Што такое інтэрнат ва ўстанове адукацыі? Гэта не проста пакоі і калідоры, гэта асобны свет, дзе чалавек пражывае цэлае жыццё. Будзе гэтае жыццё шчаслівым або напоўненым трывогамі і перажываннямі, у многім залежыць ад таго, як арганізавана работа з навучэнцамі ў інтэрнаце. Вось чаму гэтаму кірунку работы ўстановы прафесійнай адукацыі ўдзяляюць значную ўвагу.
Свой інтэрнат навучэнцы Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 10 будаўніцтва імя І.М.Жыжаля называюць “Вясёлае Сямашка” (інтэрнат знаходзіцца на аднайменнай вуліцы). Яны адчуваюць сябе тут як дома: жывуць дружна, прыдумваюць цікавыя справы, шмат смяюцца. Здаецца, што дабрабыт і лад пасяліліся тут самі па сабе, аднак усё гэта вынік вялікай, сістэмнай работы, якую штодзень вядуць супрацоўнікі ліцэя. Як арганізавана гэтая работа? Давайце завітаем у інтэрнат і даведаемся.
Новы дом і новае жыццё
Для чалавека, які паступае ў прафесійны ліцэй ці каледж і ўпершыню засяляецца ў інтэрнат, у жыцці мяняецца літаральна ўсё: горад, месца жыхарства, навучальная ўстанова, людзі навокал. Яшчэ ўчора яны былі сярод блізкіх і сяброў, у родным доме, хадзілі па знаёмых сцяжынках і займаліся прывычнымі справамі. А сёння яны ў новым месцы, сярод незнаёмых людзей, перад імі новыя шляхі-дарогі. Згадзіцеся, такія карэнныя змены могуць спужаць нават дарослага, упэўненага ў сабе чалавека. Што ж казаць пра падлетка? Вельмі важна, каб у гэты перыяд ён атрымаў дапамогу і падтрымку.
Чаму так важна, каб у навучэнца ў інтэрнаце ўсё было добра? Па-першае, гэта моцна ўплывае на тое, як юнак або дзяўчына будуць вучыцца. Складана думаць аб занятках, калі ты галодны, бо не змог згатаваць сабе снеданне. Няпроста быць уважлівым, калі ты не выспаўся з-за шумных суседзяў. Немагчыма засяродзіць на нечым увагу, калі ўвесь час перажываеш з-за таго, што ў месцы, дзе ты жывеш, пануе напружаная атмасфера.
Па-другое, выйшаўшы з-пад бацькоўскага кантролю, дзеці па-рознаму выкарыстоўваюць сваю свабоду. Нярэдка яны блытаюць самастойнасць з усёдазволенасцю, і гэта можа мець негатыўныя наступствы.
І па-трэцяе, людзі трапляюць у інтэрнат у перыяд, калі іх асоба яшчэ працягвае фарміравацца. Тое асяроддзе, у якім яны апынуцца, аказвае значны ўплыў на іх выхаванне і сталенне. У інтэрнаце яны праводзяць шмат часу, і ў гэтага часу вельмі вялікі выхаваўчы патэнцыял.
— Сацыякультурнае асяроддзе можа і фарміраваць, і дэфармаваць чалавека, узбагачаць або спусташаць яго. Лагічна, што дзіця дасягае больш высокага ўзроўню развіцця там, дзе для яго створаны найбольш спрыяльныя ўмовы, — расказвае Любоў Іванаўна Траханава, намеснік дырэктара ліцэя па вучэбна-выхаваўчай рабоце. — Мы стварылі ў інтэрнаце культурна-адукацыйнае асяроддзе, якое ўплывае на асобаснае развіццё кожнага навучэнца, садзейнічае фарміраванню маральных арыенціраў, грамадзянскай пазіцыі, сацыяльнай сталасці, гатоўнасці да выканання функцый грамадзяніна, патрыёта, сем’яніна.
