Мой інтэрнат — мая крэпасць

- 10:37Адукацыйныя магчымасці

Сённяшнія студэнты стараюцца паспрабаваць сябе ў розных ролях. Акрамя вучобы, займаюцца спортам, удзельнічаюць у творчых мерапрыемствах, прыдумваюць праекты, працуюць. Здаецца, што для адпачынку актыўным маладым людзям патрэбна ўдвая больш часу, асабліва калі яны жывуць у інтэрнатах. Але моладзь запэўнівае, што арганізаваны інтэрнацкі быт спрыяе іх працаздольнасці. Асабліва калі студэнт сам прыкладае да яго руку.

Вікторыя Бобр.

Я вызначалася доўга, разглядаючы розныя спецыяльнасці і факультэты. У гэтым мне дапамагалі сябры, бацькі і настаўнікі: яны расказвалі пра выпускнікоў, тлумачылі плюсы і мінусы. У выніку спынілася на сваёй спецыяльнасці, таму што тут паглыблена вывучаюцца мовы праграмавання. Ужо на першых занятках нам далі заданні, з дапамогай якіх можна практыкавацца і паляпшаць свае навыкі.

“Чацвёрка” — месца для творчасці

Першакурсніца Вікторыя Бобр вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. У сёлетнюю ўступную кампанію дзяўчына лідзіравала сярод абітурыентаў і стала студэнткай факультэта камп’ютарных сістэм і сетак (спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”). Так ажыццявілася яе мара пра паступленне ва ўніверсітэт і пераезд у сталіцу. Зараз дзяўчына — жыхарка інтэрната кватэрнага тыпу № 4 БДУІР.

У блоку дзяўчыны два пакоі, асобныя кухня і душ. З “плюшак” — асабістыя працоўныя месцы. На першым паверсе жылога корпуса — студэнцкая сталовая. Вікторыя задаволена ўмовамі і рада, што жыве ў інтэрнаце такога ўзроўню.

Жыццярадасная і вясёлая Віка паспела ўжо набыць шмат знаёмых і таварышаў. Не выключэнне — яе суседкі і студэнты з найбліжэйшых блокаў. Дзяўчаты і хлопцы часта камунікуюць, запрашаюць адно аднаго на гарбату ці фільм, дапамагаюць з наладжваннем быту і пытаннямі па вучобе.

Нядаўна дзяўчына трапіла на паэтычную вечарыну. Вікторыя ўпэўнена, што такія мерапрыемствы — гэта не толькі добрае баўленне часу, але і магчымасць для студэнтаў наблізіцца адно да аднаго. Правядзенне ўнутрыінтэрнацкіх канцэртаў дапамагае моладзі паказаць сябе і раскрывае раней невядомыя таленты. Для першакурсніцы “чацвёрка” — месца для творчасці (асабліва акумулюе творчую энергію інтэрнацкі дворык: тут нярэдка чуюцца спевы моладзі і гукі гітары).

— Бацькі хвалююцца за мяне, перажываюць і клапоцяцца пра ўсё, што звязана з маім камфортам. Мы стэлефаноўваемся штодзень. Матуля з татам давяраюць мне, ведаючы, што я самастойная і магу сябе арганізаваць. Таму стараюся размяркоўваць час, каб вучыцца, наводзіць парадак у пакоі, нешта гатаваць.

Але за плітой дзяўчына стаіць нячаста. Асноўнае меню — “студэнцкая” ежа: пельмені і смажаная бульба. Таксама “ссабойкі” перадаюць бацькі (іх зручна падаграваць). А калі нападае лянота ці стомленасць, Віка вырашае пытанне з харчаваннем, спусціўшыся ў сталовую.

Вікторыя адзначае, што правільная арганізацыя быту дапамагае студэнтам рэалізоўваць сябе, павялічвае прадукцыйнасць. Сама дзяўчына, прыехаўшы ў інтэрнат, расставіла рэчы на свой густ. Адразу з’явілася атмасфера ўтульнасці. Цяпер першакурсніца адчувае сябе тут як дома.

