Яго называюць “апошняй ахвярай вайны”, “беларускім Нікам Вуйчычам”. Сам жа пра сябе ён гаворыць: “Я не такі, як усе, але гэта мая перавага”. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны Аляксей Талай расказаў пра тое, якім павінен быць сапраўдны мужчына, чаму неабходна беражліва ставіцца да гераічнага мінулага нашай краіны і што асабіста ён робіць, каб выхаваць патрыятызм у падрастаючага пакалення.
Новы час — новыя задачы
— Аляксей, каб пералічыць вашы дасягенні і рэгаліі, двума словамі не абыдзешся. Вы матывацыйны спікер, прадпрымальнік, удзельнік параалімпійскай зборнай краіны па плаванні, шматразовы рэкардсмен Еўропы і свету, заснавальнік дабрачыннага фонду, бацька чатырох дзяцей. А з нядаўняга часу яшчэ і палітычны дзеяч, член Канстытуцыйнай камісіі, якой было даручана распрацаваць прапановы па змяненні Канстытуцыі Беларусі. Чаму вырашылі ўзяцца за такую адказную справу?
— Само жыццё ўключыла мяне ў палітычныя ўнутрыдзяржаўныя працэсы. Як грамадскі дзеяч і матывацыйны спікер я з усіх куткоў нашай краіны атрымліваў просьбы, у тым ліку ад ідэалагічных падраздзяленняў, прыехаць і пагутарыць з людзьмі, з моладдзю. Растлумачыць ім і пра знешні свет, і пра тое, што адбываецца ў нас, асабліва тым, хто вырашыў пакінуць краіну, данесці да іх, што нідзе мёдам не намазана і ўсюды трэба будзе працаваць.
— Якія прапанаваныя змяненні і дапаўненні ў Асноўны закон краіны вы асабліва б адзначылі?
— Працуючы ў камісіі, я ўлічваў прапановы людзей, якія чуў з залы падчас выступленняў, шмат хто дасылаў лісты ў наш фонд. Я абапіраўся і на свой вопыт, сваё бачанне. Канечне, падтрымліваў прапановы, якія датычацца людзей з абмежаванымі магчымасцямі, сам уносіў прапановы па Вялікай Айчыннай вайне, па абароне гістарычнай праўды. Лічу важным, што сёння на самым высокім, канстытуцыйным, узроўні мы будзем абараняць Перамогу, якую такой высокай цаной заваявалі нашы дзяды і прадзеды. Асобным пунктам у Канстытуцыі вызначана, што Рэспубліка Беларусь мае ўласную дзяржаўную ідэалагію. Гэта прывілея па-сапраўднаму суверэнных краін, прымета таго, што мы сталае грамадства, разумеем, хто мы ёсць, і ведаем, што для нас каштоўна, прыярытэтна і сакральна. Не магу не адзначыць тое, што мы ўзмацніліся па лініі дзяржаўнай бяспекі: чалавек з двайным грамадзянствам не зможа абірацца на самую высокую дзяржаўную пасаду. Мы не маглі рызыкаваць і надалі канстытуцыйны статус Усебеларускаму народнаму сходу і надзялілі его вялікімі паўнамоцтвамі. Гэты орган народаўладдзя і ёсць тая сістэма стрымлівання і процівагі, здольная ў будучыні кантраляваць дзеянні Прэзідэнта і нівеліраваць пагрозу, калі нешта пойдзе не так.
— Можаце сказаць, што адчуваеце сябе ў палітыцы як рыба ў вадзе?
—Я ў палітыцы зусім юнак, але ўжо і не малёк. (Смяецца.) Я быў далёкі ад усяго гэтага, але ўвесь час назіраў за лідарамі, краінамі, аналізаваў, хто нашы сябры, хто спрабуе нас задушыць, выкарыстаць у сваіх інтарэсах. Усе гэтыя гады жыцця ў новым целе, калі назад вярнуцца ўжо немагчыма, неабходна было вучыцца жыць тут і зараз. Давялося многае пераадолець, вельмі шмат цярпець. І пры гэтым стратэгічна мысліць.
Вучыцца, вучыцца…
— Мабыць, таму вырашылі атрымаць вышэйшую адукацыю, калі вам ужо было 32 гады? Што падштурхнула на такі крок? На той момант вы ўжо былі вядомым амаль ва ўсім свеце, наладзілі бізнес, сыны падрасталі.
