Узорны “Вулей”

- 14:59Адукацыйныя праекты

Творчаму аб’яднанню па інтарэсах “Вулей” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна, дзе вось ужо пяць гадоў школьнікі Чэрвеньскага краю спасцігаюць сакрэты жывапісу, прысвоена ганаровае званне “Узорная студыя”. Заслужаную высокую ацэнку педагагічны калектыў атрымаў за значны ўклад у развіццё аматарскай мастацкай творчасці і папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый.

— Доўгія гады прыярытэтам работы нашай установы дадатковай адукацыі былі дэкаратыўна-прыкладны і мастацкі напрамкі. За гэты час у нас выбудавалася свая трохступеньчатая сістэма мастацкай адукацыі, — адзначае намеснік дырэктара Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна Святлана Якаўлеўна Хасяневіч. — Дзеці ад 6 да 9 гадоў акадэмічныя асновы мастацкай творчасці вывучаюць у студыі выяўленчага мастацтва на першай ступені адукацыі. На працягу першых трох гадоў работы з пластылінам, гуашшу, цестам у дзяцей фарміруюцца пачатковыя ўменні і навыкі. Потым, у 10—12 гадоў, нашы выхаванцы ўдасканальваюць свае навыкі ў аб’яднанні “Дэкаратыўны роспіс”: на працягу яшчэ трох гадоў юныя мастакі набыва­юць новыя веды, займаючыся дэкаратыўным рос­пісам, паглыблена вывучаючы асноўныя напрамкі выяўленчага мастацтва, асвойваючы асновы кампазіцыі, законы колеразнаўства, прыёмы пэндзлевага роспісу прадметаў побыту, тканіны. Трэцяя ступень — падрыхтоўка падлеткаў на працягу двух гадоў у арт-цэнтры “Вулей” па асобнай адукацыйнай праграме павышанага ўзроўню. Каб навучацца ў “Вулеі”, трэба паспяхова прайсці ўступныя выпрабаванні. Сёння ў арт-цэнтры вучацца 28 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Сістэма навучання ў арт-цэнтры будуецца не толькі з улікам выкладання базы — жывапісу, малюнка, дэкаратыўнага роспісу. Яна грунтуецца і на стратэгіях візуальнага мыслення: дзяцей ву­чаць бачыць мастацкі твор, ацэньваць яго, атрымліваць асалоду ад мастацтва ў разнастайных яго формах.

— Канцэпцыя была распрацавана спецыялістамі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, якія і сёння ажыццяўляюць метадычнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу, — раскрывае сакрэты методыкі навучання кіраўнік “Вулея” Надзея Віктараўна Жогаль. — У аснове канцэпцыі ляжыць непасрэднае азнаямленне вучняў з творамі мастац­тва, што магчыма пры наведванні му­зеяў, выстаў, прэзентацый. Пасля ві­зуальнага знаёмства з рознымі напрамкамі жывапісу важна навучыць дзіця асэнсоў­ваць убачанае, будаваць дыялог так, каб хлопчыкі і дзяўчынкі дзяліліся сваімі ўражаннямі, выказвалі меркаванні, якія могуць адрознівацца адно ад аднаго. Важна навучыць вылучаць характэрныя рысы творчасці таго ці іншага жывапісца.

Акрамя гэтага, выхаванцы “Вулея” наведваюць творчыя сустрэчы з мастакамі, майстар-класы, пленэры, перфомансы, знаёмяцца з мастацтвам графіці, каліграфіяй. Вучні бываюць у розных музеях. Сярод іх “Замкавы комплекс “Мір”, музей-запаведнік “Нясвіж”, “Дом Ваньковічаў”, Музей народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо, Нацыянальны мастацкі музей, Палац мастацтваў, Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах, музей “Лошыцкая сядзіба”. Падчас экскурсій у фармаце жывой гутаркі на тэму сучаснага, класічнага і традыцыйнага народнага мастацтва сінтэзуюцца вывучаемыя блокі: краязнаўства, сучаснае мастацтва, мастацкія стылі, аналіз мастацкіх работ, экскурсіі, пленэры. Разумо­выя вобразы, якія ўзнікаюць пры гэтым, — зыходны пункт для дзіцячай творчасці.

Сузіраючы прыгожае, вывучаючы асаблівасці розных напрамкаў сусветнай мастацкай культуры, атрымліваючы новыя ўражанні, дзеці асэнсоўваюць візуальную інфармацыю, а затым дэманструюць свае эмоцыі і пачуцці ў яркіх і маляўнічых вобразах на палатне, паперы, тканіне ці ў працэсе напісання эсэ, стварэння фатаграфіі, калажу, карціны на шкле, манатыпіі, выцінанкі, арнаменту ручніка. Такім чынам адукацыйны працэс ніколі не бывае сумным.