Алеся Сяўніцкая.

Гісторыю я люблю з маленства. Разам з бацькамі мы часта падарожнічалі па Крыме, наведвалі мясцовыя славутасці. У школе гэты прадмет быў самым любімым, і ў 9 класе я вырашыла, што буду займацца ім прафесійна.

У маёй прафесіі шмат станоўчага: ты займаешся любімай справай, працуеш з дзецьмі, заахвочваеш людзей да вывучэння гісторыі і атрымліваеш магчымасць развівацца ў навуковай дзейнасці.

Адзінае, што не мяняецца год ад году, — узаемадапамога

Алеся Сяўніцкая — студэнтка гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (спецыяльнасць “Музейная справа і ахова гісторыка­культурнай спадчыны”). Пасля чатырох гадоў жыцця ў інтэрнаце № 1 БДУ яна называе яго домам.

Зараз старшакурсніца шмат часу праводзіць на рабоце (Алеся — інжынер­праграміст у школе № 104 Мінска). Дзяўчына прызнаецца, што камунікаваць з дзецьмі не заўсёды проста, бо з імі трэба аддаваць сябе напоўніцу. Пасля працоўнага дня яна вяртаецца ў інтэрнат. Тут яе чакаюць дыстанцыйныя заняткі, пасля — падрыхтоўка да пар на наступны дзень.

Пераключыцца на хвалю адпачынку студэнтцы дапамагаюць захапленні дзяцінства — маляванне і тэатр (Алеся вучылася ў мастацкай школе і актыўнічала ў школьным драмгуртку). Як крэатыўнаму чалавеку, ёй цікава назіраць за ўсім, што звязана з творчасцю ў інтэрнаце. Тут, па словах Алесі, у пакоях чуюцца спевы ці гукі гітары, выхавальнікі часта ладзяць вечарыны і нават праводзяцца выставы работ студэнтаў.

— Дружнасць і зладжанасць залежаць ад людзей, якія жывуць у пэўным пакоі. Зразумела, што разам могуць збірацца супрацьлеглыя і супярэчлівыя характары. І такія пытанні, як, напрыклад, гашэнне святла, могуць выклікаць спрэчкі. На 1 курсе жыццё студэнта пасля засялення залежыць ад удачы — як пашанцуе. А на старшых курсах народ стараецца пазбегнуць такіх момантаў, просячы засяліць іх у пакой са знаёмымі ці сябрамі. Як правіла, жыллёва­бытавая камісія ідзе насустрач, — дзеліцца чацвёртакурсніца.

Самай вялікай вартасцю жыцця ў інтэрнаце, якае не мяняецца год ад году, Алеся лічыць узаемадапамогу паміж старшымі і малодшымі курсамі: дарослыя студэнты дапамагаюць меншым калегам афармляць пісьмовыя работы, раяць літаратуру, дзеляцца вопытам узаемадзеяння з выкладчыкамі і будучымі работадаўцамі.

Алеся жыве ў блоку, разлічаным на 7 чалавек. Тут таксама асобная кухня і санітарныя пакоі. І тое, што яны знаходзяцца ў кожным блоку і туды можна трапіць бесперашкодна і ў любы час, старшакурсніца лічыць перавагай свайго інтэрната.

— У мяне была магчымасць параўнаць нашу “адзінку” з інтэрнатам калідорнага тыпу. Там трэба займаць чаргу ў душ загадзя, але можа аказацца так, што да поўначы туды не трапіш. А пасля яго закрываюць. На агульнай кухні таксама не заўсёды ёсць месца, а халадзільнік трэба браць у арэнду. У нас з гэтым праблем няма: асабістай прасторы больш, у кухні і душы з суседкамі можна размінуцца. Калі патрэбна цішыня — ідзеш у пакой самападрыхтоўкі. І гэта, мне здаецца, значна аблягчае жыццё, — гаворыць студэнтка.