Інтэрнат Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 10 будаўніцтва імя І.М.Жыжаля не раз быў адзначаны ўзнагародамі ў гарадскіх і раённых аглядах-конкурсах. Інтэрнат ліцэя, ужо немалады, вытрымліваў канкурэнцыю з самымі новымі і сучаснымі інтэрнатамі менавіта дзякуючы грунтоўнай выхаваўчай рабоце з дзецьмі. Што ні кажы, сцены — гэта толькі сцены, важна, што ў іх адбываецца.
Музеі, гурткі і святы
Матэрыяльна-тэхнічная база — гэта падмурак, на якім будуецца сацыякультурнае асяроддзе. У ліцэі робяць усё магчымае, каб дзецям было ўтульна. Тут ёсць пакоі адпачынку, бібліятэка, інтэрнэт-клуб, працуюць кабінет СППС і медыцынскі кабінет, дзейнічаюць 2 музеі. Штогод — касметычны рамонт і штодзень — сумесная работа для падтрымання чысціні і парадку. Кожны паверх інтэрната мае сваё афармленне, прысвечанае пэўнай тэматыцы. Так, напрыклад, на трэцім паверсе размяшчаецца музей “Беларуская хатка” і ўвесь паверх быццам з’яўляецца працягам музейнай прасторы, мае нацыянальны каларыт. На сценах шостага паверха можна разглядаць палацы, замкі і помнікі, што знаходзяцца ў розных кутках нашай краіны, — уся прастора тут прысвечана славутасцям Беларусі.
Вучэбныя заняткі займаюць толькі частку дня навучэнцаў каледжа ці ліцэя. Не менш часу яны праводзяць у інтэрнаце. Таму навучэнцам ліцэя № 10 у інтэрнаце прапануюць заняткі аб’яднанняў па інтарэсах. Сярод іх, напрыклад, краязнаўчыя аб’яднанні “Нашчадкі” і “Спадчына”, гурткі “Хатні ачаг”, “Азбука здароўя”, “Свет інтэрнэту ў будаўніцтве”, спартыўныя заняткі. Шмат гадоў дзейнічае прэс-цэнтр — навучэнцы штомесяц выдаюць газету “Дойлід” . Кіраўнік юных журналістаў — Валянціна Аляксееўна Парамонава.
У інтэрнаце атрымалі прапіску два музеі — “Гісторыя ліцэя” і “Беларуская хатка”. Апошняму ўжо амаль 20 гадоў. Ён расказвае аб жыцці нашых продкаў. Тут можна ўбачыць прылады працы і побыту, якімі карысталіся нашы прадзеды, такія як жорны, збруя для каня, вілкі для гаршкоў, чапяла, памяло, качарга, маслабойка, дзяжа для закваскі хлеба, гаршкі, качалкі для прасавання, мялка для льну, часала, трапала, цэбры, дзежкі і многае іншае. У музеі навучэнцы ліцэя не проста назіральнікі. Яны яго ствараюць і развіваюць. На базе музея працуе аб’яднанне па інтарэсах “Спадчына”. Юнакі і дзяўчаты спрабуюць сябе ў ролі экскурсаводаў, распрацоўваюць квесты па музеі, ладзяць тэатралізаваныя народныя святы (Каляды, Масленіца, Вялікдзень), займаюцца даследаваннямі. А зараз яны працуюць над стварэннем дадатковай інтэрактыўнай прасторы з выкарыстаннем QR-кодаў. Кіраўнік аб’яднання — педагог дадатковай адукацыі Тамара Ягораўна Курусёнак.
Кожны навучальны год у інтэрнаце пачынаецца з “Посвещения в общежители”. Так называецца традыцыйная пазнавальна-забаўляльная праграма, якая адкрывае новы творчы сезон. Вопытныя жыхары інтэрната паўстаюць перад першакурснікамі ў вобразах багоў, якія абвяшчаюць з доляй гумару правілы ўнутранага распарадку ў інтэрнаце. Першакурснікі ў сваю чаргу, праходзяць выпрабаванні і клянуцца выконваць устаноўленыя правілы.
