Юлія Малаткова: “Кітайская мова — справа на ўсё жыццё. З ёй не засумуеш”

- 9:30Адукацыйныя магчымасці

Нядаўна ў БДУ ўбачыў свет вучэбна-метадычны дапаможнік “Навучанне кітайскаму іерагліфічнаму пісьму”. Яго аўтарам выступіла дацэнт Рэспубліканскага інстытута мовазнаўства імя Канфуцыя БДУ Юлія Малаткова.

Пры падрыхтоўцы кнігі аўтар абапіралася на ўласны вопыт выкладання курса “Асновы іерогліфікі” на філалагічным факультэце ўніверсітэта. Юлія Віктараўна распрацавала эфектыўную методыку навучання, якая грунтуецца на агульных падобных прыметах іерогліфаў, што могуць супадаць па напісанні, гука-літарным стандарце і значэнні. У дапаможніку яна раскрыла лінгвістычныя асаблівасці знакавай сістэмы, а таксама псіхалагічныя заканамернасці яе засваення.

У інтэрв’ю “Настаўніцкай газеце” Юлія МАЛАТКОВА расказала пра складанасці і радасці вывучэння кітайскай мовы, пра тое, як яна перавыхоўвае чалавека і чаму беларусам вымаўленне даецца значна лягчэй, чым рускім.


— Юлія Віктараўна, методыка — гэта ўвогуле складаная рэч, якая па­трабуе значнага практычнага вопыту, а тут — методыка навучання кітайскаму іерагліфічнаму пісьму. Раскажыце, як доўга вы працавалі над кнігай.

— Навучанне кітайскаму іерагліфічнаму пісьму — тэма майго дысертацыйнага даследавання, над якім я мэтанакіравана працавала 7 гадоў. А ўвогуле работу ў гэтым напрамку я пачала значна раней.

Трэба сказаць, што кітайская мова прыцягнула мяне менавіта іерогліфамі, каліграфічным пісьмом. У 2001 годзе на філалагічным факультэце БДУ адбыўся першы набор на спецыяльнасць “Кітайская філалогія”, і я апынулася ў ліку першапраходцаў. Тады гэта быў эксперымент для ўсіх: і для студэнтаў, і для выкладчыкаў — бо ніхто насам­рэч не ведаў, як нас вучыць. Прафесар Дзян Цюнь, які тады працаваў на філалагічным факультэце БДУ і дзякуючы якому з’явілася спецыяль­насць “Кітайская філалогія”, быў спецыялістам у галіне рускай мовы і літаратуры. А яго жонка ўвогуле не гаварыла па-руску. І яны не ведалі, з якога боку да нас падысці. У нас быў адзін падручнік на ўсю групу, і мы яго бясконца капіравалі. Але пры гэтым ва ўсіх было вялікае жаданне вучыць і вучыцца.

На зімовых канікулах нашы выкладчыкі паехалі ў Кітай і прывезлі новыя падручнікі, слоўнікі. Спакваля справа пайшла.

Іерогліфіка — гэта самае складанае ў кітайскай мове. Даводзіцца засвойваць вельмі шмат інфармацыі, нязвыклы спосаб напісання, новую сістэму пісьма. Але мяне гэта захапіла. Сваю дыпломную работу я пры­свяціла навучанню кітайскаму іерагліфічнаму пісьму і, калі прыйшоў час пісаць дысертацыю, зноў прадоўжыла гэтую тэму. Я практык. Штосьці прыдумаю — і адразу нясу гэта ў аўдыторыю, правяраю, як яно працуе са студэнтамі.

— Ваша кніга стала сапраўднай па­дзеяй для студэнтаў, якія выву­чаюць кітайскую мову. У чым яе адметнасць?

— Я выкарыстоўваю кагнітыўны падыход у навучанні. Вучэбны матэрыял арганізаваны ў адпаведнасці з асаблівасцямі запамінання інфармацыі. Іерогліфы захоўваюцца ў памяці не проста асобнымі малюнкамі, а аб’ядноўваюцца ў групы (мы называем іх іерагліфічнымі гнёздамі) на асно­ве аднаго з кампанентаў. Пры такім падыходзе іерогліфы лепш запамінаюцца, даўжэй захоўваюцца і лягчэй узнаў­ляюцца.

Дапаможнік складзены з улікам псіхалагічных заканамернасцей засваення, лінгвістычных асаблівасцей іеро­гліфаў. Яны аб’яднаны не толькі па графічных кампанентах, але і кампанентах, якія падказваюць гучанне іерогліфаў (мы называем гэта гука-літарным стандартам, або піньінь).

У дапаможніку адабраны мінімум іерогліфаў, прызначаных для першага года навучання. Справа ў тым, што іеро­гліфаў вельмі многа і іх адбор — гэта таксама важная работа.

— Юлія Віктараўна, беларускія студэнты прыходзяць ва ўніверсітэт, каб вывучаць кітайскую мову з нуля. Якія ў іх магчымасці? Як хутка яны могуць пачаць гаварыць, чытаць, пісаць па-кітайску?

— У мяне была студэнтка, якая вывучыла кітайскую мову за год. Праўда, дзяўчына вельмі старалася: выконвала ўсе хатнія заданні, шмат чытала і выносіла з лекцый 100% інфармацыі. Калі пасля 1 курса мы накіравалі яе на стажыроўку ў Кітай, яна здала там моўны экзамен на чацвёрты ўзровень (з шасці). Таму ўсё магчыма. Галоўнае, каб у студэнта была матывацыя.

Зараз мы дакладна ведаем, што іера­гліфічнае пісьмо — не нейкая там звышскладанасць, якую нельга аду­жаць. Раней многім здавалася, што гэта “птушыная мова”, недаступная для нас, аднак гэта не так. Патрэбны добрая методыка, правільны падыход і дысцыпліна.