—Трагедыя, якая здарылася са мной 8 мая 1999 года, калі я падарваўся на міне, не дазволіла скончыць тэхнікум чыгуначнага транспарту. Не хапіла літаральна пары месяцаў. Я так і не атрымаў дыплом машыніста, мае мары і амбіцыі абарваліся разам з выбухам. А мой цягнік на нявызначаны час страціў колы і стаў у тупіку. Перыядычна на сустрэчах у мяне пыталіся пра адукацыю, я шчыра адказваў, што за плячыма толькі 9 класаў. Але мне было не вельмі прыемна гэта ўсведамляць. Я ўспамінаў, як мой дзядуля чакаў, што пасля тэхнікума пайду далей вучыцца, буду працаваць на чыгунцы, як родны дзядзька. Да таго ж дзеці сталі часта паўтараць: “Навошта мне гэтая фізіка, матэматыка, хіба яны мне спатрэбяцца ў жыцці?”. Стаў думаць, як іх пераканаць у адваротным, і вырашыў, што лепш за ўсё зрабіць гэта сваім прыкладам. Вышэйшая адукацыя падніме мой аўтарытэт у вачах дзяцей і тых людзей, якія прыходзяць да мяне са слязамі і душэўнымі траўмамі. Гэта будзе істотным плюсам, доказам таго, што ўсё магчыма, калі нават такі “падранак” паступіў ва УВА.
Мае дзеці — сыны Марк, Уладзіслаў, Яраслаў і дачка Даша — для мяне самая важная матывацыя ў жыцці. Імкнуся ўразіць іх сваім прыкладам. Пры гэтым прыемна ўсведамляць, што я сам, мая гісторыя дапамагаюць абудзіць матывацыю ў тых, хто сустрэўся з цяжкасцямі, упаў духам і страціў радасць жыцця. Пачуўшы мой аповед, яны бачаць, што немагчымае — магчыма.
— З якімі складанасцямі сустрэліся на шляху да вышэйшай адукацыі?
—Перш за ўсё неабходна было даздаць запазычанасці, каб атрымаць атэстат. Кінуў усе справы, экстэрнам здаваў у Оршы экзамены. Не абышлося без казусу. Прыехаў здаваць англійскую мову, а мне кажуць, што сёння прымаюць нямецкую. Я не разгубіўся, кажу: давайце здам нямецкую. Бачылі б вы здзіўленыя вочы настаўнікаў. (Усміхаецца.) А я ж калі быў на рэабілітацыі ў Германіі, дзе мне рабілі пратэзы, узяўся самастойна вучыць мову. Сядзеў за падручнікамі, перасільваючы боль, каб дапамагчы маёй матулі перакладаць тое, што гавораць урачы. Яна жыла надзеяй, што пратэзы дапамогуць мне. На жаль, так не адбылося. Скарыстацца імі не атрымалася. І я вучыўся хадзіць на сваіх маленькіх ножках. Аднак валоданне мовай аказалася не лішнім. Здаў на васьмёрку. А калі прыехаў падаваць дакументы на гістарычны факультэт БДУ, вельмі хваляваўся, нават было жаданне збегчы. Экзамены здаваў індывідуальна перад камісіяй і, дзякуй богу, справіўся.
— Не было думак скарыстацца сваім фізічным становішчам?
—Ніколі не дазваляў сабе такога. І ў гэтым залог майго поспеху. Калі б гэтым карыстаўся, адчуваў бы жаль да самога сябе. А гэта вельмi страшна.
Выснова высноў
— Ваша сям’я для вас — галоўная каштоўнасць. Я нават не магу ўявіць сабе, што перажыла ваша маці, калі вы доўгі час былі на валасок ад смерці.
— Мама — арліца! Яна так трымала ўдар! Добра памятаю, як яна прыходзіла да мяне, гладзіла па галаве і гаварыла: “Лёша, хлопчык мой, усё будзе добра!”. Перада мной была тая, мая ранейшая мама, прыгожая, вочы нафарбаваны, і такая ўпэўненая. І я думаў: відаць, не ўсё так дрэнна, раз мама мая не ўпадае ў паніку, трымаецца. Потым яна расказвала, што выходзіла ад мяне, прыязджала дадому і выла, як ваўчыца, а потым сілы аднекуль прыходзілі, і зноў ішла ў бальніцу. Я паміраў, у мяне пачалася газавая гангрэна. Ёй гаварылі: “Рыхтуйцеся, няма шансаў”, а яна адказвала: “Усё будзе добра!”. І яе пасыл, яе думкі матэрыялізаваліся. Нейкім цудам знайшліся кантакты Мікалая Аляксеевіча Абрамава, хірурга Мінскага ваеннага шпіталя. Ён прыехаў у Оршу, да паміраючага хлопчыка, і на свой страх і рызыку забраў да сябе. І выратаваў! Прычым у многім дзякуючы нашым хлопцам-інтэрнацыяналістам, афганцам, якія ваявалі з тэрарызмам і вярталіся з той вайны без рук і без ног. Атрымліваецца, вось якой цаной я зараз жыву! І гэтую сувязь я разумею і цаню. Калі ўжо вярнуўся ў Оршу, якіх толькі чутак ні хадзіла пра нашу сям’ю: што бацька спіўся, мама ад маіх крыкаў і болю з глузду з’ехала, а малодшага брата аддалі ў інтэрнат. А мы ў сям’і стаялі адзін за аднаго, разумеючы, што нікому нельга даваць слабіну. Упэўнены, дзякуючы гэтаму я жыву. Дзякуючы таму, што мяне любілі і прымалі такім, якім я стаў.
— На ваш погляд, якімі якасцямі павінен валодаць мужчына?
