Вайна і свет Міхаіла Савіцкага

- 14:38Культура

Яго называлі адным з яркіх прадстаўнікоў суровага стылю, ён быў пры жыцці прызнаным класікам і першым сярод дзеячаў нацыянальнай культуры ўдастоены медаля Францыска Скарыны і звання Героя Беларусі. Знакамітаму жывапісцу і грамадскаму дзеячу народнаму мастаку СССР Міхаілу Савіцкаму 18 лютага споўнілася б 100 гадоў.

Партызаны і Мадонны

Кожны, каму давялося ўбачыць на свае вочы праўдзівыя работы майстра з хрэстаматыйнай лагернай серыі “Лічбы на сэрцы”, не забудзе іх ніколі — такое ашаламляльнае ўражанне яны пакідаюць, нават спачатку шакіруюць. Між тым прызнанне і папулярнасць прыйшлі да Міхаіла Андрэевіча яшчэ да іх стварэння, і адной з найважнейшых стала для мастака ваенная тэма.

Так, у 1963 годзе ён напісаў карціну “Партызаны”, якая ўвайшла ў эпічны цыкл твораў аб барацьбе беларускага народа супраць фашысцкай нечысці. З гэтай работы, як лічаць мастацтвазнаўцы, пачаўся той Савіцкі, якога сёння ведае ўвесь культурны свет. Шырокі рэзананс выклікала палатно “Партызанская мадонна”, якое было створана ў 1967 годзе і стала візітнай карткай мэтра, а потым папоўніла калекцыю Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі.

Такой трактоўкі жаночага вобраза ваенных гадоў да Савіцкага, на думку мастацтвазнаўцаў, не было ні ў кога. Сакральны хрысціянскі вобраз Богамаці мастак смела пераасэнсаваў, абапіраючыся на традыцыі вялікіх папярэднікаў. На першым плане — маладая жанчына, якая корміць немаўля, ля яе ног старэнькая маці, якая жаласліва падпірае рукой твар, а за спінай — мужчына, які ад’язджае на кані і спяшаецца дагнаць сваіх баявых таварышаў…

Значна пазней, праз адзінаццаць гадоў, свая “Мадонна” з’явілася і ў Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, дырэктар якога, Алена Аладава, папрасіла Савіцкага зрабіць копію карціны. Але мастак напісаў зусім новую версію. “Партызанская мадонна (Мінская)”, як яна была названа, па стылістыцы блізкая да знакамітай “Сіксцінскай мадонны” Рафаэля.

І гэта наўрад ці супадзенне. Шэдэўр вялікага італьянца ў час вайны разам з іншымі творамі схавалі ў закінутай каменяломні пад Дрэздэнам. У маі 1945 года палатно знайшлі савецкія войскі, потым яно, у ліку дрэздэнскіх скарбаў, было вернута ўладам ГДР і сёння з’яўляецца гордасцю Дрэздэнскай галерэі. Але перад гэтым паказалі ў Маскве, і Савіцкі, які вучыўся там, напэўна, мог яго бачыць. Пры гэтым кранальная работа беларускага класіка абсалютна арыгінальная. Дарэчы, да вобраза Мадонны ён звяртаўся яшчэ не раз.

Усім смярцям насуперак

Міхаіл Андрэевіч Савіцкі нарадзіўся ў вёсцы Звянячы Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. Бацька служыў на чыгунцы, маці працавала пчаляром у калгасе. Пасля заканчэння школы васямнаццацігадовы юнак быў прызваны ў Чырвоную Армію. Вайна застала яго ў Махачкале, дзе фарміравалася 345-я стралковая дывізія для дэсанціравання ў Севастопаль. Там, у Крыме, ён прыняў свой першы бой.

На працягу каля 250 дзён чырвонаармеец Савіцкі разам з баявымі таварышамі прымаў удзел у гераічнай абароне чарнаморскага порта, які гітлераўцы блакіравалі з сушы і мора. А на пятыя суткі пасля здачы горада, ля Херсанескага маяка, цяжка паранены беларус трапіў у палон. Пасля доўгіх пакут яго этапіравалі ў Германію і змясцілі ў рабочы лагер для ваеннапалонных у Дзюсельдорфе.