Вядома, ёсць студэнты, якім кітайская мова даецца больш складана, справа ў іх ідзе марудна. Але ўсё залежыць ад намаганняў. У цэлым праз 2 гады ўсе пачынаюць гаварыць. На 2—3 курсе студэнты, як правіла, едуць на стажыроўку ў Кітай і пасля вяртання паказваюць добры моўны ўзровень.

— Раскажыце пра ваш вопыт навучання ў Кітаі.

— Я ўпершыню паехала ў Кітай пасля 1 курса і, па шчырасці, не разумела амаль нічога. Хачу сказаць, што ў 2002 годзе гэта быў зусім іншы Кітай, не такі, як зараз. На маю бялявую сяброўку ўсе паказвалі пальцамі і хацелі дакрануцца да яе валасоў. Мы быццам трапілі на іншую планету.

Вельмі хутка мы пазнаёміліся з рускамоўнымі студэнтамі, выкладчыкамі, кітайскімі студэнтамі, якія вывучалі рускую мову. Яны нам вельмі дапамагалі. Ужо праз паўгода мы свабодна размаўлялі.

Лічу, што трэба старанна вучыцца ва ўніверсітэце і мець зносіны з носьбітамі мовы — гэта дзве ўзаемадапаўняльныя рэчы. Студэнты, якія прапускаюць аўдыторныя заняткі і аддаюць перавагу вуліцы, маўляў, гэта ім больш дае ў моўным плане, многае губляюць. Дыялогі ў горадзе фарміруюць размоўныя навыкі, але ва ўніверсітэце здабываюцца іншыя веды. Таму ў навучанні павінна быць і тое, і другое.

— Юлія Віктараўна, на які мінімум іерогліфаў вы арыентуеце сваіх студэнтаў? Колькі іерогліфаў ведае, напрыклад, выпускнік кітайскага ўніверсітэта?

— Вельмі часта, асабліва на канферэнцыях, задаюць гэтае пытанне, і кітайцы называюць розныя лічбы. Напрыклад, выпускнік школы павінен ведаць каля 5 тысяч іерогліфаў, студэнт універсітэта — 8 тысяч, прафесар — яшчэ больш. Самыя поўныя слоўнікі налічваюць 86 тысяч іерогліфаў. Вядома, многія з іх ужываюцца не так часта, некаторыя выйшлі з ужытку. Таму ў студэнта-філолага мэты бязмежныя.

Цікава, што напісаць многія іерогліфы могуць не ўсе кітайцы, асабліва калі з’явіліся мабільныя тэлефоны з простым і хуткім наборам. А вось распазнаванне можа адбывацца ў тым ліку дзякуючы веданню кампанентаў іерогліфаў. Часам глядзіш на іерогліф, не разумееш, што ён азначае, але зыхо­дзячы з кампанентаў можаш здагадацца, да якой катэгорыі ён адносіцца і пра што ідзе гаворка. Па гэтай прычыне тэхнічная кітайская мова выглядае нават больш простай, чым руская.

— Праўда, што вывучэнне кітайскай мовы дысцыплінуе? Неахайна напісаная літара робіць неразборлівым слова, а неахайна напісаны іеро­гліф мяняе сэнс сказанага…

— Гэта так. Іерогліфы трэба прапісваць гадзінамі, захоўваючы даклад­насць у напісанні рыс і графем, і толькі чалавек уседлівы, старанны можа дабіцца прыгожага напісання. Таму студэнты праз пару гадоў мяняюцца. Яны па-іншаму, больш адказна, адносяцца да выканання заданняў, увогуле да працы. І нават пісьмовыя работы пачынаюць здаваць на акуратных аркушах. Праўда, ўсё гэта пры ўмове, калі падыходзяць да справы з душой.

Вывучэнне кітайскай мовы ўсебакова ўзбагачае чалавека: развівае музычны слых, вобразнасць мыслення, памяць, уяўленне. Заўсёды гавару студэнтам, што кітайская мова — гэта справа на ўсё жыццё. Калі ты ўжо прыйшоў сюды, звязаў свой лёс з гэтай мовай, то кожны дзень у цябе бу­дзе штосьці новае і цікавае. Заўсёды можна знайсці, чым сябе заняць.

— Юлія Віктараўна, фанетыка рускай мовы даецца кітайцам не вельмі добра. А наколькі моцны акцэнт у беларусаў, якія гавораць па-кітайску?

— Адметна, што нам, беларусам, кітайская мова даецца нашмат лягчэй, чым рускім. Справа ў тым, што ў нашай мове ёсць падобныя на кітайскія гукі, такія як [ч], [дж], [дз’], [ц’], і гэта вельмі дапамагае фарміраваць правільнае кітайскае вымаўленне. Праўда, тут вельмі важна яшчэ і ўлавіць тон, бо, калі не зважаць на гэта, будзе незразумела, пра што чалавек гаворыць. Тут мы рэкамендуем больш мець зносіны з носьбітамі мовы.

Зараз у Беларусі вучыцца вельмі шмат кітайцаў, працуюць выкладчыкі з Кітая. У нашых студэнтаў ёсць магчымасць стажыравацца ў гэтай краіне, таму ў іх, як правіла, даволі добрае вымаўленне. Увогуле, я лічу, што студэнтам, якія вывучаюць кітайскую мову,  пашанцавала больш за ўсіх, бо дзе знайсці ў Мін­ску столькі французаў ці англічан, каб папрактыкавацца з носьбітамі гэтых моў?! Таму кожны, хто сапраўды хоча, мае магчымасць авалодаць кітайскай мовай на вельмі добрым узроўні.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.