Пра рэакцыю бацькоў на тое, што дачка будзе жыць далёка ад сям’і, будучы гісторык успамінае з усмешкай: кажа, што першы час маці і тата знаходзіліся ў стане шоку. Матуля хвалявалася: “А раптам пакрыўдзяць!” Засяляючы дачку ў інтэрнат, бацькі надоўга забяспечылі яе прадуктамі.

— Як гэта бывае на 1 курсе: усё вакол пужае, амаль на кожныя выхадныя ездзіш дадому. На 2 курсе лягчэй — ужо праз тыдзень. На 3 — раз на месяц, а на апошнім ты зусім асвойваешся і дадому прыязджаеш, калі атрымліваецца, — смяецца Алеся. — У інтэрнаце людзі знаходзяць сяброў і добрых таварышаў. І мы мяняемся разам з тым, як інтэрнат становіцца нам родным: толькі заўважаеш, як з’яўляюцца новыя шторы, кветкі ў вазонах.

Адзінае, да чаго не прызвычаілася дзяўчына, — частае гатаванне. Яна гаворыць, што заўсёды захаплялася дзяўчатамі, якія нешта запякаюць у духоўцы, смажаць і нават пякуць пірагі.

— Як гэта яны так умудраюцца, думаю. Я ж спецыяліст толькі па варцы макароны і пельменяў, — жартуе студэнтка.

Уладзімір Аруцюнян.

Сваю спецыяльнасць (“Музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура”) я выбраў усвядомлена. Па-першае, таму што музыка — гэта нешта асаблівае. Па-другое, у свеце мастацтва заўсёды шануецца, калі ты не толькі майстар у сваёй справе, але ў дадатак эрудзіраваны чалавек.

Тут я адчуваю сябе як дома

Барысаўчанін Уладзімір Аруцюнян — студэнт факультэта эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. З ранняга ўзросту хлопец займаецца вакалам і ўжо неаднойчы заяўляў пра сябе на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спеўных конкурсах.

Зараз жыццё маладога чалавека разлічана пахвілінна: акрамя вучобы, ён задзейнічаны ў жыцці факультэта і ўніверсітэта. Хлопец жартуе, што ў яго шмат грандыёзных планаў на будучыню. Менавіта таму часу, праведзенага ў інтэрнаце (старшакурснік жыве ў інтэрнаце № 8 БДПУ), застаецца няшмат.

— У нас створаны ўсе ўмовы, каб адчуваць сябе камфортна. У пакоях — зручныя ложкі, у кожнага ўласны пісьмовы стол, шафа, тумбачка. Уся мэбля новая. Такі ж парадак у іншых пакоях блока. І таксама добра, што ёсць пакоі самападрыхтоўкі, дзе можна займацца больш прадукцыйна. Хіба тут можа нешта не падабацца? — гаворыць Валодзя. — Наладжанасць усяго гэтага ўплывае на нашу паспяховасць, прадукцыйнасць у розных сферах (асабліва калі чалавек хоча ўдасканальвацца). Чым лепш арганізаваны побыт, тым больш камфортна сябе адчувае студэнт. Гэта значыць, што яму прасцей адаптавацца да новых умоў. І самае галоўнае тут — цеплыня і ўтульнасць пакоя.

Будучы педагог лічыць, што інтэрнат дапамагае не толькі знайсці сяброў, але і праверыць сяброўства на трываласць. Ён перакананы, што з людзьмі, якія сустрэліся яму ў інтэрнаце, будзе падтрымліваць зносіны вельмі доўга.

— Кожны жыхар інтэрната, мне здаецца, прыкладае ўсе магчымыя намаганні, каб зрабіць уласны пакой максімальна камфортным. Я не выключэнне. Таму тут я адчуваю сябе быццам дома і інтэрнат, як дом, — мая крэпасць, — перакананы Уладзімір Аруцюнян.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва У.Аруцюняна.