Потым былі канцлагеры — Бухенвальд, Мітэльбау-Дора, Дахау пад Мюнхенам… Выратаванне прыйшло ў красавіку 1945 года, калі войскі саюзнікаў вызвалілі знясіленага вязня № 32815, якога знайшлі без прытомнасці ў тыфозным бараку.

Пасля лячэння і адпаведных праверак у спецыяльным фільтрацыйным лагеры Савіцкі даслужваў у 6-й гвардзейскай зенітна-артылерыйскай дывізіі Савецкай Арміі. Вярнуўся на радзіму пасля дэмабілізацыі ў канцы 1946 года.

— Наша маці выкладала ў Мінску ў мастацкім вучылішчы, — расказваў мне вядомы беларускі кінааператар і рэжысёр Яўген Зайцаў. — і Міхась Савіцкі, які толькі прыехаў у Мінск, паступіў туды і вучыўся ў яе. Ён быў худым, хадзіў у абмотках, кірзавых ботах, наймаў кут у нашым доме на Лагойскім тракце ў мастачкі Соф’і Лі і паказваў нам, юнакам, канцлагерны нумар на руцэ…

Яшчэ на апошнім курсе вучылішча Міхаіл ажаніўся з аднакласніцай Маргарытай Дзянісавай, пазней прадоўжыў адукацыю ў Маскоўскім мастацкім інстытуце імя Сурыкава. Атрымаўшы чырвоны дыплом і кваліфікацыю “мастак-жывапісец”, у канцы снежня 1957 года вярнуўся ў Мінск.

На плошчы Свабоды

Без малога дзесяць гадоў назад, у верасні 2012 года, у Верхнім горадзе сталіцы адкрылі мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага. Плошча Свабоды, 15 — яшчэ пры жыцці Міхаіл Андрэевіч асабіста выбраў гэтае гістарычнае месца, хаця, на вялікі жаль, да адкрыцця не дажыў. У прасторных залах адрэстаўраванага старадаўняга будынка XVIII стагоддзя прадстаўлена звыш тысячы экспанатаў: асабістыя рэчы майстра, узнагароды, дакументы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі і адноўлены інтэр’ер рабочага кабінета.

Але асноўнае ў экспазіцыі — шматлікія маляўнічыя палотны. Работы мастака выстаўлены па залах у храналагічным парадку, ад сацрэалізму да “суровага стылю”.

Тут прадстаўлены вядомыя цыклы “Чорная быль”, “Запаведзі асалоды”, у біблейскіх сюжэтах арганічна выглядаюць вобразы жанчын, па-майстэрску напісаныя партрэты пісьменнікаў і мысліцеляў, жанравыя сцэны. Што тычыцца серыі “Лічбы на сэрцы”, то яна знаходзіцца ў калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Савіцкі ўзяўся за яе ў 1974 годзе і закончыў у 1987-м. “Калі я спытаў, чаму Міхаіл Андрэевіч так позна пачаў распрацоўваць гэтую важную для яго тэму, ён расказаў мне пра свайго сябра з канцлагера Дзюсельдорфа, — успамінаў Барыс Крапак. — У час вайны іх дарогі разышліся, але праз нейкі час яго таварыш убачыў паштоўку з рэпрадукцыяй Савіцкага, адшукаў і запрасіў да сябе.

І першае пытанне, якое ён яму задаў: а што ты напісаў пра гэта? І мастаку тады не было чаго адказаць. Потым ён вярнуўся дамоў і пачаў пісаць…”

Ваенная і лагерная тэмы — асноўныя, але не адзіныя ў творчасці Савіцкага. Ён па-мастацку пераасэнсаваў трагедыю на ЧАЭС, пісаў шматлікія жанравыя карціны, партрэты філосафаў, вучоных, акцёраў, мастакоў, мысліцеляў, пісьменнікаў, шэраг работ прысвяціў гісторыі станаўлення беларускай нацыянальнай культуры.

— У сваёй творчасці Савіцкі распрацаваў новую канцэпцыю гуманізму чалавека, які перажыў вайну, які добра разумее цану чалавечага жыцця і ўсведамляе, якая тонкая мяжа разбурэння свету, — адзначала мастацтвазнаўца Вольга Архіпава. — Гэта становіцца асноўным маніфестам: ніколі нельга забываць пра самую страшную катастрофу чалавецтва — вайну, якой заўсёды супрацьпастаўляецца жыццё…

Уладзімір ПІСАРАЎ.