Важна адзначыць, што ў “Вулеі” працуюць яшчэ два педагогі-мастакі. Гэта Вадзім Ігаравіч Дурко і Вікторыя Ула­дзіміраўна Ярэміч, якія, з’яўляючыся прыхільнікамі розных напрамкаў мастац­тва, вучаць падлеткаў адмысловым тэхнікам і манеры выканання, у тым ліку адрозніваць, разумець, адчуваць розныя плыні сучаснага мастацтва.

Яшчэ адзін сакрэт поспеху дзейнасці арт-цэнтра — цеснае супрацоўніцтва з музеем “Прастора Хаіма Суціна”, які існуе ў цэнтры з 2008 года. Тут хлопцы і дзяўчаты знаёмяцца з жыццём і творчасцю мастакоў Парыжскай школы Хаіма Суціна, Шрагі Царфіна. Прыклад землякоў, якія дасягнулі сусветнай вядомасці, акрыляе і натхняе “вульеўцаў”.

Музей — своеасаблівы каардынацыйны цэнтр, дзе дзякуючы разнапланавай адукацыйнай рабоце дзеці праяўляюць сябе ў пошукавай, даследчай, турыстычнай і, вядома ж, мастацкай сферах. Займаючыся даследчай дзейнасцю, вывучаючы ўводзіны ў мастацтва, выхаванцы арт-цэнтра чытаюць артыкулы пра жыццё і творчасць мастакоў Парыжскай школы, чые карані ў Беларусі. Унікальны матэрыял пра Якава Балглея, Шрагу Царфіна, Хаіма Суціна, Восіпа Любіча і іншых мастакоў суправаджаецца спасылкамі на эксклюзіўныя дакументальныя фільмы рэжысёра Алега Лукашэвіча.

Даследуючы жыццё і творчасць Хаіма Суціна і Шрагі Царфіна, юныя мастакі знаёмяцца з цікавымі фактамі з жыцця выдатных майстроў жывапісу. Падчас прагулкі па трох залах музея яны ма­юць магчымасць пранікнуцца атмасферай таго часу, калі тварылі мастакі. Дзеці могуць падзяліцца ўражаннямі ад убачанага і крыху адпачыць пад гукі французскіх мелодый, атрымліваючы асалоду ад кубачка духмянай гарбаты ці кавы ў другой зале музея, стылізаванай пад парыжскае кафэ “Ратонда” (месца сустрэчы творчай эліты Парыжа 100 гадоў назад. — Заўвага аўт.). У той жа зале-кафэ ў атмасферы творчасці сярод рэпрадукцый палотнаў Суціна і яго сучаснікаў час ад часу праходзяць і заняткі па жывапісе.

Ня дзіўна, што падчас такога насычанага адукацыйнага працэсу ў выхаванцаў “Вулея” вельмі хутка выпрацоўваецца свой непаўторны мастацкі стыль. Таму дзіцячая творчасць адзначаецца ўзнагародамі на шматлікіх конкурсах, у тым ліку і на міжнародных. Штогод геаграфія выстаў юных мастакоў “Вулея” пашыраецца: Беларусь, Латвія, Эстонія, Францыя. Павышаецца ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі дзяцей, таму многія, пакідаючы “Вулей”, звязваюць сваё жыццё з творчасцю і мастацтвам, працягва­юц­ь навучанне ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.

Невыпадкова і тое, што гэты інавацыйны вопыт эстэтычнага выхавання дзяцей сёння цікавы калегам-педагогам не толькі Мінскай вобласці, але і ўсёй краіны.

Толькі па выніках мінулага навучальнага года ў творчай скарбонцы “Вулея” 14 дыпломаў рознай ступені на абласных і рэспубліканскіх конкурсах, больш за 60 — на міжнародных. Самыя значныя ўзнагароды атрыманы на VI Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, VII Міжнародным конкурсе дзіцячай творчасці “Сябруюць дзеці на планеце”, VII Міжнародным конкурсе мастацкіх паштовак “Поры года”, Міжнародным конкурсе дзіцячага малюнка “Вершы Пятра Глебкі ў малюнках”, IX Міжнародным конкурсе мастацкай творчасці “Птушкі паднябесся — 2021”, VII Міжнародным конкурсе “Хваля на хвалі”, міжнародных бліц-турнірах Арт-галерэі 7Д, міжнародным творчым конкурсе дзіцячага малюнка “Васілёк — кветка надзеі і мары”.

Назва “Вулей” была выбрана невыпадкова — так называўся інтэрнат для маладых мастакоў у Парыжы, дзе жылі і тварылі Мадыльяні, Суцін, Царфін, Цадкін і іншыя мастакі Парыжскай школы. Ёсць у Смілавічах, перад уваходам у Цэнтр творчасці, і свой рукатворны вулей, на якім сядзіць вялікая пчала з металу, — арт-аб’ект, падораны скульптарам Паўлам Вайніцкім. Пчала — сімвал вялікай працы, якая хаваецца за знешняй лёгкасцю і прыгажосцю любога тварэння.

Марына КУНЯЎСКАЯ.