На гэтай пазітыўнай ноце даецца пачатак культурна-забаўляльнаму жыццю інтэрната. З гэтага моманту навучэнцы трапляюць у вір разнастайных мерапрыемстваў і падзей, якія не даюць засумаваць. Выхавальнікі інтэрната — людзі вопытныя і крэатыўныя. Яны не проста прапануюць мерапрыемствы, што дазваляюць цікава бавіць вольны час, але і непрыметна для падлеткаў вырашаюць розныя задачы. Напрыклад, у пачатку навучальнага года трэба пазнаёміць навучэнцаў з аб’яднаннямі па інтарэсах і зацікавіць імі. Зрабіць выбар дапамагае квест Ford Semashko street. Падчас квеста юнакі і дзяўчаты падарожнічаюць па станцыях, дзе выконваюць заданні, прапанаваныя педагогамі дадатковай адукацыі, і такім чынам знаёмяцца з усімі аб’яднаннямі, што прапануюцца ў ліцэі.
Навучэнцы не заўсёды валодаюць нават элементарнымі навыкамі гатавання ежы. Каб іх рацыён не складаўся толькі з чыпсаў і пельменяў, традыцыйна ў верасні адкрываецца “Кулінарная майстэрня”. Жыхары інтэрната і выхавальнікі разам гатуюць розныя стравы, а потым ладзяць вялікую сумесную вячэру. Такім чынам яны і гатаваць вучацца, і знаёмяцца адно з адным, і наладжваюць зносіны.
На працягу года іх чакае яшчэ мноства самых розных мерапрыемстваў — ад забаўляльных праграм да сур’ёзных тэматычных сустрэч з выбітнымі асобамі.
У інтэрнаце працуюць спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ліцэя. Яны, як і выхавальнікі, імкнуцца не падыходзіць да работы фармальна. Педагогі сацыяльныя аддаюць перавагу інтэрактыўным формам работы, праводзяць трэнінгі, дыспуты, ролевыя гульні.
Максімум увагі — кожнаму
Што самае галоўнае ў адаптацыі і сацыялізацыі дзяцей у інтэрнаце? Бясспрэчна, людзі, якія з імі працуюць. У інтэрнаце ліцэя працуюць цудоўныя выхавальнікі, якія з любоўю і цеплынёй ставяцца да сваіх падапечных. Па сутнасці, яны часова займаюць пазіцыю бацькоў.
— Калі навучэнец трапляе ў інтэрнат, асабліва калі гэта дзіця, якое скончыла 9 класаў, для яго гэта стрэсавая сітуацыя, — расказвае выхавальніца інтэрната Вольга Анатольеўна Конава. — Тое, хто і як яго сустрэне, вельмі важна. І асоба выхавальніка тут мае выключнае значэнне. Калі ў выхавальніку дзіця не ўбачыць чалавека, да якога можна звярнуцца па дапамогу, то атрымліваецца, што ў стрэсавай сітуацыі яно застаецца адно. Гэтага нельга дапускаць, таму з першага дня кожнаму трэба ўдзяліць максімум увагі, даць адчуць, што ты неабыякавы да яго, не пакінуць без увагі ніводнай просьбы, запыту, праблемы.
Выхавальнікі падтрымліваюць цесны кантакт з майстрамі вытворчага навучання і куратарамі груп, якія працуюць з жыхарамі інтэрната, іх бацькамі і роднымі. Яны клапоцяцца аб здароўі навучэнцаў, вучобе, правядзенні вольнага часу і арганізацыі побыту.
Падтрымлівае юнакоў і дзяўчат і педагог-псіхолаг Марына Міхайлаўна Касмачова. Яна выкарыстоўвае ў сваёй рабоце разнастайныя методыкі: арт-тэрапію (колератэрапію, гульнятэрапію, калажыраванне), дыхальныя тэхнікі, ролевыя псіхагімнастычныя і камунікатыўныя гульні, працуе з метафарычнымі асацыятыўнымі картамі. Усё гэта дапамагае дзецям адчуць сябе ў бяспецы, не хаваць праблемы і вучыцца іх вырашаць.
Клопат дарослых — часам нават нябачны дзецям — надае ім упэўненасць у сабе і смеласць ісці наперад, дае магчымасць адчуваць сябе шчаслівым жыхаром “Вясёлага Сямашка”.
Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.