кіраўнік ведамства.
Таксама чыноўнік адхіліў магчымасць увядзення новых абавязковых прадметаў у АДЭ. “Кожны спрабуе выйсці з ініцыятывай увесці дадатковы прадмет. Пазіцыя Міністэрства асветы і наша наступная: тая сістэма, якая існуе, самадастатковая, мы не плануем дадатковыя абавязковыя прадметы”, — заявіў А.Музаеў. Пра гэта паведамляе МІА “Расія сёння”.
Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.