— Перш за ўсё, гэта ўменне браць на сябе адказнасць за сваю сям’ю. Быць моцным, мужным, але і добрым, далікатным, любячым. Быць тытанавым стрыжнем для сваіх блізкіх і разумець, што ты — іх апора і надзея. Святы абавязак мужчыны — жыць годна, разумеючы, што твая роля — прымножыць здабытак сям’і, прадоўжыць свой род, бо на табе не павінна ўсё скончыцца. Трэба глядзець у будучыню, дзе весела бегаюць па траве босымі ножкамі твае ўнукі. А зараз — жыць!
Ніхто не забыты…
—2022 год аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Калі была б магчымасць перанесціся ў іншы час, каб стаць відавочцам ці ўдзельнікам якіх-небудзь падзей, куды б накіраваліся?
— Я хацеў бы пабываць у 60—70-х гадах, у Савецкім Саюзе. Гэта такі цікавы час, калі людзі будавалі новую дзяржаву, былі напоўнены патрыятызмам, энтузіязмам і матывацыяй. Хацелася б адчуць гэта на сабе. І яшчэ хацеў бы апынуцца на франтах Вялікай Айчыннай вайны, каб дапамагчы нашым салдатам, унесці свой уклад у вялікую Перамогу.
Аляксей Талай — уладальнік 4 рэкордаў свету і пяці — Еўропы, мае чорны пояс па таэквандо. З’яўляецца сімвалам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры як прыклад таго, наколькі бязмежныя чалавечыя магчымасці, нават калі іх жорстка абмяжоўвае сам лёс.
— Ці ёсць асобы ў гісторыі, якія з’яўляюцца прыкладам для вас?
— Не магу кагосьці вылучыць, каб нікога не пакрыўдзіць. Для мяне героі — гэта салдаты Чырвонай Арміі, якія сваім целам закрывалі дзоты, ішлі на таран, пад танкі, стаялі на смерць дзеля таго, каб іх таварышы прайшлі далей, занялі стратэгічную вышыню. Героі — гэта і тыя, хто дайшоў да Берліна, хто удзельнічаў у партызанскай вайне. Сярод іх шмат жанчын, маладых дзяўчат. У рамках Года гістарычнай памяці мы перадалі ў дар Музею Вялікай Айчыннай вайны два бюсты — Васіля Маргелава, Героя Савецкага Саюза, і Зінаіды Партновай, якая, будучы 17-гадовай дзяўчынкай, была жорстка закатавана фашыстамі. Яны змагаліся за Радзіму і разумелі: ніхто, акрамя нас.
— Што для вас значыць патрыятызм? Як яго выхаваць?
— Патрыятызм — гэта любоў да Айчыны, да блізкага чалавека, неад’емная частка душы і духоўнасці. Ён перадаецца з малаком маці, прапісваецца на ўзроўні ДНК. Гэта падмурак, на якім стаіць дзяржаўнасць і народ. Наш патрыятызм утварыўся цаной вялікіх чалавечых страт, пакут, слёз маці, гібелі дзяцей ад рук розных інтэрвентаў, не толькі фашысцкіх. Трэба сказаць, што патрыятызм у крыві нашых педагогаў. У гэтых людзей асаблівая душа і асаблівая місія — працаваць з маладымі душамі, укладваць у іх самае важнае. Цяпер з гэтай талерантнасцю, спробамі капіраваць Захад мы перасталі “трымаць у абцугах” дзяцей. А як іх выхоўваць? Усе ведаюць свае правы, але забываюць пра абавязкі. Зараз робіцца ўдар па светлым вобразе беларускай сям’і. Нам трэба вяртацца, дарагія мае, да ранейшага вопыту нашай адукацыйнай сістэмы, пакуль мы не пачалі актыўна пераймаць заходні. Яшчэ Кэнэдзі казаў: “Савецкі Саюз выйграў у нас касмічную гонку яшчэ за школьнай партай”. Можа, варта вяртацца да савецкай сістэмы? Не ўсё ў нас так дрэнна і не ўсё трэба браць з Захаду.
— Ваш фонд актыўна супрацоўнічае з Міністэрствам адукацыі, сумесна ажыццяўляеце агульнанацыянальныя праекты. Ужо ёсць вынікі?
—У нас наладжаны добрыя, сяброўскія адносіны. Мы плённа працавалі над праектам “Дзеці Беларусі ветэранам і будучым пакаленням”. Школьнікі з усіх куткоў Беларусі прынялі ў ім удзел: яны размаўлялі са сваімі бацькамі, дзядулямі і бабулямі, спазнавалі гісторыю сваёй сям’і, лёсы тых, хто прымаў удзел у Вялікай Айчыннай вайне. Мы атрымалі тысячы эсэ. Правялі велізарную работу, і ў выніку ў мінулым годзе на аснове дзіцячых сачыненняў было выдадзена 45 тамоў. Такім чынам мы стварылі тыя самыя нітачкі, якія звязваюць пакаленні, і цяпер нашы дзеці ведаюць, памятаюць і шануюць праўду аб той вайне.
Марына ЖДАНАВА.