Вікторыя Зіноўеўна Драбышэўская не з тых педагогаў, хто прыйшоў у прафесію свядома і марыў пра яе з дзяцінства. Больш за тое, яе смак яна адчула толькі з вопытам. Тым не менш гэта не перашкодзіла ёй стаць прафесіяналам і нават прыкладам для калег.
Будучы педагог заўсёды ўмела знаходзіць агульную мову з дзецьмі. У школьныя гады Вікторыя Зіноўеўна часта хадзіла на работу да маці, якая працавала памочніцай выхавальніка ў дашкольнай установе, і там з вялікім задавальненнем гуляла з малышамі.
Пасля заканчэння тагачаснага Пінскага педагагічнага вучылішча В.З.Драбышэўская шчыравала ў розных дзіцячых садах роднага горада, але максімальна раскрыла свой патэнцыял толькі ў яслях-садзе № 10. Яго загадчыца Марыя Сямёнаўна Чушава адыграла важную ролю ў прафесійным станаўленні выхавальніцы, за што яна вельмі ўдзячна ёй.
Вікторыя Зіноўеўна — няўрымслівая натура, якая ніколі не спыняецца на дасягнутым. Яе хобі — вучоба. Педагог адчувае ўнутраную патрэбу ў пастаянным самаразвіцці. Ёй нецікава стаяць на месцы. Яна з радасцю выкарыстоўвае любыя магчымасці для самарэалізацыі, новых знаёмстваў, цікавых зносін. Гэта прывяло педагога спачатку ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, а затым у магістратуру Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна і аспірантуру Акадэміі паслядомнай адукацыі.
Нядаўна Вікторыя Зіноўеўна паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную фарміраванню культуры гуманістычных узаемаадносін бацькоў і дзяцей ва ўмовах дашкольнай установы. Ад затрачаных намаганняў педагог атрымала вялікае задавальненне, бо навуковая дзейнасць паказала, што меж для самаўдасканалення няма.
Дысертацыя В.З.Драбышэўскай каштоўная найперш практычным складнікам. Так, канспекты выхаваўчых мерапрыемстваў і розныя дыдактычныя матэрыялы можна выкарыстоўваць для павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу са старшымі дашкольнікамі, наладжвання ўзаемаадносін з іх бацькамі.
Больш за ўсё ў рабоце і жыцці педагогу падабаюцца зносіны: з дзецьмі, іх бацькамі, калегамі. Без цяжкасцей не абыходзіцца, але яна заўсёды знаходзіць аптымальныя шляхі па іх вырашэнні.
У педагагічнай дзейнасці Вікторыя Зіноўеўна строга прытрымліваецца галоўнага правіла: быць для дзяцей не сябрам, а найперш аўтарытэтным дарослым. Стаць ім надзвычай цяжка. Гэта вялікая работа над сабой і самадысцыпліна.
— Ніколі нічога не раблю за дзяцей, — гаворыць В.З.Драбышэўская. — Заўсёды прадастаўляю ім магчымасць быць самастойнымі, што выхоўвае адказнасць. Звяртаюся да народнай педагогікі, адно з патрабаванняў якой — ва ўсім паказваць асабісты прыклад. Бясконцыя маральныя павучанні бессэнсоўныя. Выхаванне — гэта штохвілінная праца, якая ў рэшце рэшт прыносіць доўгачаканы эфект.
Вікторыя Зіноўеўна актыўна дзеліцца назапашаным за 27 гадоў вопытам з калегамі на семінарах, майстар-класах, пасяджэннях метадычных аб’яднанняў. Напрацоўкі педагога асабліва карысныя тым, чыя дзейнасць звязана з інтэграваным навучаннем і выхаваннем дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.
Больш за 10 гадоў В.З.Драбышэўская з’яўляецца кіраўніком гарадскога вучэбна-метадычнага аб’яднання выхавальнікаў дашкольных устаноў. Выкладае ў Пінскім каледжы БрДУ імя А.С.Пушкіна курс па асновах інтэграванага навучання і выхавання. Работа са студэнцкай моладдзю падабаецца педагогу не менш, чым з малышамі, бо ў яе аснове — любімыя зносіны.
Вікторыя Зіноўеўна — пераможца абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2014”, дэлегат V і VI з’ездаў педагогаў краін — удзельніц СНД. На апошнім з іх, што прайшоў зусім нядаўна ў Душанбэ, яна прэзентавала свой вопыт.
Заслугі В.З.Драбышэўскай адзначаны граматай Міністэрства адукацыі Беларусі і падзякай прэм’ер-міністра.
Наконт далейшых планаў педагог пакуль не загадвае. Але цяжка паверыць, што яна спыніцца на дасягнутым, улічваючы яе неспатольную прагу да ведаў і самаразвіцця.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.