Кіраўніцтва Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” абмеркавала шляхі далейшага развіцця інфармацыйнага супрацоўніцтва ў Магілёве.
У ходзе рабочай паездкі дырэктар выдавецкага дома К.Э.Дубінская з намеснікам па развіцці Л.П.Пастарнакевіч сустрэліся з першым намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама І.Г.Лашкевічам.
— “Настаўніцкая газета” сёння па праве з’яўляецца адным з аўтарытэтных выданняў у краіне. Таму і праект па інфармацыйным узаемадзеянні з рэгіёнамі мы адразу падтрымалі. Гэты крок прынёс чаканы вынік. Былі адкрыты новыя перспектывы супрацоўніцтва. Спадзяюся, што ў падобным ключы наша сумесная работа будзе будавацца і далей, — адзначыў падчас гаворкі Ігар Генадзьевіч.
У сваю чаргу К.Э.Дубінская падкрэсліла, што выдавецкі дом заўсёды адкрыты для прапаноў па ўдасканаленні супрацоўніцтва і гатовы падтрымаць дзейсныя ініцыятывы ўпраўлення па адукацыі, якія дапамогуць пашырэнню прафесійнай тэматыкі, жанравай разнастайнасці і змястоўнасці публікацый.
— Зараз адбываецца своеасаблівы рэбрэндынг нашых друкаваных выданняў, пераглядаецца фармат работы сеткавага рэсурсу. Хацелася б пачуць прапановы ў гэтым напрамку ад нашых інфармацыйных партнёраў і чытачоў. Магчыма, будзе арганізаваны праект “Настаўніцкая газета — 2022”. Кожны будзе мець магчымасць выказацца і агучыць свае пажаданні наконт будучыні прафесійных выданняў. Аўтараў самых цікавых ідэй на калядныя святы мы запросім у Мінск разам з кіраўніцтвам абласных упраўленняў па адукацыі. Плануем правесці гэтую сустрэчу ў фармаце чаявання. Гэта дапаможа нам пачуць усіх зацікаўленых, каб у выніку рабіць для чытачоў якасны і карысны прадукт, — падкрэсліла Кацярына Эдуардаўна.
У ходзе зацікаўленага дыялогу былі падрабязна абмеркаваны ўсе надзённыя пытанні інфармацыйнага ўзаемадзеяння, канкрэтызаваны асноўныя кірункі дзейнасці карэспандэнцкага пункта па Магілёўскай вобласці. Галоўная выснова была агульнай — плённае двухбаковае супрацоўніцтва будзе працягвацца.
Дарэчы, карэспандэнцкі пункт Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” па Магілёўскай вобласці функцыянуе на працягу амаль 9 гадоў. Яго адкрыццё стала значнай падзеяй для рэгіянальнай сістэмы адукацыі. За час існавання карпункта напісаны сотні артыкулаў і карэспандэнцый аб дасягненнях і праблемах адукацыйнай галіны рэгіёна, дзясяткі замалёвак і нарысаў пра неверагодна творчых, адданных сваёй справе педагогаў. Сваім вопытам і метадычнымі напрацоўкамі на старонках прафесійных выданняў і на сеткавым рэсурсе ng-press.by рэгулярна дзеляцца настаўнікі з усіх куткоў Прыдняпроўскага краю.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.